25 красавiка 2024, Чацвер, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чакае Крэмль і Лукашэнку, калі яны надумаюць уварвацца ва Украіну?

67
Што чакае Крэмль і Лукашэнку, калі яны надумаюць уварвацца ва Украіну?
ЮРЫЙ БУТУСАЎ
ФотА: RFE/RL

Украінскі экспэрт ацаніў наступствы для дыктатараў.

Крэмль сабраў вакол украінскіх межаў вялізную вайсковую групоўку і перакінуў самыя сучасныя наступальныя ўзбраенні, ад танкаў да «Іскандэраў». Расея праводзіць беспрэцэдэнтную аперацыю перакідкі войск у Беларусь. Лукашэнка таксама заявіў, што рыхтуецца да вайны. Ці можа Беларусь быць скарыстана Крамлём для нападу на Украіну? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў украінскі журналіст, галоўны рэдактар сайта "Цэнзор.нет" Юрый Бутусаў.

- Безумоўна Беларусь плануецца для выкарыстання для нападу на Украіну. Задача мінімум у Лукашэнкі - адцягнуць ўкраінскія войскі для прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, расцягнуць нашы рэзервы, нашы сілы. Задача максімум - выканаць ролю такога плацдарма для абмежаваных баявых дзеянняў ужо непасрэдна на тэрыторыі Украіны.

- А ці ёсць імавернасць таго, што беларускія войскі будуць задзейнічаныя ў нападзе?

- Думаю, наўрад ці гэта цяпер разглядаецца. Але, ведама, праз нейкі час выключыць гэтага нельга, безумоўна.

- Ці ёсць ва ўкраінцаў разуменне, што агрэсія зыходзіць не з боку беларускага народа, а з боку дыктатара Лукашэнкі?

- Думаю, што цяпер Лукашэнка з'яўляецца проста выканаўцам пастаноў Пуціна. Бо калі ён не будзе дапамагаць Пуціну змагацца з Украінай, спрабаваць прыдушыць свабоду Украіны, то Крэмль не будзе дапамагаць яму душыць свабоду Беларусі. Два дыктатары, два ўзурпатары ўлады павязаныя адзін з адным і крывёй і агульнымі інтарэсамі. Гэта саюз па няволі. Таму Лукашэнка будзе рабіць тое, што скажа Пуцін. Я думаю, ён будзе пазбягаць максімальна, каб самому ўмешвацца, але Крэмль мае магчымасць яго прымусіць. Таму казаць пра тое, што Лукашэнка будзе бараніць інтарэсы беларускага народа і не дазволіць уцягнуць у вайну, вельмі наіўна, такога не будзе. Калі яго Пуцін прымусіць, дык ён зробіць усё, што яму сказалі.

- Вы шмат пісалі аб паветраным мосце NATO і пастаўках зброі ва Украіну. Растлумачце для людзей, якія далёкія ад вайсковай сферы, у чым важнасць гэтага сігналу і якую зброю зараз атрымлівае Украіна?

- Украіна цяпер атрымлівае сістэмы высокадакладнай зброі, якую можна выкарыстоўваць у гарадскіх баях. Яе можна выкарыстоўваць пасля вельмі кароткага цыкла падрыхтоўкі, усё гэта можа быць выкарыстана адразу. Гэта супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin - адная з самых сучасных сістэм узбраення пяхоты, якая ёсць на ўзбраенні ЗША і многіх іншых краін свету. Гэта супрацьтанкавыя гранатамёты NLAW, якія ёсць на ўзбраенні ўзброеных сіл Вялікабрытаніі, Швэцыі, перадавых у вайсковым плане краін свету.

Гэта значыць усё гэта тыпы простай у эксплуатацыі высокадакладнай і сучаснай зброі. Аналагаў такой зброі ў расейскага войска, у расейскай пяхоты няма. Расейская пяхота ўзброеная зброяй другога пакалення, а гэтая высокадакладная зброя трэцяга пакалення, паводле тэхналогіі «стрэліў і забыўся». Безумоўна, насычэнне такой зброяй войскаў дае вялікія перавагі на полі бою. І гэта вельмі важная зброя для Украіны, таму што ва Украіне мясцовасць дастаткова шчыльна ўрбанізаваная, гэта значыць вялікая колькасць пабудоў, населеныя пункты буйныя. Таму такая зброя аптымізаваная якраз пад баявыя дзеянні ў гэтых населеных пунктах.

Паветраны мост NATO дае нам важную гарантыю, дазваляе нам разлічваць на працяг гэтых паставак падчас вайны. NATO гэта спецыяльна дэманструе, што пастаўкі ідуць штодня. І ў выпадку пачатку актыўных баявых дзеянняў яны будуць проста павялічаныя. Гэта значыць, што Украіне не варта баяцца, што ў нас скончацца боепрыпасы. Для працягу ўзброенага супраціву Украіна атрымае рэсурсы дзяржаў NATO, гэта значыць практычна невычэрпныя запасы боепрыпасаў. Натуральна, гэта мае найважнейшае значэнне для нашай абароннай стратэгіі, гэта дае нам значную перавагу ў вайне. Калі вайна стане працяглай, то мы не застанёмся без падтрымкі.

- Экспэрты адзначаюць, што Украіна атрымала ў тым ліку і «Стынгеры», якія шмат у чым паўплывалі на зыход вайны ў Афганістане ў 80-х гадах. Як гэта ўплывае на расклад сіл?

- Мы пакуль атрымалі толькі заяву аб пастаўцы «Стынгёраў». «Стынгеры» паступяць на ўзбраенне, я думаю, найбліжэйшым часам. Яны павінны паступіць ад краін Балтыі. Гэтая зброя адыграла адную з найважнейшых роляў у Афганістане. Цяпер мы не можам сказаць, што «Стынгеры» цалкам могуць развязаць усе задачы створаныя з паветра. Але яны значна змяншаюць магчымасць баявога выкарыстання расейскай авіяцыі, гелікаптэраў, змяншаюць эфектыўнасць ужывання гэтых тыппаў узбраення. І, вядома, мы дзякуючы гэтаму зможам значна больш эфектыўна супраціўляцца.

- Ва Украіны таксама ёсць турэцкі беспілотнік Bayraktar, што добра зарэкамендаваў сябе ў вайне ў Нагорным Карабаху.

- Мы купілі ўжо не менш за 12 беспілотнікаў Bayraktar з боекамплектам, з кіраванымі ракетамі, бомбамі. Выкарыстанне беспілотнікаў Bayraktar мае ў сучаснай вайне вельмі важнае значэнне дзякуючы, уласна кажучы, нават не іх ударнаму ўзбраенню, а дзякуючы перш за ўсё цудоўнай оптыкалакацыйнай станцыі фірмы L3 Harris. Канадска-амерыканская оптыкалакацыйная станцыя забяспечвае агляд і цэлеўказанне на 20 кіламетраў. Гэта значыць на 20 кіламетраў лазерны далямер сапраўды ажыццяўляе замер дыстанцыі і навядзенне кіраванай зброі. На далёкасці да 50 кіламетраў гэтая камера забяспечвае ўстойлівы агляд і магчымасць перадачы звестак у рэальным маштабе часу, гэта значыць агляд у інфрачырвоным спектры, у аптычным дыяпазоне звычайна. Гэта мае вельмі важнае значэнне для кіравання войскамі, арганізацыі баявых дзеянняў.

- Улічваючы, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца патэнцыйным агрэсарам, ці можна чакаць якіх-небудзь санкцый з боку Украіны?

- На жаль, кіраўніцтва Украіны вядзе справы з Лукашэнкам, спрабуе выбудаваць таемныя дамоўленасці. І, на жаль, гэтыя таемныя дамоўленасці зніжаюць эфектыўнасць санкцый. І гэтыя таемныя дамоўленасці прывялі нас да скандалу і краху спецаперацыі з вагнераўцамі, расейскімі тэрарыстамі. На жаль, гэта пакуль працуе. Але я думаю, што пад ціскам грамадскай думкі ва Украіне, у якой абсалютная большасць людзей настроеная супраць Лукашэнкі, супраць узурпатара ўлады, а таксама ціску Захаду, Кіеў усё ж пакажа больш жорсткую палітычную пазіцыю ў дачыненні Лукашэнкі.

- Ці можаце вы апісаць, што чакае Пуціна і Лукашэнку, калі яны ўсё ж такі наважацца напасці на Украіну?

- Я думаю, што гэта можа быць нейкіх абмежаваных маштабаў наземная аперацыя, нейкія ўдары з паветра. Але ў іх дастаткова абмежаваны арсенал дзеянняў. То бок, гэта можа быць альбо вялікая вайсковая аперацыя, альбо абмежаваная вайсковая аперацыя. Ніякіх іншых варыянтаў уплыву на Украіну ў іх ужо не засталося. Гэта ўжо, як я б сказаў, агонія. Безумоўна, Украіна даб'ецца перамогі ў вайне, ніякіх шанцаў у Расеі дабіцца перамогі проста няма. Стратэгічна мы даможамся перамогі. Украінскі народ гатовы да супраціву. І тут дастатковая колькасць людзей, сотні тысяч людзей будуць абараняць сваю краіну. І будзе ўзбраенне як украінскай вытворчасці, так і NATOўскай.

У палітычным плане, я думаю, што гэта будуць значна больш жорсткія эканамічныя санкцыі з боку NATO. Таму няма сумневу, што Расея заплаціць за гэта вельмі вялікую цану. Гэта будуць вялікія страты для расейскай эканомікі. Натуральна, праблемы будуць эканамічныя, я думаю, і для тых расейскіх памагатых, якія, як рэжым Лукашэнкі, будуць падтрымліваць агрэсію.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках