Дыетолагі назвалі простыя спосабы падтрымаць імунітэт падчас пандэміі
5- 18.01.2022, 12:10
- 5,566
Важна есці больш гародніны і піць зялёную гарбату.
Лекары-дыетолагі з ЗША назвалі простыя спосабы падтрымаць імунную сістэму. Іх парады публікуе Eat This, Not That!
Падчас пандэміі спецыялісты рэкамендуюць ужываць больш прадуктаў, якія змяшчаюць антыаксіданты, добра высыпацца і піць дастатковую колькасць вады. «Антыаксіданты дапамагаюць палепшыць імунітэт. Яны ўтрымліваюцца ў цытрусавых, гранатах або гранатавым соку і ягадах», - адзначыла дыетолаг Эмі Гудсан.
Акрамя таго, яна раіць піць зялёную гарбату, бо яна ўтрымлівае катэхіны - арганічныя рэчывы, якія абараняюць клеткі ад пашкоджанняў. Гудсан таксама рэкамендуе есці больш прадуктаў, якія змяшчаюць вітамін C, бо ён адыгрывае важную ролю ў вытворчасці белых крывяных цельцаў, якія абараняюць арганізм ад інфекцый. "Многія не ведаюць, што вітамін С утрымліваецца ў зялёнай гародніне, напрыклад у шпінаце, капусце, брокалі і зялёных бабах», — падкрэсліла дыетолаг.
Лекар Кортні Д'Анджэла нагадвае, што для падтрымання моцнага імунітэту трэба добра высыпацца. «Падчас сну ў арганізме вырабляюцца малекулы, якія змагаюцца з інфекцыямі. Калі іх выпрацоўка перарываецца праз малую колькасць сну, гэта можа сур'ёзна нашкодзіць імуннай сістэме», - патлумачыла лекарка.
Яна таксама нагадала, што трэба кожны дзень выпіваць дастатковую колькасць вады, бо ўзровень вадкасці ў арганізме з'яўляецца ключавым чыннікам яго нармальнай дзейнасці. «Абязводжванне запавольвае працу імуннай сістэмы, а клеткі імунітэту перастаюць вырабляцца ў патрэбнай колькасці», – падсумавала Д'Анджэла.