29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасажыры, якія захраслі ў аэрапорце Стамбула, зладзілі дэманстрацыю

Пасажыры, якія захраслі ў аэрапорце Стамбула, зладзілі дэманстрацыю

Самалёты не вылятаюць ужо другі дзень.

24 студзеня Міжнародны аэрапорт Стамбула - адзін з першых па колькасці пасажыраў у Еўропе - быў вымушаны прыпыніць усе рэйсы праз анамальны снегапад. Самалёты не вылятаюць ужо другі дзень, а турысты не могуць пакінуць паветраную гавань і засяліцца ў гатэлі, піша «Новая газета».

Снежная заслона

Іван Л., які напярэдадні ляцеў у Маскву з Заграба з перасадкай у Стамбуле, падзяліўся з «Новай» дэталямі таго, што адбываецца ў турэцкім аэрапорце. Са слоў Івана, яго самалёт доўга не мог прызямліцца ў Стамбуле, і праз гэта ён спазніўся на рэйс у Маскву і застаўся чакаць наступнага.

Неўзабаве высветлілася, што і новы рэйс у сталіцу не адправіцца - праз снег. У выніку расейцаў вярнулі ў аэрапорт і прапанавалі чакаць. Справа ўскладнялася тым, што ўсе мясцовыя гатэлі на той момант былі запоўненыя, і магчымасці пераначаваць у камфортных умовах ужо не было. Выехаць у горад таксама было нельга: на трасе здарылася аварыя, і яе перакрылі як мінімум да раніцы.

«Толькі што даведаўся, што наш начны рэйс зноў адмянілі, буду мяняць квіток чацвёрты раз, не ведаю, калі выберуся. Авіякампаніі не прапаноўвалі размяшчэнне ў гатэлях, толькі выдавалі ваўчары ў рэстараны фастфуду. Таксама ў аэрапорце раздавалі бясплатную ежу - гарачыя абеды. Цяпер дарогі ўжо адкрыты, але размяшчэнне ў гатэлі з трансферам дагэтуль атрымаць нельга, прычыны мне пакуль невядомыя», - распавёў Іван.

Пры гэтым, паводле інфармацыі Reuters, некаторыя дарогі Стамбула ўсё яшчэ перакрыты. Камунальныя службы горада не спраўляюцца з наступствамі снегападу.

«Спыніце здзек з расейцаў»

Напярэдадні пасажыры расейскай авіякампаніі «Победа» пасля прызямлення ў Стамбуле правялі ў самалёце больш за сем гадзін праз тое, што да яго было немагчыма падагнаць трап. У сваёй заяве прадстаўнікі авіяперавозчыка запатрабавалі ад адміністрацыі турэцкага аэрапорта «спыніць здзек з расейцаў». Праз некалькі гадзін у твітэры аэрапорта з'явілася паведамленне аб тым, што ўсіх пасажыраў эвакуіравалі з самалётаў.

Са слоў прэс-сакратаркі авіякампаніі Алены Селіванавай, у «стэрыльнай» зоне аэрапорта цяпер чакаюць вылету 370 кліентаў «Победы». Яна дадала, што праз перакрытыя дарогі няма магчымасці вывезці іх у гатэлі.

Блогер Аляксандр Рахманаў у інстаграме распавядае, што падчас яго палёту авіякампаніяй «Победа» да Стамбула рэйс перанакіравалі ў іншы турэцкі горад - Бодрум.

Са слоў Рахманава, ён не мог пакінуць аэрапорт Бодрума некалькі гадзін. У тэрмінале не працавала ацяпленне, і большасць крам былі зачыненыя, удакладняе блогер. Пасля працяглага чакання авіякампанія арганізавала пасажырам рэйса трансфер і пражыванне ў гатэлі.

Пасажырскі бунт

Толькі сёння адменена больш за 200 рэйсаў з аэрапорта Стамбула, час заўтрашніх вылетаў таксама перанесены на нявызначаны час, вынікае са звестак анлайн-табло.

Праз дзень, праведзены на тэрыторыі аэрапорта без магчымасці яе пакінуць, пасажыры арганізавалі дэманстрацыю. Яны хадзілі па будынку тэрмінала і скандавалі словы «We need hotel!», такім чынам патрабуючы даць ім магчымасць камфортна размясціцца ў гатэлі на час чакання рэйсаў. Некаторыя карыстальнікі сацсетак паведамляюць, што да месца дэманстрацыі сцягнулася паліцыя.

«Пасажыры прайшлі натоўпам па аэрапорце да стойкі інфармацыі Turkish Airlines, патрабуючы размясціць іх у гатэлях. Пасля гэтага супрацоўнікі пакінулі стойку авіякампаніі», - распавёў суразмоўца «Новай».

Са слоў Івана, праз памер аэрапорта яго залы не выглядаюць перапоўненымі, але перад стойкамі на замену квіткоў усё ж збіраюцца «велізарныя чэргі». Сам ён прастаяў у такой чарзе блізу дзвюх гадзін, некаторыя чакалі і па пяць.

«Вядома ж, перапоўнены ўсе гатэлі, лаўнжы, зоны адпачынку і чаканні ўнутры аэрапорта, многія спалі на падлозе», - дадаў ён.

Іншыя пасажыры, якія захраснулі ў аэрапорце, таксама дзеляцца ўражаннямі ад сітуацыі ў сацсетках. Некаторыя сем'і і кампаніі сяброў вымушаны чакаць рэйсаў паасобку, бо іх падзялілі на пашпартным кантролі. Тыя, хто ўжо прайшлі праверку дакументаў, застаюцца ў асобнай зоне аэрапорта.

Апошні раз Міжнародны аэрапорт Стамбула закрываўся цалкам у 2019 годзе для пераносу пасажырскіх рэйсаў са старой паветранай гавані, аэрапорта імя Атацюрка. Бягучую забарону на прылёт і вылет плануецца зняць сёння апоўначы.

Снегапад абрынуўся на Турцыю ў панядзелак, 24 студзеня. Найбольш пацярпелі паўночна-заходнія правінцыі. У шэрагу раёнаў у сярэднім выпала ўжо да 20-30 см ападкаў, у Анталіі снег выпаў упершыню за 29 гадоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках