20 красавiка 2024, Субота, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байцы «Хартыі»: У УСУ ёсць ключ да вызвалення акупаваных тэрыторый

2
Байцы «Хартыі»: У УСУ ёсць ключ да вызвалення акупаваных тэрыторый

Як пасыпаўся расейскі фронт на Харкаўшчыне.

У Чэхаславаччыне «Хартыя 77» аб'яднала дысідэнтаў і прывяла да перамогі «Аксамітнай рэвалюцыі». У Польшчы «Хартыя» («KARTA») стала адказам на ваеннае становішча, уведзенае камуністычнымі ўладамі ў 1981 годзе. У Беларусі - дала старт шырокай палітычнай кампаніі і незалежнаму сайту «Хартыя-97».

Ва Украіне, якая змагаецца з расейскімі акупантамі, таксама з’явілася свая «Хартыя».

Сайт Charter97.org пагаварыў з байцамі гэтага добраахвотніцкага падраздзялення, якое бярэ актыўны ўдзел у вызваленне Харкаўскай вобласці Украіны.

На пытанні нашага сайта адказалі добраахвотнікі «Хартыі» Рома «Француз» і прэс-афіцэр добраахвотніцкага падраздзялення Ілля.

- Раскажыце, як з'явілася ваша падраздзяленне, хто ў ім служыць?

Рома «Француз»: Пачнём з нашага камандзіра Усевалада Кажамякі, вельмі вядомы ў Харкаве чалавек, мільянер. Да вайны ён быў за мяжой у Аўстрыі. Калі пачаліся актыўныя баявыя дзеянні - ён, як і я (Рома «Француз» - былы баец Французскага Інтэрнацыянальнага легіёна, які ў пачатку вайны вярнуўся ва Украіну - рэд.), як і многія іншыя ўкраінцы, вярнуўся ў Харкаў, дзе заснаваў ДФТГ (Дабравольнае фармаванне тэрытарыяльных грамад ва Украіне - рэд.).

У нас у войску ёсць УСУ і дабрабаты, наша падраздзяленне з'яўляецца якраз добраахвотніцкім. Калі пачалася вайна, наш камандзір прыехаў у Харкаў і стварыў дабрабат, які называецца зараз «Хартыя». З нагоды нашых байцоў - гэта матываваныя ваяры, якія хочуць абараняць горад Харкаў, Харкаўскую вобласць і агулам усю Украіну.

БАЙЦЫ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ.

Ілля: Хацеў бы дадаць наконт дабрабатаў. Ключавое адрозненне рэгулярных частак Украіны ад так званых дабрабатаў у адсутнасці фінансавання і грашовага забеспячэння для асабовага складу і забеспячэння ўсім неабходным, гэта значыць формай і ежай. Таксама гэта ўся медыцына, аўто, бензін, дроны, розная электроніка. Дзяржава забяспечвае дабрабаты зброяй. Існуе адрозненне ў форме кантракта. Калі чалавек паступае на службу ва Узброеныя сілы Украіны, ён не можа сысці, дэмабілізавацца на сваё жаданне. Дабрабаты дзякуючы асаблівасцям юрыдычнага кантракту не выключаюць такой магчымасці, але ніхто нікуды звычайна не сыходзіць. Калі нехта кудысьці і перамяшчаецца, то гэта альбо ў рэгулярныя часткі, альбо ў іншыя дабрабаты. У кожнага свая сітуацыя. Гэта такія ключавыя асаблівасці.

Ну і адпаведна дабрабаты самі павінны шукаць для сябе фінансаванне і забеспячэнне. У гэтым нам дапамагае наш камандзір, як сказаў Рома, вядомы ўкраінскі аграбізнэсовец, мільянер. У яго ёсць сябры бізнэсоўцы, вядомыя харкаўскія мецэнаты, такімі агульнымі намаганнямі наш батальён забяспечваецца. Наконт сярэдняга партрэта Рома правільна сказаў, што гэта матываваныя людзі, яны самі выбралі гэты шлях. У нас ёсць зусім рознага ўзросту людзі: ёсць маладыя ва ўзросце 20-24 гадоў, ёсць людзі, якім за 30, ёсць людзі значна старэйшыя. Як менавіта яны будуць скарыстаныя ў дабрабаце, залежыць у першую чаргу ад узроўню іх фізічнай падрыхтоўкі, а таксама ад ведаў і досведу.

БАЙЦЫ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ.

Рома «Француз»: У нашым падраздзяленні ёсць людзі, якім ад 18 да 60 гадоў, усе яны вельмі розныя. Ёсць бізнсоўцы, ёсць настаўнікі, ёсць былыя вайскоўцы ці паліцыянты, ёсць графічныя дызайнеры, фітнэс-трэнеры. Ёсць нават музыкі, напрыклад - «Моцарт», які быў дырэктарам музычнай школы, але з пачаткам вайны пайшоў абараняць Украіну.

- А адкуль узялася назва вашага батальёна, як вы яго выбіралі?

Ілля: Калі фармаваўся наш батальён, у першую чаргу да нас ішлі харкаўцы, матываваныя мясцовыя жыхары. Таму мы ў першую чаргу асацыюем сябе з Харкаўшчынай, са Слабажаншчынай, таму гэта і закладзена ў нашай назве. Саму назву прыдумаў вядомы ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан. Гэта сябар нашага камандзіра, ён вельмі шмат нам дапамагае як сваімі зборамі, так і культурным прасоўваннем нашага падраздзялення. Гэта была ягоная ідэя, наш камандзір патэлефанаваў яму і паведаміў, што ствараецца такое падраздзяленне, на што Сяргей літаральна адразу прапанаваў назву «Хартыя».

БАЙЦЫ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ.

- Харкаў з першых дзён вайны стаў адной з галоўных цэляў Пуціна. Чаму для яго такі важны гэты горад?

Рома «Француз»: Ён быў другой сталіцай Украіны, гэты горад вельмі развіты культурна, тут шмат заводаў, усё гэта паўплывала на важнасць гэтага горада.

Ілля: Мне падаецца, што ў свядомасці расейскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва ёсць дакладная ўстаноўка, што Харкаў нібыта іх горад. Чамусьці яны адчуваюць такое дамаганне да нашага горада, нашых людзей. Калі ўзгадаць 2014-ы год, тут у тым ліку былі рознага кшталту рухі цела для стварэння так званай Харкаўскай народнай рэспублікі, але гэта ўсё не мела поспеу, таму што нашы спецслужбы тады дастаткова добра спрацавалі. Менавіта тады можна было разумець, што ў вайскова-палітычным полі кіраўніцтва Расеі ёсць нейкія планы на Харкаў, магчыма, у сілу іхняй веры ў тое, што ў нас тут такая «вельмі расейская культура», але гэта не з’яўляецца праўдай. Магчыма, адыграла сваю ролю блізкасць да мяжы, якая палягчае вядзенне баявых дзеянняў на Харкаўшчыне.

- Пуцін спадзяваўся, што яго войска будуць сустракаць з кветкамі. Як напраўду украінцы сустракалі расейскіх акупантаў у Харкаўскай вобласці?

Рома «Француз»: Іх сустракалі са зброяй у руках, аўтаматамі і гранатамётамі, ніхто не быў рады іх прыходу.

Ілля: Калі казаць пра штурм Харкава, непасрэдна самога горада, то ён быў зроблены вельмі малалікімі сіламі, літаральна некалькі «Тыграў», некалькі БТР-аў, якія былі знішчаны на падыходзе. Таксама можна адзначыць працу так званых ДРГ. Адзін чалавек, які стаяў на блокпосце ў сакавіку-красавіку, расказваў, што праязджала машына з ДРГ, іх спынілі і спыталі, хто яны і адкуль. Тыя адказалі: «Сялянам ежу вязём». Іх адразу і павязалі. Поўнае неразуменне таго, што адбываецца, нават да смешнага даходзіць.

БАЙЦЫ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ.

- Вы ўдзельнічалі ў проста фенаменальным контрнаступе УСУ, у ходзе якога была вызваленая Харкаўская вобласць. У якіх баях брала ўдзел ваша падраздзяленне?

Рома «Француз»: У нас была пэўная мяжа, якую мы трымалі. Адна з нашых задач была зачыстка населеных пунктаў і выхад да дзяржаўнай мяжы. Калі нашы байцы прасоўваліся да мяжы, яны былі ў шоку. Было шмат вёсак, якія проста сцёртыя з твару зямлі, на гэта было жахліва глядзець. А мірныя жыхары былі вельмі радыя бачыць нашых хлопцаў, вызваліцеляў, бачыць украінскі сцяг.

ВЫЗВАЛЕНАЯ ВЁСКА ПІТОМНІК.
ВЫЗВАЛЕНАЯ ВЁСКА ПІТОМНІК.

Ілля: Першай баявой задачай «Хартыі» на пачатку красавіка была зачыстка ці як зараз гэта называецца «меры для стабілізацыі сітуацыі» ў вёсцы Руская Лазавая, гэта прыкладна за 7-8 кіламетраў ад Харкава. Тады быў такі невялікі контрнаступ, падчас якога ўдалося адсунуць расейскія войскі ад горада. Нашы пяхотныя ўзводы зайшлі ў Рускую Лазавую, была праведзеная зачыстка, наша пяхота заняла гэтае сяло. Фактычна - гэта была наша зона адказнасці на фронце. На працягу ўсіх гэтых месяцаў да маштабнага контрнаступу УСУ нашы пяхотныя падраздзяленні трымалі там абарону, а наша падраздзяленне аэравыведкі займалася непасрэдна выведкай з паветра і карэктаваннем артылерыі так званых сумежнікаў, гэта значыць нашай 127-й брыгады, часткай якой мы з'яўляемся, а таксама частак Нацыянальнай гвардыі. У дабрабатаў звычайна няма «Хаймарсаў», няма М777, чагосьці такога вялікага і цяжкага. Але мы дапамагаем у карэкціроўцы агню іншых брыгад. У контрнаступе мы таксама прымалі актыўны ўдзел.

На тых межах, якія ўкраінскае войска дасягнула пасля красавіцкага невялікага контрнаступу, большасць людзей не чакала такога поспеху УСУ. Калі паглядзець на Харкаўскую вобласць, за тымі войскамі, якія стаялі на гэтых рубяжах, у Рускай Лазавой, Вялікіх Праходах, Ліпцах, быў суцэльны рускі тыл, гэта значыць захопленая ўкраінская тэрыторыя і не так далёка расейская Белгарадская вобласць. Не было ідэй, якім чынам такі маштабны тыл, такую маштабную эшаланаваную абарону, можна было неяк адсоўваць. Яны маглі адыходзіць на 100 метраў, на 200, але гаворка ідзе пра вялікую колькасць кіламетраў нашай зямлі, якія неабходна вызваліць.

Потым адбылася Ізюмска-Балаклейская наступальная аперацыя, калі зайшлі да расейцаў на флангі. Напэўна, з-за цэнтралізацыі расейскага войска войскі, якія доўгі час знаходзіліся на нашых тэрыторыях, не атрымлівалі загадаў. А расейскае войска, калі не атрымлівае загадаў, не ведае, што рабіць. У іх няма дэцэнтралізаванага прыняцця пастаноў, калі камандзіры на месцах могуць прымаць самі пастановы і мець за іх адказнасць. Калі расейцы перасталі атрымліваць загады і пачалі разумець, што адбываецца нешта нядобрае на іх флангах, неяк фронт і пасыпаўся.

Задача ўкраінскага войска рабіць так, каб такім чынам вызваляць нашы часова акупаваныя тэрыторыі, заходзіць з флангаў, не ўступаць у нейкія адкрытыя гарадскія баі. Расейцы будуць уцякаць, калі не будуць разумець, што хоча ад іх вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва. Гэта ключ да вызвалення часова акупаваных украінскіх земляў.

- Што вы ўбачылі ў вызваленых ад акупацыі населеных пунктах Харкаўскай вобласці?

Рома «Француз»: Людзям даводзілася вельмі цяжка падчас акупацыі, яны былі вельмі радыя бачыць нашых байцоў, сваіх вызваліцеляў. У нас у Youtube ёсць відэа, як мы падышлі да мяжы з Расеяй, як наш камандзір зняў расейскі сцяг, выкінуў яго і падняў украінскі.

АКОПЫ І НАЗІРАЛЬНЫ ПУНКТ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯ.

Ілля: Напраўду, настроі на дэакупаваных тэрыторыях розныя. Вядома, у большасці сваёй - гэта праўкраінскі настроеныя грамадзяне, якія, як сказаў Рома, рады былі нам, са слязамі на вачах выходзілі нас сустракаць. Безумоўна, ёсць і людзі, якія былі ці працягваюць быць настроены прарасейскімі, але такіх людзей вельмі мала. Спадзяюся, што з часам да іх прыйдзе поўнае разуменне таго, што адбываецца.

ТВАРЫ РАСЕЙСКІХ КАМАНДЗІРАЎ НА ХАРКАЎШЧЫНЕ.

- Мы размаўляем у дні, калі Лукашэнка спрабуе ўцягнуць Беларусь у паўнавартасную вайну супраць Украіны. Што б вы сказалі беларусам, якіх жадаюць адправіць ваяваць супраць украінцаў?

Рома «Француз»: Гэта не іх вайна, беларусам трэба апамятацца, выступаць супраць вайны і ні ў якім разе не ісці супраць Украіны, бо тут іх чакае толькі смерць. Калі Лукашэнка абвесціць мабілізацыю і пачне адкрытую вайну, то людзі, якія будуць ваяваць супраць нас, будуць нематываваныя, а ў баі загіне шмат беларусаў.

Ілля: У самым пачатку актыўных баявых дзеянняў расейскія войскі заходзілі з боку Беларусі, да гэтага часу па Украіне запускаюцца ракеты і беспілотнікі. Лукашэнка ўжо так ці інакш удзельнічае ў вайне, проста пакуль яшчэ не ўвёў свае рэгулярныя ці мабілізаваныя войскі. Некалькі дзён таму было паведамленне, што нібыта пайшла ўжо нейкая прыхаваная мабілізацыя.

Думаю, што ўступленне ці неўступленне беларускага войска ў вайну наўпрост залежыць ад поспехаў украінскага войска. Таму што з прычыны нізкай баяздольнасці, нізкага ўзроўню падрыхтоўкі асабовага складу і адсутнасці матывацыі, беларускае войска можа быць толькі дапаможнай часткай наступу расейскіх войскаў. І калі расейскія войскі адступаюць, мне падаецца малаверагодным уступленне беларускага войска ў вайну.

Нядаўна экспэрты казалі, што той масавы ракетны абстрэл павінен быў адзначыць новы наступ, у тым ліку - з беларускага боку. Але нягледзячы на тое, што некаторыя ракеты дасягнулі цэлі, знішчылі аб'екты, забілі людзей, стратэгічных вынікаў гэта не прынесла. Энэргааб'екты, па якіх расейскі бок трапляў, яны аднаўляюцца ці ўжо адноўленыя. Мне падаецца, што калі беларусы не хочуць уступлення свайго войска ў вайну, то яны павінны, як мінімум, маральна дапамагаць украінскаму войску.

А калі гаворка ідзе пра нейкія сапраўдныя дзеянні, а не проста маральную падтрымку, дык трэба рабіць тое, чым беларусы і беларускія партызаны займаліся ў сакавіку-красавіку. Гэта знішчэнне чыгункі, усялякая перашкода выкананню злачынных загадаў і ў выніку - ажыццяўленне такой дзейнасці, якая робіць немагчымым або крайнім нязручным наступ з беларускай зямлі на Украіну.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках