29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Пуцін заплаціць разбурэннем бізнэсу «Газпрома»

3
The Economist: Пуцін заплаціць разбурэннем бізнэсу «Газпрома»
Фота: ТАСС

Калі Расея перакрые газ Еўропе, больш пацерпіць яна сама.

Расея ўжо не раз выкарыстоўвала экспарт газу ў якасці інструмента ціску, як ва Украіну, так і на іншыя краіны. Напрыклад, у снежні «Газпром» справакаваў значны рост коштаў газу, перастаўшы рэзерваваць перапампоўванне па газаправодзе Ямал-Еўропа.

Аднак, паводле інфармацыі The Economist, калі Расея наважыцца цалкам перакрыць пастаўкі газу ў Еўропу, найбольшыя страты панясе яна сама, адзначае «Новое время».

Выданне прыходзіць да высновы, што, калі Уладзімір Пуцін зноў уварвецца ва Украіну, а Захад ударыць па Расеі санкцыямі, Расея, у адрозненне ад СССР, можа сабе дазволіць перакрыць усе трубаправоды, па якіх расейскі газ ідзе на Захад. Калі гэта адбудзецца, у кароткатэрміновай перспектыве Еўропа сутыкнецца з фінансавымі і лагістычнымі цяжкасцямі, але ў доўгатэрміновай перспектыве Расея пацерпіць мацней.

Чаму СССР не мог спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, а Расея можа

Прафесар паліталогіі Джорджтаўнаўскага ўніверсітэта Тэйн Густафсан, які напісаў кнігу Klimat, адзначае, што нават у разгар халоднай вайны Савецкі Саюз не спыняў экспарт газу. А ў 2009 годзе Расея перакрыла экспарт газу толькі праз Украіну, і гэта прадаўжалася нядоўга. Аднак, у адрозненне ад лідараў СССР, расейскі прэзідэнт можа цяпер дазволіць сабе кароткачасовы энэргетычны шок.

Джэймэ Конча, намеснік рэдактара выдання Energy Intelligence мяркуе, што, калі не прымаць у разлік штрафы, спыненне падачы газу ў Еўропу каштавацьме «Газпрому» ад $203 да $228 мільёнаў на дзень у выглядзе выпушчанай выгады. Калі б такое эмбарга прадоўжылася тры месяцы (а ўплыў Пуціна слабее вясной, калі попыт на газ падае ўсяго да 60% ад студзеньскага), упушчаныя даходы ад продажаў склалі б блізу $20 мільярдаў.

Страты такога памеру разбурылі б эканоміку СССР, але ў рэзервах цэнтральнага банка Расеі цяпер блізу $600 мільярдаў, і яна лёгка вытрымае такі ўдар.

Акрамя таго, пагроза расейскага ўварвання ва Украіну выклікала рост коштаў газу і нафты (большая частка даходаў РФ ад энэрганосьбітаў прыпадае на нафту, а не на газ). Згодна з прагнозам банка JPMorgan Chase, калі вайны не будзе, праз падвышэнне коштаў «Газпром» атрымае больш за $90 мільярдаў валавага аперацыйнага прыбытку сёлета ў параўнанні з $20 мільярдамі ў 2019 годзе.

Якія краіны Еўропы мацней за ўсё пацерпяць, калі Расея імкліва спыніць экспарт газу

У артыкуле Economist сцвярджаецца, што, калі Расея перакрые транзіт газу толькі праз Украіну, як у 2009 годзе, Еўропа з гэтым справіцца. На думку банка Citigroup, «Газпром» ужо скараціў перапампоўванне газу праз Украіну ўдвая ў параўнанні з мінулым годам і да чацвёртай часткі ў параўнанні з узроўнем 2019 года.

У выпадку поўнага спынення экспарту газу з Расеі, гэта мацней за ўсё адчуюць у Славаччыне, Аўстрыі і некаторых частках Італіі, мяркуе Дэвід Віктар з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега. Сярод буйных краін найболей уразлівай у выпадку такога развіцця падзей з'яўляецца Нямеччына. Яна «мацней, чым гэта неабходна» залежыць ад прыроднага газу праз імкненне вывесці з эксплуатацыі свае вугальныя электрастанцыі, каб не забруджваць навакольнае асяроддзе і «неабдуманую пастанову, прынятую пасля катастрофы на Фукусіме ў Японіі, заўчасна закрыць свае атамныя электрастанцыі».

На долю прыроднага газу прыпадае блізу чвэрці спажыванай у Нямеччыне энэргіі і больш за палову гэтага газу пастаўляе Расея.

Што дапамагло Еўропе стаць больш устойлівай да шантажу Расеі

Еўрапейскія і амерыканскія дыпламаты спрабуюць забяспечыць павелічэнне вытворчасці звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), які пастаўляецца ў Еўропу буйнымі энэргетычнымі кампаніямі з Амерыкі і Катару. Аднак, на думку Майкла Стопарда з даследчай фірмы IHS Markit, свабодных вытворчых магутнасцяў за межамі Расеі мала.

Тым не менш, энэргетычная сістэма Еўропы стала больш устойлівай, чым падчас крызісу 2009 года, мяркуе Андрэас Гольдтаў з Эрфурцкага ўніверсітэта ў Патсдаме.

Захады ў падтрымку канкурэнцыі (напрыклад, забарона на «пункты прызначэння», якія забараняюць перапродаж газу) аслабілі кантроль «Газпрому». Густая сетка газатранспартных сетак цяпер звязвае раней ізаляваныя краіны.

Яшчэ адна добрая навіна - буйныя інвестыцыі ў аб'екты рэгазіфікацыі па ўсёй Еўропе азначаюць, што ў рэгіёне шмат свабодных магутнасцяў. Паводле ацэнак Citigroup, пры гістарычных каэфіцыентах выкарыстання гэтых аб'ектаў, якія працуюць на 50% ці менш магутнасці, рэгіён тэарэтычна можа забяспечыць дастатковую магутнасць, каб замяніць амаль дзве траціны імпарту расейскага трубаправоднага газу. Такім чынам, абмежавальным фактарам з'яўляюцца не магутнасці па рэгазіфікацыі, а наяўныя запасы ЗПГ. Паколькі для пашырэння новых вытворчых і экспартных магутнасцяў патрабуецца шмат часу, Еўропе лепш за ўсё спадзявацца на атрыманне існых грузаў ЗПГ, першапачаткова прызначаных для іншых краін.

Са слоў аднаго інвестара, падчас нядаўняга энэргетычнага крызісу, калі кошты ў Еўропе падскочылі ўтрая ў перыяд з кастрычніка да снежня мінулага года, «цэлая армада ЗПГ» адправілася ў Еўропу - грузы, прызначаныя для Азіі, былі перанакіраваныя. Гэта кампенсавала зніжэнне імпарту расейскага газу. Такая сітуацыя можа паўтарыцца - кітайскія дзяржаўныя энэргетычныя кампаніі, якія імкнуцца атрымаць хуткі прыбытак ад высокіх коштаў газу ў Еўропе, плануюць прадаць дзясяткі партый ЗПГ.

Са слоў Масіма Ды Одаардо з кансалтынгавай кампаніі Wood Mackenzie, паколькі шлях з Амерыкі ў Еўропу карацейшы, чым шлях у Азію, танкеры з ЗПГ могуць здзяйсняць больш рэйсаў, што дасць прыкладна 10% дадатковых экспартных магутнасцяў для Еўропы. Агулам, на ягоную думку, дадатковы ЗПГ можа папоўніць 15 адсоткаў дэфіцыту, які ўзнікне ў выніку поўнага спынення экспарту газу Расеяй.

Устойлівасці Еўропы будзе садзейнічаць таксама газ, назапашаны ў сховішчах. Праз суровую леташнюю зіму і нежаданне «Газпрома» запаўняць падкантрольныя яму сховішчы ў Еўропе, аб'ёмы захоўвання газу выявіліся ніжэйшымі за пяцігадовую норму.

Але, паводле разлікаў даследчай кампанія ў галіне энэргетыкі Rystad, калі надвор'е гэтай зімой будзе нармальным, да вясны ў сховішчах застанецца дастаткова газу, каб кампенсаваць двухмесячную страту расейскага экспарту. На думку некаторых аналітыкаў, лішак можа кампенсаваць нават чатыры месяцы спынення паставак. Аднак рэзкае пахаладанне можа прывесці да хуткага скарачэння гэтых запасаў.

Economist адзначае, што ў Еўропы таксама ёсць «сакрэтная зброя». Ды Одаардо паказвае на яе велізарныя запасы «буфернага газу». З тэхнічных прычын і меркаванняў бяспекі рэгулятары намагаюць на тым, каб у сховішчах, такіх як саляныя пячоры і ваданосныя гарызонты, захоўвалася велізарная колькасць газу, які звычайна недаступны для рэалізацыі на рынку. Аналітыкі Wood Mackenzie мяркуюць, што да дзясятай яго часткі можна выкарыстоўваць без праблем. Калі б рэгулятары далі дазвол, як гэта магло б быць ва ўмовах выкліканага вайной крызісу, такі аб'ём газу адпавядаў бы больш чым месячнаму аб'ёму расейскага імпарту.

Еўропа заплаціць за крызіс грашыма, а Пуцін - разбурэннем бізнэсу «Газпрома»

Са слоў Майкла Стопарда, экспарт расейскага газу ў Еўропу цяпер складае блізу 230 млн кубаметраў на дзень. Запас рэгазіфікацыйных магутнасцей можа скласці блізу 50 млн кубаметраў за дзень. Узмацненне ролі вугальнай і ядзернай энэргетыкі, напрыклад, за кошт перазапуску нядаўна закансерваваных электрастанцый або павелічэння каэфіцыента нагрузкі на малавыкарыстоўваныя, можа дадаць яшчэ 40 млн кубаметраў на дзень. Застаецца недабор у памеры 140 млн кубаметраў за дзень. Паводле падлікаў Стопарда, калі надвор'е застанецца нармальным, то аб'ёмы газу ў сховішчах (без уліку буфернага газу) кампенсуюць астатнія 140 млн кубаметраў за дзень цягам чатырох з паловай месяцаў.

«Гэта цэнавы крызіс, а не крызіс фізічнай прапановы», – рэзюмуе ён.

Гэта значыць, Еўропа пацерпіць, калі Расея перакрые газ, але гэтая цана будзе выплачаная з гаманца, а не фізічнымі пакутамі. Выдаткі будуць павялічвацца, прадказвае Джонатан Элкінд з Калумбійскага ўніверсітэта, бо «сітуацыя ў Еўропе пачынаецца не са спакою, а з рынку, які знаходзіцца на мяжы».

Энэргетычныя рынкі кантынента толькі што перажылі коштавы шок у пачатку зімы, і далягляды коштаў усіх энэрганосьбітаў несуцяшальныя. JPMorgan Chase прагназуе, што нават калі Расея сёлета не адключыць газ, Еўропа выдаткуе на энэргію блізу $1 трлн у параўнанні з $500 млрд у 2019 годзе. Калі Еўропе давядзецца выкарыстоўваць газ са сховішчаў, каб кампенсаваць спыненне яго імпарту з Расеі, яна будзе вымушана выдаткаваць яшчэ больш улетку на аднаўленне рэзерваў, каб пазбегнуць крызісу ў наступную зіму.

Гэта непрыемная перспектыва. Але ў доўгатэрміновай перспектыве Расея заплаціць вялікую цану. Адна крыніца ў галіне адзначае, што «Газпром», магчыма, сутыкнецца з «масавымі» камерцыйнымі наступствамі, пачынаючы са штрафаў, якія падлягаюць выплаце кліентам, і заканчваючы спыненнем паступлення даляраў у Расею ў якасці аплаты кантрактаў.

«Газпрому» стане цяжка ўкласці якія-небудзь доўгатэрміновыя кантракты ў Еўропе пасля дэманстрацыі такой агрэсіўнай ненадзейнасці. І газаправод «Паўночны струмень - 2», які так песціцца Пуціным, напэўна пойдзе прахам.

Спыненне паставак газу можа нават пераканаць Кітай, які цяпер асцярожна імпартуе больш расейскага газу, у тым, што яго даўнія асцярогі наконт надзейнасці расейскага газу цалкам абгрунтаваныя.

Са слоў Віктара, такое нахабнае выкарыстанне энэргетычнай зброі, магчыма, прымусіць Еўропу прыкладаць значна больш намаганняў, каб скараціць сваю залежнасць ад расейскага экспарту газу «не столькі таму, што ён ненадзейны, колькі таму, што прыбыткі…гэта тое, што спансуе дрэнныя паводзіны Расеі».

Густафсан выказаўся лаканічна: «Калі б Пуцін хацеў разбурыць бізнэс «Газпрома» ў Еўропе, ён не змог бы зрабіць гэта найлепш».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках