29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША выставілі абвінавачанні ў тэрарызме супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі

81
ЗША выставілі абвінавачанні ў тэрарызме супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі

Кожнаму з іх пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

Улады ЗША выствавілі абвінавачанні ў паветраным тэрарызме службовым асобам Беларусі, якія, на іх думку, маюць дачыненне да інцыдэнту з вымушанай пасадкай у Менску самалёта авіякампаніі Ryanair, паведамляецца на сайце Мінюста.

Абвінавачанне выстаўленае генеральнаму дырэктару «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесніку Алегу Казючыцу, а таксама двум супрацоўнікам КДБ Беларусі. Усім ім інкрымінуецца «змова з мэтай ажыццяўлення акта паветранага тэрарызму».

У абвінаваўчай выснове, якая была перададзеная ў федэральны суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрка, паведамляецца, што службовыя асобы Беларусі сфабрыкавалі інфармацыю аб тым, што на борце Ryanair была бомба. Гэта было зроблена для таго, каб затрымаць Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся ў самалёце.

У Мінюсце адзначылі, што гэтыя дзеянні паставілі пад пагрозу жыццё пасажыраў самалёта, у тым ліку чатырох грамадзян ЗША, якія знаходзіліся на яго борце.

«Абвінавачаныя знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Кожнаму з іх пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення», - гаворыцца ў паведамленні Мінюста.

Што здарылася з самалётам Ryanair?

Нагадаем, інцыдэнт з пасадкай у аэрапорце Менска рэйса Ryanair пад нумарам FR4978 адбыўся 23 траўня 2021 года. Першапачаткова гаварылася аб тым, што самалёт здзейсніў экстраную пасадку, а неўзабаве стала вядома, што прычынай стала паведамленне аб мінаванні. На борце рэйса знаходзіліся былы галоўны рэдактар тэлеграм-канала NEXTA Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Соф'я Сапега, якіх пасля пасадкі затрымалі.

У менскім аэрапорце эвакуацыя пасажыраў пачалася не адразу. Пазней яны ўспаміналі, што ім давялося пачакаць некаторы час перад тым, як пакінуць самалёт.

Дзяржаўныя СМІ і праўладныя тэлеграм-каналы ў той жа дзень паведамілі аб тым, што інфармацыю нібыта адразу ж паведамілі Лукашэнку, які дазволіў пасадку і накіраваў для суправаджэння рэйса знішчальнік.

Інфармацыю аб тым, што самалёт суправаджаў знішчальнік Міг-29, пацвердзіў намеснік камандзіра ВПС і войскамі СПА Беларусі генерал-маёр Андрэй Гурцэвіч.

Ужо на наступны дзень, 24 траўня, на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі ўрывак перамоў дыспетчара і пілота. Згодна з ім, пастанову саджаць самалёт у Менску прыняў экіпаж. Аднак ужо 25 траўня Дэпартамент авіяцыі Беларусі апублікаваў на сваім сайце поўную расшыфроўку перамоў дыспетчара і пілота. Як высветлілася, настойлівыя рэкамендацыі саджаць самалёт у Менску перадаваў беларускі дыспетчар, але ў матэрыяле «Беларусь 1» яго словы прыпісалі пілоту.

У справаздачы Дэпартамента авіяцыі падаваўся поўны тэкст ліста, які паступіў на адрас [email protected] з электроннага адрасу protonmail.com: «Мы, салдаты ХАМАС, патрабуем, каб Ізраіль спыніў агонь у Сектары Газа. Мы патрабуем, каб Еўразвяз адмовіўся ад падтрымкі Ізраілю ў гэтай вайне. Вядома, што ўдзельнікі Delphi Economic Forum вяртаюцца дадому рэйсам FR4978. У гэты самалёт закладзена бомба. Калі вы не выканаеце нашыя патрабаванні, бомба выбухне 23 траўня над Вільняй».

У той жа дзень прадстаўнік ХАМАС выступіў са зняпраўджаннем гэтай інфармацыі:

- Гэта зусім не нашы метады. Нейкія падазроныя стораны робяць гэта, каб дэманізаваць ХАМАС і перашкодзіць сусветным сімпатыям да палестынскага народа і яго законнага супраціву, - заявіў прадстаўнік арганізацыі.

А 27 траўня прадстаўнікі email-правайдэра Proton Technologies AG заявілі, што лісты з пагрозамі былі адпраўленыя ўжо пасля таго, як самалёт развярнуўся ў аэрапорт Менска.

У чэрвені кіраўнік Ryanair Майкл О’Ліры, выступаючы ў камітэце транспарту Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі, заявіў, што беларускі бок ціснуў на пілота, пагражаючы яму выбухам у тым выпадку, калі самалёт увойдзе ў паветраную прастору Літвы. О’Ліры паведаміў, што пілот прасіў звязаць яго з аперацыйным цэнтрам Ryanair у Варшаве, але дыспетчары яму адмовілі, заявіўшы, што там ніхто не адказвае на званкі. На думку кіраўніка Ryanair, на экіпаж сур'ёзна націснулі, каб ён прызямліўся менавіта ў Менску. «Яго не абавязвалі рабіць гэта [саджаць самалёт у Менску], аднак у яго не было іншай альтэрнатывы», — сказаў кіраўнік авіякампаніі.

16 чэрвеня Рада ICAO паведаміла, што Беларусь, Польшча, Грэцыя, Ірландыя, Літва і Швайцарыя падалі пэўную інфармацыю для расследавання інцыдэнту. Прамежкавую справаздачу выведвальнай групы паабяцалі прадставіць прыкладна 23 чэрвеня 2021 года, а поўную - увосень. Прамежкавая справаздача сапраўды з'явілася праз некалькі дзён, а яе галоўнай высновай было тое, што інфармацыі для заканчэння расследавання ўсё яшчэ недастаткова.

Увосень поўная справаздача таксама не з'явілася, яе публікацыю перанеслі на зіму. У Дэпартаменце авіяцыі патрабавалі ад ICAO падаць «звесткі аб'ектыўнага кантролю з борта паветранага судна», бо ўсё яшчэ не маглі зразумець, з якой прычыны пілот наважыў прызямліцца ў Менску.

У снежні стала вядома, што Беларусь пакінуў былы авіядыспетчар Алег Галегаў, які працаваў у дзень пасадкі самалёта. Ён расказаў польскім следчым аб тым, што гэта была спецаперацыя КДБ. Беларускія ўлады назвалі інфармацыю «ўкідам». У адказ польскі бок апублікаваў аўдыёзапіс перамоў паміж дыспетчарам і пілотам пасаджанага ў Менску самалёта Ryanair. На запісе выразна чутны трэці голас, які падказвае дыспетчару як адказваць на тое ці іншае пытанне пілота.

17 студзеня ICAO выпусціла справаздачу аб устанаўленні фактаў пасадкі ў менскім аэрапорце рэйса Ryanair FR4978, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Соф'я Сапега. Даклад быў прадстаўлены ўсім 193 дзяржавам-сябрам арганізацыі, у тым ліку 36 краін, якія абраныя ў спецыяльную Раду.

31 студзеня прадстаўнікі Рады ICAO правядуць дыскусію на аснове высноў дакладу і вызначаць, што рабіць далей.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках