25 красавiка 2024, Чацвер, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Клопія і Дняпровія нападаюць на Рэспубліку Палессе

22
Клопія і Дняпровія нападаюць на Рэспубліку Палессе

Што будзе на вайсковых вучэннях у Беларусі?

У Мінабароны Беларусі раскрылі некаторыя дэталі вучэнняў у лютым «Саюзная рашучасць», піша the-village.me.

Тэма вучэнняў – «спыненне і адбіццё замежнай агрэсіі супраць саюзнай дзяржавы».

Як звычайна, «нашы» будуць ваяваць супраць «не нашых».

«Нашы» называюцца «Паўночныя»: гэта альянс з дзвюх краін - Рэспублікі Палессе і Паўночнай Федэрацыі.

Супраціўнік будзе называцца «Заходнія». Ён складаецца з так званай «кааліцыі зацікаўленых дзяржаў», у якую ўваходзяць краіны Нярыс, Паморыя і Клопія.

Словам «Нярыс» у Літве называюць раку Вілія. «Паморыя» па гучанні вельмі падобна да «Памор'е» - гэта гістарычная вобласць на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора ў Польшчы. Пры гэтым краіна Нярыс на карце вучэнняў знаходзіцца якраз на паўночны захад ад Беларусі (там, дзе напраўду знаходзіцца Літва), Паморыя — на захадзе (якраз там, дзе Польшча). Краіна Клопія на карце намаляваная на поўдзень і паўднёвы захад ад Беларусі, - да 1939 года гэтая тэрыторыя таксама ўваходзіла ў склад Польшчы.

На паўднёвым усходзе ад Беларусі намаляваная краіна Дняпроўя - выразны намёк на Украіну, праз усю тэрыторыю якой працякае Дняпро.

Зыходзячы са схемы вучэнняў, па Рэспубліцы Палессе нанясуць адначасова некалькі ўдараў: два напрамкі атакі з боку Нярыса, адзін - з Паморыі, адзін - з Клопіі і два - з боку Дняпровіі, якая ў кааліцыю Нярыса, Паморыі і Клопіі не ўваходзіць, але таксама надумала напасці на Палессе.

Усё павінна разгортвацца паводле такога сцэнару:

Галоўнай прычынай абвастрэння абстаноўкі з'яўляецца імкненне «Заходніх» дэстабілізаваць сітуацыю на тэрыторыі Рэспублікі Палессе, змяніць яе палітычнае кіраўніцтва, дабіцца ліквідацыі саюзнай дзяржавы ў інтарэсах далейшага паслаблення Паўночнай Федэрацыі. Пасля таго як «Заходнім» не ўдалося ініцыяваць унутраны канфлікт, яны распачалі рэалізацыю найбольш радыкальных мераў: «выкарыстоўваючы падкантрольныя тэрарыстычныя арганізацыі і апазіцыю, справакавалі ўзброены канфлікт з суседняй з саюзнай дзяржавай Рэспублікай Дняпровіяй». Затым пад маркай правядзення міратворчай аперацыі «Заходнія» ўводзяць свае войскі на тэрыторыю Рэспублікі Палессе і ўстанаўліваюць кантроль над шэрагам яе заходніх абласцей.

На вучэннях «Захад-2021», якія праходзілі ў верасні 2021 года, выкарыстоўвалі падобную задуму і назвы краін.

Тады «Паўночныя» складаліся з Рэспублікі Палессе і Цэнтральнай Федэрацыі, а «Заходнія» - з дзяржаў Няніс, Памор'е і Палярная Рэспубліка. Пры гэтым «Заходнія» нібыта імкнуліся змяніць кіраўніцтва Рэспублікі Палессе і далучыць яе заходнія вобласці да Няніс.

Нагадаем, на вучэннях 2017 года на Беларусь і Расею напалі тры ўмоўныя краіны: Весбарыя, Лубенія і Вейшнорыя. Пасля гэтага Вейшнорыя стала значным культурным феноменам: з'явіліся карты на вейшнорскай мове, грошы, пашпарты, артыкул у Вікіпедыі і гэтак далей.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках