28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэба пагаварыць

32
Трэба пагаварыць
Андрэй Саннікаў

Варта ўключыць логіку, інакш будзем усё далей адыходзіць ад сваіх мэт і гразнуць у падмане.

Адразу папярэджваю, што гэта лонгрыд. І запрашэнне паразважаць.

Цяпер пачатак года, 2022-га. Такога пачатку году ў нас яшчэ не было. Не было такой колькасці людзей у турмах проста за тое, што яны жадаюць жыць вольна. Не было такога адкрытага і дэманстратыўнага гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян.

Мільённыя пратэсты, якія павінны былі змыць гэты рэжым без астатку, старанна абгіналі магчымасці, прадстаўленыя часам, створаныя рэвалюцыяй. Прычыны таго, чаму так здарылася, як мы да такога дайшлі мне, напрыклад, дастаткова зразумелыя. Аб іх можна пагаварыць асобна. Цяпер важней, на мой погляд, паглядзець на тое, што адбываецца сёння.

Я буду абапірацца толькі на факты і на высновы ад асабістых стасункаў з тымі ці іншымі суб'ектамі.

2010 год

Для сённяшняга дня важна нават не тое, што адбывалася на Плошчы ці да яе ў 2010 годзе падчас прэзідэнцкіх «выбараў», а тое, што было пасля.

А пасля гісторыю Плошчы пачала пісаць гэбня. Не з дапамогай тых вартых жалю стужачак і артыкулаў прыдворных медыя, маўляў на Плошчу выйшла купка змоўшчыкаў, а пусціўшы ў ход моцна збітыя фальшыўкі, якія распаўсюджвалі праз «незалежныя» каналы. Яшчэ знаходзячыся пад следствам у турме КДБ я чуў цытаты з прэсы аб тым, што мы ўсё зрабілі не так. Што падставілі людзей, што згулялі на руку Маскве (паводое версіі тых жа «незалежных» я быў прамаскоўскім кандыдатам), што кінулі пад дубінкі дзяцей, што пазбавілі Беларусь спакойнага «эвалюцыйнага» шляху (гэта за дыктатурай!). І следчыя, оперы і кіраўніцтва КДБ цытавалі зусім не «Савецкую Б.», кошт матэрыялаў якой вядомы, а «Радыё Свабода», «Беларускую газету», «Салідарнасць» і асабліва часта «Нашу Нiву». Нават прадстаўнікі крымінальнага свету думалі, што гэта «захад», і прасілі растлумачыць, чаму свае топяць сваіх. Даводзілася тлумачыць. Гэта было нескладана. Крымінальныя зэка сістэму даносчыкаў, даносаў, мянтоўскіх пракладак і прадажных выдатна ведалі і разумелі.

Калі я вызваліўся, прапіхванне гэбэшнага сцэнару пра падзеі 19 снежня 2010 года толькі ўзмацнілася. І вось ужо некаторыя раннія і тагачасныя кандыдаты сталі біць сябе ў грудзі і каяцца. Маўляў, нельга было так, не гатовыя мы былі, вінаватыя, маўляў.

Мяне дакучліва пыталі: ну, раскажы страшную таямніцу, які быў план. А пасля чарговага падрабязнага выкладу ўсіх «страшных таямніц», уздыхалі і крыўдавалі, што зноў не выслухалі «начальніка транспартнага цэха».

Дружнае захапленне «незалежнымі» майстрамі пёраў паўстання 2010 года не змагло заглушыць у людзях тое пачуццё свабоды і радасці, якое ўсе зведалі, асабліва прайшоўшы праспектам, цэнтрам Менска ад плошчы да плошчы.

І толькі Мікола Статкевіч выразна, па-камандзірску закрыў пытанне пра Плошчу 2010: «Плошча была падзеяй лёсавызначальнай. Яна зрабіла незваротным станаўленне і існаванне беларускай нацыі. Нацыя ствараецца не толькі словамі і тэкстамі, але і ўчынкамі дзеля гэтай нацыі. 19 снежня 2010 года беларусы паказалі, што яны дастойная нацыя, што яны гатовыя змагацца за сваё».

2020 год

Год прэзідэнцкіх выбараў.

Напярэдадні, прыкладна з пачатку 2019 года да красавіка 2020-га, пераважная большасць тых самых «незалежных» сродкаў звыкла паўтаралі: нічога не будзе, Лукашэнка ўсё кантралюе, апазіцыя знішчаная, усё застанецца па-ранейшаму. Ім падтаквалі амаль усе такія ж «незалежныя» аналітыкі. Іх праніклівыя аналізы зводзіліся да такіх вось глыбакадумных думак, як, напрыклад, у Арцёма Шрайбмана «апазіцыя ў Беларусі па змаўчанні (sic!) не мае шанцаў на перамогу».

Я, напрыклад, ганаруся тым, што мы з калегамі былі аднымі з нямногіх, хто з 2017 года, з пачатку пратэстаў супраць «закону аб дармаедах», сцвярджаў, што ў Беларусі будуць масавыя народныя выступы. У 2019 годзе мы замералі градус нянавісці да Лукашэнкі праз удзел у «парламенцкіх выбарах» і канстатавалі: 2020-ты можа стаць вызначальным.

Добра, што сёння ёсць таварыш Гугл, і схлусіць ён не дасць, ні вашым, ні нашым.

Дык вось мы не проста ведалі, што ў 2020-м адбудуцца масавыя хваляванні, а ў сваёй стратэгіі зыходзілі з гэтага.

Іншымі словамі, з 2017 года мы актыўна рыхтавалі год 2020-ты.

У год «выбараў» мы размаўлялі з усімі кандыдатамі і іх камандамі, акрамя падстаўных, натуральна.

Прыкра было сутыкацца з неразуменнем усімі без выключэння камандамі таго, чаго трэба было чакаць ад гэтых выбараў і да чаго рыхтавацца. Нейкае занадта ўжо дабрадушнае і грэблівае стаўленне да рызыкі і вера ў тое, што можна прымусіць уладу «дзейнічаць паводле закону».

Гэта ў сітуацыі адсутнасці не толькі права як такога, але нават «фігавых лісточкаў» якія прыкрываюць беззаконне?!

Лагічным следствам такой самаўпэўненасці стала ўпартае: «Мы да пратэстаў заклікаць не будзем»!

Ратаваў сітуацыю Сяргей Ціханоўскі, які стаў кандыдатам вуліцы, а не офіса, і якому дапамагаў дасведчаны Мікола Статкевіч. Потым пайшлі пасадкі, выбілі ўсіх цяжкавагавікоў, у тым ліку Ціханоўскага, і з'явіўся эрзац-кандыдат Святлана. Ёй давялося стаць цэнтрам прыцягнення ўсіх пратэстных настрояў праз адсутнасць іншых апазіцыйных кандыдатаў.

«Еўрапейская Беларусь» на яе просьбу на пачатковым этапе ўзялася ёй дапамагаць і занялася яе кампаніяй. Аднак неўзабаве яна парушыла дамоўленасці, і мы выйшлі з яе кампаніі, застаючыся актыўнымі ўдзельнікамі мірнай народнай рэвалюцыі, якая разгортвалася ў Беларусі.

Пасля дня выбараў вакол Ціханоўскай сталі адбывацца незразумелыя рэчы, у тым ліку яе ад'езд з Беларусі праз ЦВК і спецслужбы. Пасля з'яўлення Ціханаўскай у Вільні на яе сталі наліпаць дзіўныя асобы, якія сёння і кіруюць так званым офісам Ціханоўскай пры яе, зразумела, падтрымцы.

Многія з іх узніклі там з камфортнага планктону, які з вялікім задавальненнем існаваў за дыктатурай і заўсёды крыўдаваў, калі ў краіне адбываліся нейкія несанкцыянаваныя пратэсты. Гэта было непрыемнай перашкодай іх наладжанага жыцця, а дэманстрантаў яны моцна недалюблівалі і ўважалі за «лузераў».

Паколькі ўвесь крэдыт даверу быў выдадзены Ціханаўскай, то і звязаныя з ёй людзі ўспрымаліся як група лідараў. Вось так і атрымалася, што ў самы разгар пратэстаў кіраваць імі сталі блогеры і тэлеграмеры, якія не мелі ніякага досведу і нават паняцця аб масавых акцыях. Адразу яны яшчэ дапамагалі масавасці пратэстаў, але вельмі хутка захапіліся любаваннем сабой, без найменшых прыкмет усведамлення сваёй адказнасці за тое, што адбываецца.

Па ўсёй Беларусі сотні тысяч дэманстрантаў, а ім звонку цынічна прапануюць пабегаць туды-сюды вуліцамі і не ісці на абвастрэнне. У гэты ж час пачалося адсячэнне ад офіса Ціханоўскай усіх, хто быў непажаданы яе «дарадцам».

Імітацыя дзейнасці

Віленскі офіс вельмі хутка арганізаваў сваю дзейнасць так, каб камфортна існаваць самім яго жыхарам і звесці да мінімуму пагрозу рэжыму Лукашэнкі. Сама Ціханоўская доўгі час заклікала не ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць дыктатуры.

У інтэрв'ю Le Journal du Dimanche 26 верасня 2020 года яна наўпрост заявіла: «Я не ўважаю за неабходныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі». Вымушаны

прывесці гэтую цытату, бо падчас асабістай гутаркі яна катэгарычна адмаўляла, што была супраць санкцый, і складалася ўражанне, што яна ў такое і сама паверыла.

А яшчэ людзі са штабоў, з'ехаўшы з Беларусі, актыўна прадаўжалі займацца тым, чым займаліся і ў Беларусі, тым, што яны называлі «замарожваннем» пратэстаў.

З Беларусі сталі з'язджаць чыноўнікі, якія актыўна дапамагалі будаваць рэжым Лукашэнкі, сілавікі, якія забяспечвалі функцыянаванне машыны рэпрэсій.

І яны з блаславення віленскага офіса сталі ствараць структуры, пладзіць ініцыятывы, абвяшчаць сябе непрымірымымі змагарамі з рэжымам, дэмакратамі па жыцці, спецыялістамі ва ўсім і кіраўнікамі ўсіх працэсаў.

Сёння за мяжой пад крылом віленскага офіса знаходзяцца дзясяткі арганізацый, ініцыятыў і фондаў, колькасць работнікаў у якіх імкліва расце.

Асноўным сродкам іх барацьбы з рэжымам стала рэкрутаванне віртуальных актывістаў на сумнеўных платформах з просьбай падаць звесткі аб сабе, часам нават з указаннем геалакацыі.

З дапамогай такіх «смелых» дзеянняў мяркуецца арганізаваць страйк і нават узяць уладу ў адпаведнасці з планам «Перамога». Праўда, планы гэтыя павінны ажыццявіцца ў нявызначанай і вельмі аддаленай будучыні.

Віртуальнае войска панесла страты: яшчэ не ўступіўшы ў бітву, бо пададзенай наіўнымі грамадзянамі інфармацыяй скарысталіся лукашэнкаўскія карнікі і пайшлі арышты тых, хто запісаўся.

Паспяховай магла б стаць замежная дзейнасць офіса. Здавалася б, неймаверная колькасць візітаў і сустрэч з сусветнымі лідарамі вельмі важная для перамогі рэвалюцыі.

Я спачатку таксама думаў, што гэта цалкам эфектыўны інструмент барацьбы з рэжымам і падтрымкі актыўнай дзейнасці ў краіне. Потым, сутыкнуўшыся з некаторымі прадстаўнікамі віленскага офіса падчас міжнародных дыскусій і сустрэч, быў, мякка кажучы, здзіўлены не столькі некампетэнтнасцю, колькі напышлівым адмаўленнем гэтай некампетэнтнасці.

Потым стала заўважна, што пытанні асабістага характару падчас паездак для Ціханоўскай таксама важныя, а, можа, і пераважаюць над службовымі справамі. Пайшлі ваяжы па сваім характары больш турыстычныя, чым дзелавыя.

Увогуле, я сказаў гэта на сустрэчы, дзе прысутнічала Ціханоўская, паўтару гэта і цяпер: 2021 год быў годам страчаных магчымасцяў у плане міжнароднай дзейнасці віленскага офіса.

Псеўдагісторыя ад новых

Я нездарма прыгадаў, як гэбня ўзмоцнена перапісвала гісторыю пасля паўстання 2010 года. Цяпер яны прасунуліся яшчэ далей: яны проста адрэзалі ўсю гісторыю супраціву рэжыму да 2020 года і абвясцілі менавіта 20-ы годам прышэсця «месіі» і абуджэння народа. Рады быў бы памыляцца, але не хачу, бо ў адваротным выпадку давядзецца разглядаць версію, што гэта справа рук не КДБ, а людзей, якія абвясцілі сябе лідарамі апазіцыі і якім паверылі многія грамадзяне Беларусі.

Сюжэт «новай гісторыі» прымітыўна просты: беларусы - ідыёты, яны дазвалялі Лукашэнку шмат гадоў здзекавацца з сябе, але ў 2020 годзе раптам убачылі новых лідараў, якія могуць зрабіць іх жыццё лепшым, і пайшлі за імі.

А нехта дагэтуль ідзе, а нехта проста знайшоў сябе ў новым фармаце хлусні, якая адрозніваецца ад хлусні лукашэнкаўскай толькі тым, што апраўдвае сябе згадкай прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека. Ну, і, канешне ж, актыўна ўключыліся ў прапаганду гэтай «новай гісторыі» СМІ, абвешчаныя незалежнымі.

Заўважце, кампліментарныя матэрыялы аб дзейнасці віленскага офіса ў гэтых СМІ суседнічаюць з тэкстамі, якія на розныя лады спрабуюць запэўніць нас, што Лукашэнка яшчэ надоўга. І вось яшчэ якая цікавая сінхранізацыя назіраецца: і тая, і іншая група, - і лукашэнкаўская, і віленская, - актыўна прапагандуюць нейкі рэферэндум. Спачатку гэтую ідэю абвесцілі акурат «новыя», прыдумаўшы «лічбавы рэферэндум» як «самую магутную зброю барацьбы з дыктатурай, і толькі потым яе з задавальненнем падхапіў Лукашэнка. Гэта яго ўлюбёны метад утрымання ўлады. І вось цяпер яны зладжана клічуць людзей да ўрнаў, каб дапамагчы рэжыму Лукашэнкі забяспечыць прыход, а ўжо намаляваць зручныя лічбы рэжым заўсёды гатовы.

Што з гэтага вынікае

Калі падсумаваць сказанае, сітуацыя атрымоўваецца не вельмі радасная. Але ўсё ж варта ўключыць логіку, інакш будзем усё далей адыходзіць ад сваіх мэт і гразнуць у падмане. Камусьці гэта можа дапамагчы выйсці са стану гіпнозу.

Глядзіце: лідарамі беларускай рэвалюцыі назваліся людзі, якія прасоўваюць «новую гісторыю» раптоўнага прасвятлення народа ў 2020-м годзе. Чаму яны гэта робяць, чаму гэта ім выгадна?

Усё проста - да 2020-га яны альбо актыўна падтрымлівалі гэты рэжым, удзельнічалі ў рэпрэсіях, прасоўвалі яго на Захадзе, альбо актыўна супрацоўнічалі з рэжымам, прымаючы ўсе яго ўмовы для свайго існавання, хоць у бізнэсе, хоць у СМІ, хоць дзе. Нічога не маю супраць прасвятлення, кожны мае на гэта права.

Вось толькі ў іх няма ніякага досведу супрацьстаяння рэжыму, затое ёсць багаты досвед дапамогі дыктатуры і прыстасоўвання.

Таму я ніяк не паверу, што досвед паслуг можа перарасці ў веды, як і што трэба рабіць, каб пазбавіцца ад дыктатуры. Вось і склалася ў мяне ўстойлівае адчуванне, што такія лідары будуць рабіць усё, каб спускаць сітуацыю на тармазах.

Будуць займацца размнажэннем бескарысных ініцыятыў, збіраць нікому не патрэбныя віртуальныя галасы ў падтрымку сябе, прызначаць і перапрызначаць выбары, пісаць непатрэбныя канстытуцыі, абвяшчаць віртуальныя амністыі, падстаўляць людзей у Беларусі праз зум-стасункі, якія запісваюцца гэбняй.

А яшчэ дурыць галовы заходнім палітыкам шалёнымі пражэктамі і нязбытнымі абяцаннямі. Ды і што да санкцый ім няма веры. Нездарма ж імпарт Літвы з Беларусі павялічыўся на 50%, дасягнуўшы свайго гістарычнага максімуму 1 млрд даляраў. Гэта ж там знаходзіцца офіс Ціханоўскай?

Неяк мне ад усяго гэтага трывожна, бо паказухі становіцца ўсё больш, а рэальных спраў усё менш.

Як і што рабіць у гэтай сітуацыі, на мой погляд, раскажу наступным разам.

Прадаўжэнне будзе…

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках