25 красавiка 2024, Чацвер, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Перажыў культурны шок»: Як гамяльчук бясплатна вучыўся ў чатырох краінах

26
«Перажыў культурны шок»: Як гамяльчук бясплатна вучыўся ў чатырох краінах

Усё пачалося з газетнай аб'явы.

Гамяльчук Сяргей Сулімаў за сваё жыццё вучыўся ў 4 краінах - Расеі, Нямеччыне, ЗША і Вялікабрытаніі. На сваю адукацыю ён не выдаткаваў ні капейкі, бо атрымліваў міжнародныя стыпендыі. Ён расказаў myfin.by, як у яго так атрымалася.

- Шмат хто ўпэўнены - каб вучыцца за мяжой, трэба мець багатых бацькоў або быць вундэркіндам. Але гэта зусім не абавязкова.

Я вучыўся ў звычайнай гомельскай школе, а да заканчэння ўніверсітэта забяспечваў сябе сам. Мы з сябрам арганізавалі курсы англійскай мовы ў дзіцячых садах, а потым купілі два кампутары і сталі праводзіць заняткі ў кампутарнай пісьменнасці. Ідэя вырасла ў адукацыйны цэнтр.

Усё гэта не перашкодзіла мне чатыры разы паехаць вучыцца за мяжу бясплатна.

Проста я думаю, што адукацыя - гэта вельмі важна. Яна дае добры старт - асяроддзе, кругагляд. А навошта плаціць, калі ёсць магчымасць вучыцца бясплатна?

«Усё пачалося з газетнай аб'явы»

Маё навучанне за мяжой пачалося недалёка - у Расеі. У 2003 я напароўся на інфармацыю ў газеце аб стыпендыі Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук. І прайшоў. Мне на год выдалі інтэрнат у Маскве і плацілі стыпендыю блізу $200. На жыццё ставала.

Прайшло некалькі гадоў, і мяне панесла вучыцца зноў - на гэты раз па стыпендыі міністэрства эканомікі Нямеччыны для мэнэджараў беларускай эканомікі. Жыллём, харчаваннем і ўсім патрэбным нас забяспечвалі. Мы з сябрам чатыры тыдні ездзілі па нямецкіх прадпрыемствах і глядзелі, як яны ўладкаваныя. Захапіла, што ўжо тады шмат якія працэсы былі аўтаматызаванымі.

Калі я вярнуўся, мой бізнэс стаў актыўна расці. Адкуль браць новыя веды? Адказ я ўжо ведаў - адкрыў газету і знайшоў аб'яву пра стыпендыю Muskie на навучанне МВА ў ЗША. Ступень MBA каштавала там блізу $100 тысяч. За год я падцягнуў ангельскую, запоўніў анкеты і прайшоў гутарку.

Гэта было нечым неверагодным. Я думаў, што атрымаць MBA у Амерыцы беларусу проста немагчыма.

Два гады я вучыўся ў дзяржаўным універсітэце Мінесоты і атрымліваў стыпендыю ў сумай $1000. Гэтай сумы было больш чым дастаткова. Некаторыя нават умудраліся высылаць грошы бацькам. Напрыклад, мая знаёмая з Азербайджана так дапамагала сваёй сям'і.

"Трэба проста рызыкнуць"

Як патрапіць на вучобу бясплатна? Шлях усюды аднолькавы. Спачатку вы выбіраеце стыпендыю - правярайце, хто яе заснавальнік, якія мэты ён пераследуе, як адбірае кандыдатаў.

Часцей за ўсё стыпендыю могуць атрымаць таленавітыя людзі, у якіх недастаткова сродкаў.

Можа падацца, што сярэдні беларускі мэнэджар ці прадпрымальнік не падпадае пад гэты крытэр, але гэта не так. Наколькі мне вядома, многія ВНУ з сусветным імем лічаць нізкім даход ніжэйшы за 60 тысяч даляраў за год.

Але нават калі фінансавай патрэбы няма, права вучыцца бясплатна можна заваяваць за акадэмічныя і спартыўныя поспехі, актыўнае грамадскае жыццё і нават незвычайнае хобі.

Не думайце, што вашых талентаў недастаткова, - раю рызыкнуць і паспрабаваць.

Карысна рыхтавацца загадзя і "падцягнуць" розныя сферы жыцця - напрыклад, запісацца валанцёрам і дапамагаць жывёлам або бяздомным, асвоіць гульню на музычным інструменце або паўдзельнічаць у спартыўным марафоне.

"Стыпендыя - гэта абавязак грамадству"

І ўсё ж, навошта хтосьці аплачвае вашу вучобу? Пра гэта дагэтуль пытаюць мяне знаёмыя. Кожны з заснавальнікаў стыпендыі мае свае мэты.

Мецэнаты часцей за ўсё жадаюць аддаць пазыку грамадству. Універсітэты зацікаўлены вучыць самых матываваных бясплатна, паколькі тыя ў будучыні ім аддзячаць. А праз дзяржаўныя стыпендыі ўлады хочуць падвысіць лаяльнасць да краіны.

"У ход ішла і дапамога ветэранам, і спаборніцтвы ў шахматах"

Шлях для атрымання стыпендыі амаль заўсёды аднолькавы. Перш за ўсё я запаўняў анкету, дзе распавядаў пра досвед працы, вучобы, хобі і гэтак далей. Тут галоўнае не хлусіць, а дакладна расказваць без вады, але так, каб гэта чапляла. Напрыклад, пісаць не проста "дапамагаў жывёлам", а "дапамог 25 катам і сабакам знайсці дом - запусціў у інтэрнэце сацыяльную рэкламу і зрабіў фатаграфіі жывёл з крэатыўнымі подпісамі".

Потым трэба напісаць матывацыйны ліст і паразважаць на загадзя сфармуляванае пытанне. Напрыклад, расказаць, чаму павінны выбраць менавіта вас ці ўспомніць галоўнае жыццёвае дасягненне. На гутарцы давядзецца адказваць на пытанні ў анкеце і лісце. Камісія заўважае, калі чалавек схітраваў і пісаў не сам.

Не варта баяцца расказваць пра дасягненні нават школьных гадоў. Я вось пісаў, як дапамагаў ветэранам і выступаў на спаборніцтвах у шахматах.

Многія заснавальнікі стыпендый запытваюць рэкамендацыйныя лісты з месца працы, вучобы ці іншых арганізацый. Камісіі часта не так важна, што там напісана, як сама асоба таго, хто напісаў добрыя словы. Я загадзя дамаўляўся з выкладчыкамі, партнёрамі і добрымі знаёмымі з бізнэсу аб тым, што пры выпадку магу звярнуцца да іх па рэкамендацыі.

Фінальны этап адбору - гутарка. Чальцам камісіі важна прамацаць ход думак патэнцыйнага кандыдата, упэўніцца, што ён дасць рады нагрузцы і яму можна давяраць. Не трэба саромецца - камісія вельмі любіць, калі ёй таксама задаюць пытанні і атрымліваецца жывы дыялог.

І ўсё ж, атрыманне стыпендыі - гэта латарэя. Мой знаёмы некалькі разоў спрабаваў прайсці адбор. Першы раз ён зрабіў гэта паспяхова, але з асабістых прычын не змог паехаць. Другі раз ён стаў запасным кандыдатам. А трэцім яму і ўвогуле адмовілі. Хаця ўсе гэтыя гады чалавек рос прафесійна, павялічваў свае жыццёвыя дасягненні, але яму проста не шанцавала. Я вось паехаў вучыцца ў ЗША з другой спробы, а да гэтага станавіўся запасным кандыдатам.

«Больш за ўсё пакутаваў ад дрэннай ангельскай»

Фінансавых складанасцяў за мяжой я не адчуваў - стыпендый ставала. Але было маральна цяжка. Вельмі бракавала родных і сяброў, а яшчэ звыклых для мяне месцаў - цырульні, спартовай залы.

Я перажываў культурны шок, так усё здавалася развітым. Калі вяртаўся дадому ў Беларусь, зноў перажываў шок, але ўжо адваротны.

Пакутаваў яшчэ і ад таго, што мая ангельская была значна горшая, чым у многіх студэнтаў. Пакуль прыдумляў, што сказаць, хлопцы ўжо паспявалі перайсці да іншай тэмы. Але ўсе мяне падбадзёрвалі.

Мне першы час дапамагала дзяўчына з партнёрскай праграмы. Мы хадзілі з ёй у краму, размаўлялі пра нейкія бытавыя рэчы. Памятаю, як яна раілася з іншымі, як бы мяне не пакрыўдзіць, бо не разумее, што я гавару.

Пазней я зразумеў - калі вам кажуць, што ў вас добрая ангельская, то гэта зусім не так. Проста людзі не хочуць пакрыўдзіць. Сапраўды высокі ўзровень мовы ніхто не заўважае, яе ўспрымаюць як норму.

У Вялікабрытаніі, на стыпендыі брытанскага ўрада Chevening на Master of Arts in Electronic Business Management, я востра адчуваў, што такое расстанне з сям'ёй, паколькі да таго часу ажаніўся. Менавіта там я даведаўся, што жонка цяжарная двайнятамі. Гэтая цудоўная навіна натхніла мяне адкрыць сваю першую школу ангельскай у Менску і назваць яе EnglishPapa.

Яшчэ я паспяваў крыху падарожнічаць і змог аб'ехаць усю Англію. А вось на справы ў бізнесе часу не ставала. Прыходзілася дэлегаваць усё партнёру. Цяпер усё магло быць інакш, а тады яшчэ тэхналогіі не былі так развіты.

Нядаўна я злавіў сябе на думцы - чаму б не пайсці далей вучыцца на стыпендыю ў дактарантуру? Але разумею, што цяпер прынясу больш карысці, калі буду дзяліцца сваім досведам і ведамі з іншымі – вяду блог, напісаў кнігу пра адукацыю за мяжой. Вельмі хочацца, каб больш людзей магло атрымаць якасную адукацыю.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках