29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэніэл Фрыд: Трэба шукаць, дзе Лукашэнка і ягоныя памагатыя хаваюць грошы

50
Дэніэл Фрыд: Трэба шукаць, дзе Лукашэнка і ягоныя памагатыя хаваюць грошы
ДЭНІЭЛ ФРЫД

Агрэсія беларускага дыктатара выйшла на новы ўзровень.

Наколькі санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі эфэктыўныя? Як закрыць шчыліны ў абмежавальных мерах? Ці варта ціснуць на Крэмль за падтрымку беларускага дыктатара. Пра гэта экс-каардынатар санкцыйнай палітыкі Дзярждэпа ЗША, былы амерыканскі амбасадар у Польшчы, экспэрт Атлантычнай Рады Дэніэл Фрыд расказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org.

- Думаю, што ЗША ўвялі моцныя санкцыі. Аднак гэта не азначае, што яны дастатковыя. Думаю, што пасля таго, як у ЗША будзе час перавесці дух пасля пагрозы Пуціна ў дачыненні да Украіны, яны могуць звярнуцца да дадатковых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Я думаю, што можна было б зрабіць і больш, але ў той жа час Злучаныя Штаты прынялі меры для ўвядзення моцных санкцый.

Думаю, што цяпер трэба забяспечыць іх выкананне. І мы, і Еўропа, і Вялікабрытанія, і сябры Беларусі, такія як Польшча, павінны вывучыць сетку кантактаў Лукашэнкі, ягоных паплечнікаў, даследаваць, дзе ён хавае свае грошы. Мы павінны прапрацаваць гэта, выкарыстоўваючы не толькі санкцыйныя інструменты, але інструменты супраць фінансавай карупцыі і адмывання грошай, каб выявіць яго маёмасць і ціснуць на яго, для таго, каб ён паслабіў прыгнёт беларускага народа.

- Летась вы напісалі артыкул «Як паставіць Лукашэнку на месца». Што яшчэ можа зрабіць Захад, каб сапраўды ўказаць беларускаму дыктатару на ягонае месца?

- Я думаю, што Злучаным Штатам трэба прасачыць за грашыма, гэта значыць, выявіць сетку кампаній Лукашэнкі, якія дапамагаюць яму багацець, выявіць ягоных хаўруснікаў і памагатых, а таксама прасачыць за іх фінансамі. Акрамя таго, я б паглядзеў на экспарт беларускіх дзяржаўных кампаній - не беларускага прыватнага сектара, а беларускіх дзяржаўных кампаній, звязаных з Лукашэнкам, а таксама паглядзеў бы, ці можна зрабіць нешта яшчэ.

- ЕЗ увёў пяць пакетаў санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але беларускі экспарт у еўрапейскія краіны рос з рэкорднымі хуткасцямі. Як закрыць гэтыя шчыліны?

- Я згодны з вамі, што ёсць над чым працаваць. Цяпер ЗША і Еўропа канцэнтруюць свае намаганні на тым, каб прадухіліць і ўтрымаць Пуціна ад развязвання поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, вайны, у якой можа прыняць удзел рэжым Лукашэнкі. І я думаю, што пасля таго, як сітуацыя з Украінай стане зразумелай, нам трэба зірнуць на ступень супрацоўніцтва Лукашэнкі з Пуціным.

Калі высветліцца, што гэтае супрацоўніцтва будзе ўключаць напад Лукашэнкі на іншую еўрапейскую краіну (што магчыма) ці што ён дапамог расейскаму нападу на іншую краіну праз тэрыторыю Беларусі, то гэта можа прывесці да новых санкцый з боку ЗША і Еўропы.

Лукашэнка - дэспат, ён пагражаў і нападаў на Польшчу, выкарыстоўваючы мігрантаў у якасці зброі. Але цяпер ягоная агрэсія выходзіць на новы ўзровень: запрашэнне расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Беларусі – гэта падрыхтоўка да таго, што можа стаць нападам на еўрапейскую краіну. Гэта азначае, што Злучаныя Штаты і Еўропа павінны будуць яшчэ раз зірнуць на ступень замежнай агрэсіі Лукашэнкі (што таксама звязана з прыгнётам унутры краіны), а таксама абдумаць наступныя крокі.

- Улічваючы тое, што вы сказалі, як сёння Лукашэнка ўспрымаецца на Захадзе?

- Ён дзейнічаў умела. Лукашэнка дэманстраваў некаторыя навыкі ў правядзенні рэпрэсій унутры краіны і захаванні сваёй незалежнасці ад Пуціна, што было крыху падобна на румынскага дыктатара Чаўшэску ў пачатку 1980-х. Але Пуцін зрабіў сябе незаменным для Лукашэнкі, а той, фактычна, здаў суверэнітэт Беларусі Расеі ў абмен на тое, каб застацца ва ўладзе. Гэта новая сітуацыя. Аб'ектыўна, цяпер Лукашэнка з'яўляецца пуцінскай крэатурай і будзе выконваць загады Пуціна. Гэта ставіць Лукашэнку ў іншую катэгорыю для ЗША і, магчыма, для Еўропы.

- Я мяркую, што вы падтрымліваеце кантакты ў Дзярждэпе. Калі вы можаце - падзяліцеся інфармацыяй, ці рыхтуюцца новыя санкцыі супраць беларускага?

- Пра гэта думаюць, але, як я ўжо сказаў, тыя ж самыя людзі, якія працуюць у Беларусі, працуюць і ва Украіне. Цяпер яны займаюцца ўкраінскім пытаннем. Але гэтыя дзве праблемы звязаны. Іх аб'ядноўвае тое, што Пуцін падтрымлівае дыктатара Лукашэнку і падтрымлівае зрынанне дэмакратычна абранага ўкраінскага ўрада.

- Ці павінен Захад увесці санкцыі супраць пуцінскага рэжыму за падтрымку Лукашэнкі?

- Думаю, што ёсць добрыя падставы для прыцягнення да адказнасці тых расейскіх асоб (як фізічных, так і юрыдычных), якія непасрэдна маюць дачыненне да падтрымкі тыраніі Лукашэнкі. Так, я згодны.

- Некаторыя экспэрты праводзяць паралелі паміж Польшчай 80-х і сённяшняй Беларуссю. Ці бачыце вы нейкія паралелі паміж гэтымі двума сітуацыямі з розніцай на 40 гадоў?

- Ёсць паралелі. Гэтыя паралелі не ідэнтычныя, але яны цікавыя. Дэмакратычныя рухі і ў Беларусі, і ў Польшчы ўзніклі раптоўна і нечакана. Гэта былі масавыя рухі. Затым яны былі прыгнечаныя. Адрозненне ў тым, што кіраўніцтва «Салідарнасці» было арыштаванае ўнутры Польшчы, а большая частка кіраўніцтва беларускай дэмакратычнай апазіцыі пакінула краіну. Але падабенства дзіўнае. Сёння Беларусь крыху (не зусім, але крыху) нагадвае Польшчу ва ўмовах ваеннага становішча: на апазіцыю ціснуць, яе чальцоў арыштоўваюць, грамадства пакутуе. У той час, на пачатку і ў сярэдзіне 1980-х гадоў, прыкладна да 1987 ці 1988 года, сітуацыя ў Польшчы выглядала безнадзейнай для дэмакратычных сіл вакол «Салідарнасці». І нават у 1989 годзе большасць палякаў не разумела, што мусіла здарыцца. Хаця Лех Валенса ўбачыў гэта даволі рана.

Гэта не азначае, што будзе дакладнае паўтарэнне польскіх падзей у Беларусі. Пасля 1985 года ў Крамлі кіраваў Гарбачоў, а не Брэжнеў, гэта мела вызначальнае значэнне. Польшча мае даўжэйшую гісторыю падпольнага супраціву, чым Беларусь. Але польская і беларуская гісторыя маюць шмат агульнага. Гэтыя два народы не чужыя адзін аднаму. І польскі досвед павінен фармаваць наша ўяўленне пра Беларусь. І я памятаю, як думаў у той час: «Камунізм вечны да таго часу, пакуль ён не перастае быць такім».

- Шчыра дзякую за інтэрв'ю.

- Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках