24 красавiка 2024, Серада, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Лаўтман: Спецслужбы могуць ліквідаваць Пуціна

23
Вольга Лаўтман: Спецслужбы могуць ліквідаваць Пуціна
ВОЛЬГА ЛАЎТМАН

Асяроддзе кіраўніка Крамля разумее, што ён вядзе іх пад адхон.

Старшая навуковая супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Вольга Лаўтман у інтэрв'ю сайту Charter97.org выказала меркаванне, што абвешчаная Пуціным мабілізацыя запусціла зваротны адлік ягонага кіравання.

- У чым прычына стварэння супольна расейска-беларускай групоўцы войскаў? Якая меркаваная мэта?

- Думаю, што мэта Лукашэнкі - публічна паказаць сваю лаяльнасць Пуціну, бо на гэты момант у кіраўніка Крамля ўсё менш сяброў і вельмі мала людзей на ягоным баку (паглядзіце, што адбываецца ў Казахстане, Таджыкістане). Гэта нешта накшталт заявы Захаду аб тым, што Лукашэнка і ягоны рэжым на баку Пуціна.

Ці будзе ў гэтага практычны вынік? Дакладна не. Магчыма, яны створаць публічна некалькі невялікіх падраздзяленняў, каб прадэманстраваць падтрымку, але на гэтым усё. Я думаю, гэта проста для шоў. Не думаю, што тут ёсць нейкая лагістычная каштоўнасць. Гэта не зменіць траекторыю вайны і не дапаможа Расеі ваяваць.

Перакананая, калі б Лукашэнка аддаў загад аб поўнамаштабным уварванні беларускага войска (а я не думаю, што гэта калі-небудзь адбудзецца), то яму прыйшоў бы гамон: беларусы проста перайшлі б на іншы бок, яны перасеклі б мяжу і дапамагалі б украінцам.

Беларусы нічога не маюць супраць Украіны. Яны не хочуць ваяваць з Украінай. Гэта ім зусім непатрэбна. У іх нулявая матывацыя. Паміж беларускім народам і ўкраінскім народам няма варожасці. Падчас акцый пратэсту ў Беларусі Украіна з радасцю адчыніла свае дзверы, дапамагла прыехаць беларускім актывістам і журналістам.

- Такім чынам, для чаго патрэбная супольная расейска-беларуская вайсковая групоўка? Для адцягнення украінцаў?

- Думаю, каб адцягнуць украінцаў. Украіна выдатна ўсведамляе, што на мяжы з Беларуссю з лета вялася падрыхтоўка і што Пуцін ціснуў на Лукашэнку, каб той увёў войскі. Калі пачнецца стварэнне рэальнай пагрозы на беларуска-ўкраінскай мяжы, то гэта часова адцягне ўкраінцаў на назіранне за гэтай мяжой і патэнцыйна на яе абарону.

Думаю, цяпер 90% таго, што яны робяць, не мае сэнсу: усё для паказухі і адцягнення ўвагі, каб мы губляліся ў здагадках.

Калі паглядзець на прапаганду, якая сыходзіць з Крамля: іх крамлёўскія шоў, сацыяльныя сеткі - у ёй няма сэнсу. Гэта для таго, каб адвесці ўвагу ад таго, што адбываецца, каб расейцы не думалі пра страты, пра тое, што выяўляецца, што іх войска - не войска (калі пачынаюць выдзіраць людзей з турмаў, то гэта не войска). А таксама для таго, каб адвесці ўвагу ад хаосу ўнутры Расеі - у часы Савецкага Саюза немагчыма было сабе ўявіць, каб нешта падобнае адбывалася публічна: вайскоўцы спрачаюцца з Прыгожыным, а Дзярждума ставіць пад сумнеў дзеянні вайскоўцаў.

У дачыненнях урада, вайскоўцаў, спецслужбаў такі хаос, што яны ўважалі б за лешпае, каб мы казалі пра нейкую дзіўную аб'яднаную групоўку войскаў, а не пра тое, што адбываецца. А адбываецца тое, што Украіна вядзе выдатны контрнаступ, кожны дзень адваёўваючы ўсё больш сваёй тэрыторыі, а таксама мае магчымасць і будзе працягваць адваёўваць і астатнюю тэрыторыю, акупаваную Расеяй з 2014 года, у тым ліку Крым.

- Якая самая вялікая непасрэдная пагроза з боку Расеі на сённяшні дзень?

- Думаю, што па-ранейшаму самая вялікая пагроза з боку Расеі (гэта не змянілася) - выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Украіны, таму што гэта павінна прымусіць Захад нейкім чынам дзейнічаць. Яны проста не змогуць праігнараваць нешта падобнае на еўрапейскай зямлі.

Так што, думаю, у гэтым ёсць самая вялікая пагроза. Пуцін стары, яму няма чаго страчваць. Ён можа лёгка аддаць загад. І тады ўсё зводзіцца да выканаўцаў: ці выканаюць яны загад або скажуць: "Ведаеце што, не". На гэты момант ніхто не зможа прадказаць, што будзе праз усе іх гэтыя ўнутраныя спрэчкі паміж дзяржструктурамі.

Апроч гэтага, яны могуць ладзіць дыверсіі, каб падарваць інфраструктуру ў Еўропе, дзе яны могуць стварыць праўдападобнае алібі.

Вельмі сумняваюся, што расейцы хочуць ісці ваяваць з NАТО (з Польшчай ці з кімсьці яшчэ) - яны нават не могуць даць рады войску Украіны.

- Як вы думаеце, чаму Пуцін не абвясціў поўную мабілізацыю на абарону «Расеі-матухны»? Чаму ён абраў частковую мабілізацыю?

- Думаю, на яго моцна ціснулі знутры, бо контрнаступ з боку Украіны быў такім хуткім і такім моцным. Напраўду, у яго няма варыянтаў, акрамя мабілізацыі ці тактычнага ядзернага ўдару. Абодва гэтыя варыянты нічога не зменяць на полі бою. Калі Украіна, напрыклад, зазнае абмежаваны ядзерны ўдар на ўсходзе ці поўдні, украінцы не збіраюцца здаваць сваю краіну. Калі ўжо на тое пайшло, гэта надасць ім больш рашучасці працягваць, кажучы: "Бачыце, вось чаму мы ваюем, гэта пагроза, з якой мы сутыкаемся".

Тое ж самае і з мабілізацыяй. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Я казала раней: “У тую хвіліну, калі Пуцін падпіша загад аб мабілізацыі, вы можаце пачаць зваротны адлік да яго канца”, — і гэта тое, што адбываецца. Ён стварае ў краіне такую паніку і такія ўмовы, падобныя да тэрору, што людзі баяцца карыстацца маскоўскім метро, адкуль іх могуць выдраць на мабілізацыю.

У іх абсалютна няма падрыхтоўкі. Бракуе рыштунку, бракуе зброі, бракуе ежы. На адным вядомым відэа (я праверыла, яно было праўдай) нядаўна мабілізаваным людзям распавядаюць, што яны павінны папрасіць у сваіх маці і жонак тампоны, каб затыкаць кулявыя адтуліны, таму што ў іх няма ніякага абсталявання для першай медыцынскай дапамогі.

Такім чынам, ён проста вывозіць людзей з Расеі ва Украіну на забой.

- Вы думаеце, што, абвясціўшы мабілізацыю, Пуцін пачаў зваротны адлік да свайго канца?

- Так, вядома. Расейцаў не надта хвалюе, што іх армія ці краіна робіць за мяжой. Расея чыніла зверствы ў Чачэніі, Грузіі, Сірыі, Украіне, і, як правіла, ёсць жменька неабыякавых, але пераважная большасць краіны занятая сабой. Але як толькі стукаюцца ў іх дзверы, яны пачынаюць дзейнічаць. Назіраецца хаос у кожным рэгіёне: гараць вайсковыя камісарыяты, ва Усць-Ілімску чалавек зайшоў у вайсковы камісарыят і застрэліў камісара, у Санкт-Пецярбургу хаос, у Маскве хаос - мабілізацыя так выглядаць не павінна.

Я бачыла, як мабілізаваны праграміст са «Сбербанка», які ніколі не трымаў у руках зброі, сказаў: «Ну, мабыць, пайду». Якая ад гэтага карысць? Адпраўка вялікай колькасці ненавучаных людзей, у якіх няма належнага абсталявання, не дапаможа. Гэта не стратэгія.

Не бачу, што б гэта неяк змяніла сітуацыю, акрамя прывядзення ў лютасць расейцаў унутры краіны.

- Як выглядае магчымы канец Пуціна? Поўны сыход з Украіны і часовае ўтрыманне ўлады? Трагічны, драматычны канец у стылі Кадафі? Куды ўсё гэта ідзе?

- Для Украіны канец - гэта калі расейскае войска, усё да аднаго, пакінуць акупаваную тэрыторыю. Украінцы не спыняцца, пакуль не вернуць Крым, Данбас і ўсю сваю тэрыторыю. Вось які будзе канец. Нягледзячы на тое, што многія на Захадзе ў апошнія некалькі тыдняў усё гучней заклікаюць да перамоў, украінцы адваёўваюць усё больш тэрыторый і не збіраюцца садзіцца за стол перамоў.

З іншага боку, у выніку кантралююць Расею спецслужбы. У нейкі момант яны могуць стаміцца ад Пуціна, бо ён вядзе іх пад адхон. Ліквідацыя можа прыйсці знутры. І калі гэта адбудзецца, то - нягледзячы на тое, што шмат хто кажа, што ёсць шмат людзей горшых, чым Пуцін - упэўненая, што з такімі цяжкімі стратамі, якія маюць месца быць, калі пуцінскі рэжым заўтра абрынецца, вайна спыніцца.

Ці знікне доўгатэрміновая пагроза? Не. Але часова вайна спыніцца, таму што ім трэба будзе прадумаць усю кароткатэрміновую лагістыку і, магчыма, нават паспрабаваць зноў заваяваць добразычлівасць Захаду, адступіўшы, пайшоўшы на саступкі і звальваючы ўсё на пуцінскі рэжым.

- Пуцін гадамі адбіраў сілавікоў, вельмі лаяльных, і імавернасць перавароту знутры здаецца даволі нізкай?

- І так, і не, бо, калі паглядзець на савецкую і расейскую гісторыю, усе лаяльныя да таго моманту, пакуль не перастаюць быць лаяльнымі. Гэта вельмі жорсткая краіна. Многае там заснавана на выжыванні. У адну хвіліну алігарх карыстаецца прыхільнасцю Пуціна, у наступную хвіліну яго саджаюць у турму, а яго актывы канфіскуюць паводле абвінавачання ў нейкім забойстве 1990-х гадоў.

Гэта такое паранаідальнае грамадства, яно родам з Савецкага Саюза - нічога не змянілася. Думаеце, Шайгу, Герасімаў і ўсё астатняе вышэйшае кіраўніцтва не разумеюць, што Пуцін можа ліквідаваць іх гэтак жа хутка, як і ўсіх астатніх, нягледзячы на іх лаяльнасць, толькі за няўдачу гэтай аперацыі?

У краіне няма сапраўднай лаяльнасці. Калі ў кагосьці ўлада і поўны кантроль, людзі да яго імкнуцца, але тады ён саступае і робіць шмат памылак (немагчыма нанесці Расіі большую шкоду, чым нанёс ён, нават для свайго найбліжэйшага атачэння) - людзі схільныя да змены пункту гледжання.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках