NATO абвясціла аб павелічэнні вайсковай прысутнасці ва Усходняй Еўропе
7- 24.01.2022, 12:47
- 6,248
Альянс гатовы рэагаваць на дзеянні Расеі.
Паўночнаатлантычны альянс абвясціў аб павелічэнні вайсковай прысутнасці ва Усходняй Еўропе ў сувязі з пагрозай новага расейскага ўварвання ва Украіну.
Пра гэта гаворыцца ў заяве NATO, апублікаванай у панядзелак, 24 студзеня, на ягоным афіцыйным сайце, піша «Новое время».
«Я вітаю хаўруснікаў, якія прадстаўляюць дадатковыя сілы NATO. NATO працягне прымаць усе неабходныя меры для абароны ўсіх хаўруснікаў, у тым ліку шляхам узмацнення ўсходняй часткі Паўночнаатлантычнага звязу. Мы заўсёды будзем рэагаваць на любое пагаршэнне абстаноўкі з бяспекай, у тым ліку шляхам умацавання нашай калектыўнай абароны», — падкрэсліў генеральны сакратар Енс Столтэнбэрг.
Данія адпраўляе фрэгат у Балтыйскае мора і збіраецца накіраваць у Літву чатыры знішчальнікі F-16 для падтрымкі місіі NATO для патрулявання паветранай прасторы ў рэгіёне.
Гішпанія адпраўляе караблі для далучэння да вайскова-марскіх сіл NATO і разглядае магчымасць адпраўкі знішчальнікаў у Балгарыю.
Францыя выказала гатоўнасць перакінуць у Румынію войскі пад камандаваннем NATO.
Нідэрланды з красавіка накіруюць у Балгарыю два знішчальнікі F-35 для падтрымкі дзейнасці NATO для патрулявання паветранай прасторы ў рэгіёне, а таксама прывядуць у гатоўнасць адзін карабель і наземныя падраздзяленні сіл рэагавання NATO.
Злучаныя Штаты таксама ясна далі зразумець, што разглядаюць магчымасць павелічэння сваёй вайсковай прысутнасці ва ўсходняй частцы Паўночнаатлантычнага альянсу.