25 красавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэніэл Фрыд: Пуцін развязаў сваю «расейска-японскую» вайну

6
Дэніэл Фрыд: Пуцін развязаў сваю «расейска-японскую» вайну

Расейская гісторыя паказвае, што дыктатары дрэнна заканчваюць.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў экс-каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпа ЗША, былы амерыканскі амбасадар у Польшчы, экспэрт аналітычнага цэнтра "Atlantic Council" Дэніэл Фрыд.

- Ці ёсць у Захаду воля і здольнасць забяспечваць ўкраінскае войска ў доўгатэрміновай перспектыве?

- Думаю, у Захаду ёсць воля працягваць пастаўкі зброі Украіне. Мне невядомы памер патэнцыялу аднаўлення савецкіх боепрыпасаў. Палякі зрабілі цудоўную працу, даўшы вялікую колькасць Т-72 і іншых танкаў часоў СССР. Некаторыя з іх былі пераабсталяваны і знаходзяцца ў даволі добрым стане. Думаю, што іншыя краіны былой Варшаўскай дамовы робяць тое ж самае з той жа прычыны.

Мы бачылі рашучасць Захаду працягваць падтрымліваць Украіну, выяўленую нават пасля таго, як Пуцін прыстрашыў выкарыстаць ядзерную зброю. «Вялікая сямёрка», NАТО, ЕЗ і ўрады асобных краін заявілі, што яны прадоўжаць падтрымку Кіева. Іншымі словамі, спробы Пуціна запалохаць Захад і прымусіць яго саступіць, не працуюць. Палітычная воля, безумоўна, ёсць, яе не падкасіла расейская агрэсія і пагрозы, хаця на Захадзе з гэтай нагоды вядуцца ажыўленыя дэбаты.

— Калі Расея пойдзе на гэты ядзерны варыянт, ці ёсць у запасе эканамічныя «ядзерныя» санкцыі ў адказ?

- Кароткі адказ: так, ёсць дзеянні, якія мы маглі б распачаць. Выкарыстанне ядзернай зброі прывяло б і, як я думаю, павінна прывесці да поўнага фінансавага эмбарга і да ўсёабдымнага (нават калі не абсалютна поўнага) гандлёвага эмбарга Расеі, а таксама да некаторых іншых крокаў.

Гэта не будзе лёгка, і, магчыма, будуць зроблены некаторыя выключэнні для лекаў і прадуктаў харчавання, а таксама павінен быць нейкі перыяд згортвання для пэўных відаў энэрганосьбітаў. Тым не менш, мы павінны думаць аб мерах у адказ.

Важны момант: я не з'яўляюся прыхільнікам таго, каб трымаць некаторыя эканамічныя санкцыі супраць Расеі ў рэзерве і не выкаыстоўваць іх, калі толькі не будзе ядзернага ўдару, бо гэта азначае, што мы не збіраемся ціснуць на Расею так моцна, як толькі можам. Але з практычнага пункту гледжання, мяркую, Захаду было б цяжка прыйсці да пагаднення аб поўным фінансавым і ўсёабдымным гандлёвым эмбарга, калі Расея не выкарыстае ядзернай зброі.

Эканамічны адказ не мусіць быць нашым галоўным адказам. Думаю, што ўрад ЗША (а ў мяне няма інсайдаў ці канфідэнцыйнай інфармацыі) вывучыў варыянты і абмеркаваў іх з еўрапейцамі і іншымі. Таму і былі такія моцныя заявы. Думаю, няцяжка здагадацца, хаця б і з ускосных прыкмет, што наш бок сур'ёзна настроены на моцны адказ.

Дарэчы, не думаю, што Пуцін выкарыстае ядзерную зброю. Хутчэй мяркую, ён спрабуе нас запалохаць, каб мы адмовіліся ад Украіны. Але не мае значэння, што я думаю. Калі б я быў ва ўрадзе, я б распрацоўваў планы на ўсе пазаштатныя сітуацыі, ці разглядаю я іх як рэальныя ці не.

- Як доўга Расея зможа падтрымліваць такі ўзровень выдаткаў, улічваючы маштабы гэтай вайны? Ці ёсць Крамля эканамічная «падушка бяспекі»?

- Не ведаю, як выглядаюць расейскія вайсковыя запасы. І падазраю, што гэта сакрэт, які строга ахоўваецца ў Расеі. Тым не менш, я бачыў мноства вартых даверу заходніх аналітычных нататак аб тым, што ў расейцаў заканчваюцца ўсе тыпы абсталявання. І ёсць шмат неафіцыйных сведчанняў і сведчанняў другога парадку, што гэта так.

У рэшце, гэта не павінна выклікаць здзіўлення. Войска - гэта ў пэўнай ступені адлюстраванне грамадства, палітычнай і эканамічнай сістэмы ў краіне. А ў пуцінскай палітычнай і эканамічнай сістэме зверху данізу павальны крадзеж і ўсёабдымная хлусня. Дык што ж дзіўнага ў тым, што расейскае войска абабралі, у многіх выпадках - пазбавіўшы маёмасці? Гэта спалучэнне савецкай хлусні і царскай некампетэнтнасці.

Сцэны, якія мы назіралі, калі ў толькі што набраных расейскі салдат, відавочна, няма сучаснай зброі і ежы, нагадваюць 1905 ці 1917 год.

Не хачу сказаць, што расейскае войска вычарпала свой патэнцыял. Аднак не падобна, каб у іх былі велізарныя рэзервы - яны не дзейнічаюць так, як калі б яны ў іх былі. Іх шалёныя нападкі на Украіну здаюцца хутчэй прыкметай роспачы, чым упэўненасці.

Гэта не азначае, што ўкраінская перамога непазбежная - нічога непазбежнага няма. Я не кажу, што ўкраінцы раптам зробяць такі паспяховы контрнаступ, што выганяць расейцаў з правабярэжнай Украіны. Але таксама дакладна і тое, што з пачатку вайны ўкраінскія вайскоўцы дзейнічалі лепш, чым чакалася, а расейскія вайскоўцы дзейнічалі горш, чым чакалася (калі абапірацца на чаканні заходніх экспэртаў).

- Як мабілізацыя ўплывае на расейскую эканоміку ў цэлым?

- Не ўпэўнены ў дакладнасці лічбаў, але, дапусцім, што з краіны ўцяклі некалькі сотняў тысяч маладых расейцаў у самым працаздольным узросце. Насельніцтва Расеі не такое ўжо велізарнае, колькасць маладога і самага прадуктыўнага насельніцтва не бясконцая. Такім чынам, падлічыце: гэта значная частка працаздольнага насельніцтва.

Не ведаю, якія працоўныя спецыяльнасці яны пакінулі, і якія ў гэтага будуць наступствы, але агулам, мяркуючы з паведамленняў, гэта адукаваныя людзі. Спалучэнне фінансавых санкцый, экспартнага кантролю, уцёкаў моладзі, карупцыі і, я б сказаў, рэпрэсій як агульнапрынятай нормы, тармозіць расейскую эканоміку. І гэтае запаволенне, мяркую, будзе падобна да таго, што мы назіралі ў познесавецкай эканоміцы. Я не прагназую таго, што расейская эканоміка абрынецца - лічбы пра гэта не сведчаць. Але яны сведчаць аб усеагульным зніжэнні - гэтаму ёсць мноства довадаў.

Пуцінізм ужо не выглядае павевам будучыні. Пуцін і іншыя казалі пра сваю аўтарытарную мадэль таксама, як фашысты казалі ў 1930-х гадах: павевы будучыні супраць дэкадэнцкіх слабых і заблытаных дэмакратый. Што ж, мы ведаем, чым гэта абярнулася: дрэнна для ўсіх і горш за ўсё - для фашыстаў. Але я спадзяюся пазбегнуць усеагульнай вайны.

- Рэжым Лукашэнкі з'яўляецца суагрэсарам ва Украіне нараўне з Расеяй. Ці павінен быць парытэт у санкцыйным ціску на абодвух: агрэсара і суагрэсара?

- Калі б я быў ва ўрадзе на сваёй старой пасадзе каардынатара ў санкцыях, я б рыхтаваў набор санкцый супраць Беларусі на выпадак, калі яны ўступяць у вайну больш прамым чынам. Рэжым ужо вінаваты: ён дазволіў расейцам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць суседа.

Ці ўвойдзе ва Украіну беларускае войска і пачне баявыя дзеянні? Думаю, Лукашэнка хацеў бы гэтага пазбегнуць. Не думаю, што такая вайна была б папулярнай у Беларусі, мякка кажучы. Тым не менш, мяркую, што нават калі шанцы на тое, што Лукашэнка далучыцца да пуцінскай вайны малыя, мы павінны рыхтавацца да санкцый і даваць яму зразумець, што будзе санкцыйны ўдар. Канешне, мы павінны рабіць гэта ў каардынацыі з Еўрапейскім Звязам і з асобнымі дзяржавамі-чальцамі, якія лепш ведаюць сітуацыю.

- Вы згадалі, што расейская эканоміка наўрад ці абрынецца так, як гэта здарылася з эканомікай СССР. Але ці паўплывае гэтая вайна на кіраванне Пуціна? Як вы бачыце скон Пуціна?

- Прагнозы небяспечныя, а таксама часцей за ўсё дурныя. Але дакладна тое, што дыктатары, якія развязалі войны, у якіх не могуць перамагчы, часта заканчваюць дрэнна - такая расейская гісторыя. Гэта не Другая сусветная вайна. Гэта больш падобна да расейска-японскай вайны ці можа дайсці да чагосьці такога (сапраўды мы не ведаем).

Думаю, памылкай было б меркаваць, што ў Расеі ёсць сталасць (гэта можа здарыцца - Пуцін знаходзіцца ва ўладзе 22 гады), але калі вы паглядзіце на апошнія 40 гадоў расейскай гісторыі, яна адзначана перарывістасцю: ад Брэжнева да Гарбачова, ад Гарбачова да Ельцына, распад Савецкага Саюза, ад Ельцына да Пуціна - гэта вялізныя разрывы.

Сістэма Пуціна знаходзіцца пад ціскам: яна пачала вайну, у якой не можа перамагчы ці, прынамсі, ёсць бачнасць, што яна не ў стане перамагчы. Эканамічны ціск, міжнародная ізаляцыя, забойствы маладых расейскіх мужчын (часам праз пару тыдняў пасля мабілізацыі) - гэта не падобна да формулы поспеху.

Не бяруся прадказаць скон Пуціна - хто ведае. Змена рэжыму не з'яўляецца не палітыкай ЗША і не павінна быць палітыкай ЗША. Змена рэжыму можа быць бонусам, але яна не павінна быць палітыкай. Даводзіцца зыходзіць з таго, што нейкі час мы будзем мець справу з Пуціным. Нам гэта не павінна падабацца (усё адно, што нам падабаецца).

Але мы ні ў якім разе не павінны выкарыстоўваць магчымую рэальнасць панавання Пуціна, як падстава для таго, каб адмовіцца ад Украіны. Шмат хто на Захадзе, у тым ліку, на жаль, у маёй уласнай краіне, сцвярджаюць, што «мы павінны проста дазволіць Пуціну захапіць украінскую тэрыторыю, таму што Украіна не можа перамагчы ў гэтай вайне», як яны кажуць, таму што Украіна, на іх думку, таго не варта. Гэтыя людзі лічаць Расею вялікай дзяржавай і прымяняюць да вялікай дзяржавы асаблівыя правілы. Яны называюць гэта «рэалізмам», але я думаю, што гэта пакланенне перад сілай. Ва ўсякім разе, гэта нават не прызнанне сілавых рэалій, бо сілавыя рэаліі такія, што Украіна перамагае на полі бою, а Расея не.

Не ведаю, чым скончыцца вайна, адміністрацыя Байдэна мудра не адмаўлялася ад перамоў. Я таксама не адмаўляюся, але я не люблю перамовы з пазіцыі слабасці ці на ўмовах Пуціна. Калі будуць перамовы, няхай яны будуць на нашых умовах.

Мой калега сказаў: «Калі Расея прапануе спыненне агню, Украіна павінна пагадзіцца і дадаць: «Мы пагодзімся на спыненне агню… на той час, пакуль вы адступаеце».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках