29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як юрыстка сышла з дзяржаўнага прадпрыемства і стала зарабляць на сувенірах з дрэва

12
Як юрыстка сышла з дзяржаўнага прадпрыемства і стала зарабляць на сувенірах з дрэва
ЮЛІЯ ШУМЕЙКА

Першая замова беларусцы паступіла ад суседзяў.

Юліі Шумейцы 38 гадоў, яна жыве ў вёсцы Зарэчча Ляхавіцкага раёна. Спадарыня марыла аб кар'еры следчага, але ў выніку змяніла юрыспрудэнцыю на творчасць і ўласны невялікі бізнэс. Як і чаму Юлія надумала заняцца вырабам драўляных сувеніраў і якой была самая вялікая замова, спадарыня распавяла intex-press.by.

"Муж і паставіў перад выбарам: кар'ера ці сям'я"

З дзяцінства я марыла працаваць следчым. Вучылася на юрыдычным факультэце ў Берасцейскім дзяржуніверсітэце, дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Скончыўшы вучобу, працавала юрысткай у адной з дзяржаўных арганізацый горада, пасля чаго сышла ў першы дэкрэт.

Праца следчым так і засталася марай, бо муж паставіў перад выбарам: кар'ера ці сям'я. Канешне, я выбрала другое.

Паколькі з працы ў выніку я звольнілася, мы з мужам сталі думаць, чым я магу заняцца. І ў нас з'явілася ідэя стварыць сваю справу. Мы сталі разглядаць розныя варыянты, доўга не маглі вызначыцца, якім менавіта бізнэсам можна заняцца.

"Мы разумелі, што ў нас будуць канкурэнты"

Сферу гандлю адкінулі адразу: адштурхоўвала неабходнасць плаціць штомесячную арэнду, хацелася працаваць з дому. Былі думкі заняцца вырошчваннем гародніны, клубніц і зяленіва, бо ў нас вялікі надзел зямлі - блізу гектара. Але гэтая ідэя таксама падалася нам рызыкоўнай, бо ўраджай ёсць не кожны год, ды і псуецца ўсё даволі хутка.

Пра вытворчасць вырабаў з дрэва з дапамогай лазернага рэзання даведаўся мой муж, напароўшыся на аб'явы аб продажы такой прадукцыі ў інтэрнэце. Досведу працы з дрэвам у нас не было, але ідэя ствараць з дапамогай лазернага абсталявання адрасныя шыльды, ключніцы, магніты, модульныя постаці і шкатулкі здалася нам вельмі прывабнай і цікавай.

Мы разумелі, што ў нас будуць канкурэнты, але падумалі, што на кожны тавар знойдзецца купец і адкінулі ўсе сумневы.

“Баяліся, што пералічым суму, а абсталяванне не прыедзе”

Каб заняцца вырабам сувеніраў, трэба было найперш купіць абсталяванне. Мы надумалі замовіць станок для лазернага рэзання з Кітая - так было танней. Муж вызначыўся з мадэллю і зрабіў замову. Прызнаюся, было страшна: мы баяліся, што пералічым вялікую суму грошай, а абсталяванне да нас так і не прыедзе. Але наважылі рызыкнуць.

Праз тры месяцы запаветны станок прыехаў, мы былі вельмі рады. Першы месяц апарат проста стаяў без справы: мы элементарна баяліся да яго падысці! Не ведалі, што і як працуе, і як прымусіць гэтую машыну выразаць вырабы з дрэва. Інструкцыя была на кітайскай мове, таму паступова, з дапамогай ролікаў з інтэрнэту, я вывучыла і асвоіла інструмент.

Я аформілася рамеснікам, а побач з домам мы абсталявалі майстэрню з усёй неабходнай для працы прыладай.

“Бывае даводзіцца працаваць і ўначы”

Першая замова паступіла ад нашых суседзяў, якія папрасілі зрабіць адрасную таблічку для дому. Яны засталіся задаволены вынікам, а я надумала стварыць старонку ў сацыяльных сетках для прасоўвання сваёй справы.

Паступова пра мяне пачалі даведвацца. Хтосьці - праз інтэрнэт, некаторыя з дапамогай старога добрага "сарафаннага радыё". Мае кліенты - гэта самыя розныя людзі з усёй Беларусі, ёсць ужо і пастаянныя заказчыкі. Набываюць прадукцыю для дэкору ўласнага жылля ці ў падарунак блізкім.

Асноўны попыт на маю прадукцыю, вядома, прыпадае на сезон свят. Бывае, мне даводзіцца працаваць і ноччу, каб усё было гатова ў тэрмін.

“Цяпер няпросты час для майго бізнэсу”

Вытворчасцю сувеніраў я займаюся сама. З дапамогай кампутара ў графічным рэдактары малюю выраб, мы ўзгадняем з кліентам усе нюансы макета, пасля чаго праект адпраўляецца на станок, дзе з дапамогай лазера з фанеры і выразаецца выраб. Затым кожны выраб шліфуецца з двух бакоў, прадзьмухваецца, фарбуецца ці тануецца і, пры патрэбе, пакрываецца лакам.

Тэрмін вырабу залежыць ад складанасці вырабу. Нескладаныя сувеніры можна зрабіць і за адзін дзень.

Цяпер маёй самай маштабнай замовай было вялікае сямейнае дрэва, на кроне якога размясціліся фатаграфіі сямейнікаў замоўцы. А ўвогуле, цікавых заказаў было шмат, працоўны працэс мяне вельмі захапляе.

Цяпер няпросты час для майго бізнэсу: кошты драўніны моцна ўзраслі, а людзі зарабляюць трохі і часцяком аддаюць перавагу таннейшым кітайскім сувенірам.

Але я планую развіваць асартымент сваёй прадукцыі. Бо, у адрозненні ад сувенірнай прадукцыі розных інтэрнэт-крам, мае вырабы вырабляюцца ўручную і з душой, тым больш яны экалагічна чыстыя.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках