19 красавiка 2024, Пятніца, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ёахім Храптовіч: Што вядома пра апошняга канцлера Вялікага княства Літоўскага?

Ёахім Храптовіч: Што вядома пра апошняга канцлера Вялікага княства Літоўскага?
ЁАХІМ ХРАПТОВІЧ

Ураджэнец Баранавіцкага раёна зрабіў імклівую і бліскучую кар'еру.

4 студзеня 1729 года нарадзіўся Ёахім Храптовіч, апошні канцлер Вялікага княства Літоўскага, філосаф, паэт і публіцыст, піша planetabelarus.by.

Ёахім Ігнат Літавор Храптовіч з'явіўся на свет у маёнтку Ясянец (цяперашні Баранавіцкі раён). Атрымаў бліскучую адукацыю, у тым ліку ў Віленскай акадэміі.

Зрабіў імклівую і бліскучую кар'еру: З 1765 года маршалак літоўскага трыбунала, падканцлер літоўскі з 1773 года. Узначальваў дыпламатычныя місіі ў Парыжы і Вене. Адзін са стваральнікаў і цягам двух дзясяцігоддзяў чалец Адукацыйнай камісіі (установы кіраўніцтва народнай асветай). Кіраваў дэпартаментам акадэміі і школ Літвы. З 1780 - кіраўнік каралеўскай групоўкі магнатаў і шляхты ў Літве. З 1791 міністр замежных спраў. З 1793 года канцлер літоўскі.

У канцы XVIII стагоддзі заснаваў у Варшаве «Таварыства сяброў навукі».

Акрамя таго, заявіў сябе ў якасці паэта і з'яўляецца аўтарам вершаў на польскай мове «Гімн да прыгажосці», «Дуб і трыснёг», «Пра каханне», «Адказ Храптовіча Карпінскаму», «Храналогія роду Храптовічаў», артыкулы «Паэзія» ды іншых.

Ёахім Храптовіч стаў заснавальнікам найбуйнейшай прыватнай бібліятэкі ва Усходняй Еўропе ў XVIII – пачатку ХХ ст. Яна размяшчалася на другім паверсе палаца, пабудаванага паводле праекту італійскіх архітэктараў Джузэпэ Сака і Карла Спампані, у радавым маёнтку графаў Храптовічаў у мястэчку Шчорсах (цяпер Навагрудскі раён). Збор уключаў рэдкія нават для таго часу выданні і налічваў, на думку даследчыкаў, больш за 15 тысяч экзэмпляраў кніг і дакументаў.

Чытачамі бібліятэкі ў розныя гады былі астраном Міхаіл Пачобут, гісторыкі Ігнат Даніловіч, Ёахім Лялевель, паэты Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля, а функцыі бібліятэкараў выконвалі паэты Ян Чачот і М. Вольскі.

У 1913 годзе дзеля захаванасці нашчадкі перадалі кнігі ў кіеўскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра (цяпер Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі), дзе яны знаходзяцца і па цяперашні час.

Акрамя таго, апошні канцлер ВКЛ выявіўся таленавітым эканамістам. У сваіх радавых маёнтках Шчорсах (Навагрудскі павет) і Вішнева (Ашмянскі павет) замяніў паншчыну чыншам. Пабудаваў у Шчорсах палац, школу, уніяцкую царкву.

У маёнтку выраблялі цэглу, дрэнажныя трубы, касцяную муку для ўгнаення глебы; тут працавалі бровар, маслабойню, вадзяную лесапілку і тры млыны. Муку з гэтых месцаў купцы адпраўлялі ў расейскія гарады. Тут збіралі небывалыя ўраджаі збажыны, была наладжаная жывёлагадоўля, створаная каскадная сістэма сажалак, у якіх разводзілі рыбу, выраблялі сыр, піва і хлеб.

Рэформы Храптовіча і ягоную дзейнасць даследчыкі разглядалі як асветніцкі гуманізм і адначасова ўтапізм. Так ці інакш, але сяляне ў ягоных маёнтках жылі значна лепш, чым у іншых месцах, і гэта гаворыць аб многім.

Ёахім Храптовіч памёр 4 сакавіка 1812 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках