28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Рэжым мусіць адчуваць сябе выгнанцам

1
Андрэй Шарэнда: Рэжым мусіць адчуваць сябе выгнанцам

У беларускай рэвалюцыі ёсць свае героі.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі з Берасця» Андрэй Шарэнда расказаў у інтэрв'ю Charter97.org, як сёння можна падтрымаць палітвязняў і што рабіць беларусам, каб наблізіць дзень іх вызвалення.

- Што цяпер вядома пра вашу жонку Паліну Шарэнда-Панасюк, якая знаходзіцца ў зняволенні?

- Ад яе цяпер практычна цалкам няма інфармацыя. Да канца лістапада лісты ад яе даходзілі рэгулярна, яна пісала ці сваёй маме, ці маёй. Але з канца лістапада лісты ад яе практычна не ідуць. За два месяцы прыйшлі толькі дзве невялікія паштоўкі. Адна з іх - віншаванне на Новы год. З той беднай інфармацыі, якая даходзіць ад яе і ад сваякоў іншых палітвязняў, стала вядома, што Паліна знаходзілася ў карцэры.

У снежні - гэта было мінімум 15 дзён. Пасля знаходжання ў карцэры Паліна была пераведзеная ў так званае памяшканне камернага тыпу, гэта такі тып пакарання. Мяркуючы з усяго, яна змешчана туды на тры месяцы. І падчас праходжання гэтага пакарання, калі можна так назваць гэтыя здзекі з чалавека, ёй забароненыя перадача ўсіх тыпаў пасылак і забаронены куплі ў краме.

Са слоў адваката, які тэлефанаваў у калонію, Паліну збіраюцца пераводзіць у магілёўскую крытую турму. Жаночая гомельская калонія хоча пазбавіцца нязручнай для сябе палітычнай зняволенай у выглядзе Паліны. Чаму нязручнай? Таму што Паліна дагэтуль, нават там, у зняволенні, працягвае сваю барацьбу, яна не здаецца. Яна цалкам не прызнае тую сістэму, у палоне якой яна цяпер знаходзіцца і гэта ж заклікае рабіць беларусаў - не мірыцца з той сітуацыяй, якая адбываецца зараз у краіне і працягваць барацьбу за свабоду ўсімі спосабамі.

- Паліну падтрымліваюць не толькі ў Беларусі. На сітуацыю з Палінай звяртаюць увагу і такія людзі, як былая міністарка замежных спраў Польшчы Ганна Фатыга, дэпутатка Еўрапейскага парламента ад Партугаліі Ізабель Сантас. Наколькі важная міжнародная ўвага да тэмы палітвязняў у Беларусі і як яна дапамагае тым, хто сядзіць за кратамі?

- Так, вядома, гэта важна. Фактычна ўсе палітвязні, якія знаходзяцца зараз у Беларусі, з'яўляюцца закладнікамі рэжыму. Іх жыцці знаходзяцца пад пагрозай. Міжнародная падтрымка - гэта тое, што спыняе рэжым ад узмацнення катаванняў і здзекаў з палітвязняў.

Але са свайго боку я хацеў бы звярнуцца да тых еўрапейскіх і сусветных палітыкаў, якія падтрымліваюць беларускіх палітвязняў. Мала проста выказваць словы падтрымкі, толькі эканамічныя санкцыі і поўны разрыў усіх стасункаў з дыктатарам могуць вызваліць палітвязняў. Мы бачым, як дагэтуль некаторыя краіны неяк цішком, але большасць — практычна адкрыта, гандлююць з рэжымам, у якога кроў на руках. І ёсць тысячы разбітых сем'яў у Беларусі, і дзясяткі тысяч сем'яў, якія ратуючыся ад рэжыму былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Галоўны варыянт падтрымкі - гэта праца на тое, каб гэты крывавы рэжым адчуваў сябе ў Еўропе выгананцам. І для гэтага трэба поўнасцю спыніць эканамічнае супрацоўніцтва з ім. Менавіта да гэтага я заклікаю.

— У «Фэйсбуку» вы публікуеце цыкл «Героі нашага горада», дзе расказваеце гісторыі берасцейскіх актывістаў. Як з’явілася гэтая ідэя? У Беларусі цяпер шмат герояў?

- Тыя падзеі, якія пачаліся летам 2020 года, я думаю, што гэта пачатак новай Беларусі. Новая Беларусь пачалася з рэвалюцыі. Цяпер, з цягам часу, можна смела казаць, што летам і восенню 20-га года пачалася рэвалюцыя годнасці, якая дагэтуль трывае. І ў гэтай рэвалюцыі ёсць свае героі.

Імёны многіх з іх не сыходзяць са старонак сайтаў, увесь час мільгаюць у прэсе і іншых крыніцах інфармацыі.

Але ёсць і невядомыя. Іх унёсак вельмі значны, яны сапраўды зрабілі ўсё: рызыкавалі сваім жыццём і свабодай для таго, каб Беларусь была свабоднай. Іх імёны невядомыя, і на сваіх старонках у сацсетках я хацеў бы, каб людзі даведаліся пра гэтых невядомых герояў.

Большасць маіх герояў - гэта берасцейцы, чый уклад у нашу агульную справу проста неацэнны.

Гэта простыя і бяззбройныя людзі, якія выйшлі на сустрэчу тысячам узброеных амапаўцаў, тысячам узброеных сілавікоў і вайскоўцаў, каб бараніць сваю свабоду шляхам мірных акцый пратэсту. Сваімі маленькімі допісамі я хачу сказаць, што рэвалюцыя не скончылася, пакуль у нас ёсць такія героі, як Віталія Бандарэнка, як Аляксандр Кабанаў, як мая жонка Паліна і многія іншыя, барацьба трывае.

Многія з герояў нашага горада знаходзяцца зараз за кратамі. І таму мы, простыя людзі, якія знаходзяцца зараз у эміграцыі, якія знаходзяцца зараз у падполлі, якія проста зараз надумалі займацца сваімі справамі, мы не павінны заставацца на дасягнутым.

Адна з гісторый расказвае пра 18-гадовую дзяўчыну Віталію Бандарэнку, якая ў жніўні месяцы выйшла на вуліцы Берасця, каб абараніць сваю свабоду. Яе гісторыя, магчыма, ужо крыху больш вядомая. Дзяўчына апынулася проста на барыкадах у цэнтры Берасця. На жаль, ёй не ўдалося пазбегнуць затрымання 10 жніўня. Яе затрымалі, яе катавалі, яна была ў палоне карнікаў і на яе была заведзеная крымінальная справа.

На шчасце, ёй удалося ў нейкі момант пазбегнуць турмы, яна выйшла на волю і адразу ж з'ехала за мяжу. Але бачачы, што адбываецца ў Беларусі, як затрымліваюць і ціснуць яе сяброў, яна вярнулася.

Віталія не бачыла сваёй будучыні ў нейкай іншай краіне, яна хацела бараніць свабоду менавіта ў Беларусі. Зімой 2020 года яна вярнулася ў Беларусь, удзельнічала ў дваровых маршах. Пасля аднаго з іх яна была затрыманая і асуджаная на чатыры гады турмы. Яе гісторыю падрабязней можна прачытаць у мяне ў "Фэйсбуку".

Яе гісторыя не такая вядомая, як Паліны, як Марыі Калеснікавай, але Віталія — сапраўдны герой не толькі Берасця, а ўсёй Беларусі. І цяпер яна знаходзіцца ў лапах карнікаў, але нават там працягвае барацьбу за свабоду.

І я ўпэўнены, што такая простая дзяўчына, якая да 2020 года нічога не ведала пра палітыку, зараз стала сапраўдным патрыётам сваёй краіны. І я ўпэўнены, што за такімі людзьмі будучыня.

- Што беларусы замежжа і ўнутры краіны могуць зрабіць, каб наблізіць той дзень, калі нашы героі выйдуць на волю?

- Па-першае, у тых краінах, дзе знаходзяцца беларусы замежжа, трэба ўвесь час трымаць тэму Беларусі, каб яна не сыходзіла з парадку дня, са старонак СМІ тых краін. Я таксама цяпер, на жаль, знаходжуся на эміграцыі. Спадзяюся, гэта часова і неўзабаве змагу вярнуцца і ўз'яднацца са сваёй сям'ёй.

Галоўнае - мы павінны наступаць. Я пра гэта казаў ужо раней. Еўрапейскія краіны працягваюць эканамічныя гульні з дыктатарам. Дагэтуль многія еўрапейскія кампаніі наўпрост гандлююць з партманэтамі Лукашэнкі. І гэта проста абуральна, гэта недапушчальна. Пакуль нашы героі знаходзяцца за кратамі, гэта трэба спыняць усімі спосабамі і як мага хутчэй.

Я заклікаю ўсіх беларусаў замежжа згуртавацца вакол адной ідэі. Рэжым Лукашэнкі мусіць быць выгнанцам не толькі ў Еўропе, а ва ўсім цывілізаваным свеце. Мы павінны аб'яднацца, сфармаваць агульны парадак дня, каб былі спыненыя ўсе эканамічныя стасункі з дыктатарскім рэжымам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках