29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы, якія затрымаліся ў аэрапорце Стамбула, распавялі, як гэта было

Беларусы, якія затрымаліся ў аэрапорце Стамбула, распавялі, як гэта было

Нашы суайчыннікі два дні знаходзіліся ў аэрапорце.

У канцы мінулага тыдня турэцкі Стамбул і яго наваколлі накрыў моцны снегапад, які працягваўся некалькі дзён. Праз снежныя заносы быў паралізаваны рух на дарогах, рэйсы ў аэрапорце скасавалі. Сотні людзей, сярод якіх былі і беларусы, затрымаліся ў будынку аэравакзала. Нашы землякі распавялі Zerkalo.io аб тым, што адбывалася ў аэрапорце.

«Снег пайшоў такі, што нічога не было відаць вакол»

На мінулым тыдні мянчук Сяргей (імя змененае. — Заўв.) з двума сябрамі адпачываў у Турцыі. У Беларусь прыяцелі павінны былі вылятаць у панядзелак, 24 студзеня, а 13.20 рэйсам «Белавія». Калі яны ехалі ў аэрапорт, пачаў ісці невялікі снег.

- Прайшлі пашпартны кантроль, расселіся ў самалёце, але тут капітан аб'яўляе, што вылет затрымліваецца на паўгадзіны - чакаем дазволу. У выніку прасядзелі ў самалёце дзве гадзіны. Праз ілюмінатар назіралі, што снег пайшоў так моцна, што нічога ўжо не было відаць, - успамінае хлопец.

Усе людзі змушаныя былі вярнуцца ў аэрапорт. Там яны даведаліся, што на Стамбул абрынуўся небывалы снегапад, усе рэйсы скасавалі. Што рабіць у такой сітуацыі, беларусы не ведалі. Яны чакалі, што рашэнне прыме «Белавія» ці аэрапорт.

- Хтосьці сам выклікаў таксі і з'ехаў у гатэль. Самыя першыя плацілі за паездку яшчэ больш-менш нармальную суму - блізу 60 даляраў, яшчэ 50-60 даляраў сыходзіла на нумар у гатэлі.

Кампанія Сяргея засталася ў тэрмінале. Праз некалькі гадзін з навін яны даведаліся, што снег засыпаў дарогі каля аэрапорта так, што па іх не могуць праехаць аўтамабілі - захрасаюць у гурбах, людзі выходзяць з салона і працягваюць шлях пешшу.

- Разам з намі ў тэрмінале знаходзіўся і экіпаж самалёта. Мы пыталіся ў прадстаўніка «Белавія» ў аэрапорце: «Што нам рабіць?». Але жанчына нічога не магла растлумачыць. Нам заставалася толькі чакаць.

Хлопец кажа, што ў тэрмінале В, дзе яны знаходзіліся, людзей было не вельмі шмат. Але сядзячых месцаў на ўсіх не ставала, таму людзі размяшчаліся проста на падлозе з мяккім пакрыццём, хаваліся пад пледамі, у каго яны былі. Затое ў цэнтры аэрапорта быў гармідар: на рэйсы прыбывалі новыя людзі, а тыя, якія ўжо павінны былі паляцець, усё яшчэ знаходзіліся на месцы. Сітуацыя настолькі абвастрылася, што ў аэрапорце пачалі пратэставаць турысты.

«На ежу выдаткавалі 100 еўра на траіх»

- Праз некаторы час «Белавія» арганізавала раздачу ежы для пасажыраў. Нам давалі курыныя сэндвічы і ваду, ёгурт, суп, бабы і рыс. Але мы яшчэ куплялі сабе ежу, на траіх на гэта пайшло амаль 100 еўра.

Праблема была і з інтэрнэтам: у аэрапорце ён платны. Каб купіць пакет, трэба было адстаяць велізарную чаргу ў тэрмінал. Пры гэтым на аднаго чалавека падключэнне каштавала восем еўраў, а ўключыць раздачу сувязі на іншыя гаджэты было нельга.

- На наступны дзень, а 17.00, нам абвясцілі, што ўмовы надвор'я ўсё яшчэ не для палётаў, таму нас перавозяць у гатэль. Тут узнікла праблема ў тых, хто купляў тавары ў Duty Free (а такіх людзей было вельмі шмат) — іх трэба было вярнуць. Праз гэта таксама была мітусня і затрымка.

Сяргей адзначыў, што гатэль, у які іх даставілі, быў вельмі добры - «пяць зорак і ўсе ўмовы».

На наступны дзень пасажырам рэйса ў Менск аб'явілі, што яны паляцяць дадому - надвор'е аднавілася. А 14.00 іх даставілі ў аэрапорт, на 17.00 прызначылі рэгістрацыю на рэйс, а вылет - на 19.00.

- Але вылет перанеслі спачатку на гадзіну. Потым высветлілася, што а 20.00 па нас толькі вылецеў самалёт з Менска. Мы чакалі, калі ён сядзе і выруліць у тое месца, дзе могуць сесці пасажыры. Гэта была праблема, бо самалётаў было вельмі шмат: аэрапорт вялікі, людзей назбіралася шмат і ўсіх трэба забраць.

Самалёт у Менск вылецеў апоўначы 27 студзеня. Але затое ён быў вялікі і здолеў забраць пасажыраў адразу з двух рэйсаў.

- У Менску мы былі а чацвёртай раніцы. Затрымка склала 58 гадзін. Канешне, стаміліся. Магчыма, «Белавія» магла б і крыху раней зрэагаваць на сітуацыю і перавезці людзей у гатэль. Хоць, хто ведае, магчыма зрабіць гэта было немагчыма - дарогі ўсе былі заснежаныя.

«Таксісты прапаноўвалі адвезці нас за 100-200 даляраў, а трансфер каштаваў 50»

Яшчэ адна наша зямлячка, Юлія, разам з дзіцем прыляцела ў Стамбул у панядзелак, 24 студзеня. Жанчына дабіралася з Менска ў Адэсу, а турэцкі аэрапорт быў перасадачным пунктам.

- Калі мы прызямляліся ў Стамбуле, ужо быў вецер і невялікі снег. У аэрапорце я даведалася, што рэйс у Адэсу скасавалі, зрэшты, усе астатнія таксама. Нам прапанавалі памяняць квіткі на наступную раніцу, мы так і зрабілі, - успамінае жанчына.

Беларуска мела намер з'ехаць у гатэль, але выявілася, што дарога заблакіраваная праз снежныя заносы, таму ім нічога больш не заставалася, як толькі сядзець у аэрапорце.

- Людзей было шмат, кагосьці адпраўлялі ў гатэль у аэрапорт, але там хутка скончыліся месцы. І гэтыя месцы былі для тых хто ляцеў Turki sh Airlines, мы куплялі квіткі ў «Белавія», таму нам у прынцыпе ніяк не дапамагалі.

Юлія расказала, што ў аэрапорце людзі спалі ўсюды: на падлозе, на крэслах, у туалетах. Супрацоўнікі аэрапорта раздавалі пледы і ваду. Для дзяцей прапаноўвалі пюрэ ў слоічках і падгузнікі.

- На наступную раніцу наш рэйс таксама скасавалі. Дарогу адкрылі толькі а 14.00, і мы паспрабавалі з'ехаць. Таксісты ў аэрапорце называлі цану на перавозку 100-200 даляраў. У выніку выклікалі трансфер з гатэля за 50 даляраў.

У Стамбуле таксама немагчыма было прайсці па вуліцах, чысцілі толькі дарогі для праезду аўтамабіляў, таму беларусы сядзелі ў гатэлі. Уначы яны даведаліся, што рэйс на 8.00 26 студзеня таксама скасавалі, а новы запланавалі на 14.00. Гэтым рэйсам нашым суайчыннікам і ўдалося паляцець.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках