28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліцвінская герылья, ці як партызаны Каліноўскага змагаліся з царскімі войскамі

Ліцвінская герылья, ці як партызаны Каліноўскага змагаліся з царскімі войскамі

Каліноўцы распачалі ў Беларусі так званую "рэйкавую вайну".

Весткі аб пераможных кампаніях "чырвонарубашачнікаў" Гарыбальдзі прымушалі пецярбуржскіх студэнтаў марыць аб будучай свабодзе. Рэвалюцыя была так блізкая. Трэба было толькі з'яднаць шэрагі і разгарнуць чырвоныя сцягі, каб былі зрынутыя ўсе манархіі Еўропы. Хтосьці са студэнцкай моладзі не абмяжоўваўся аднымі марамі, а дзейнічаў. Пецярбуржскія хлопцы траплялі на Сіцылію, у Неапаль, дзе папаўнялі шэрагі гарыбальдзійцаў, якія змагаліся за адзіную Італію, піша litvin.pl.

ДЖУЗЭПЭ ГАРЫБАЛЬДЗІ Ў РОЗНЫЯ ЭПОХІ: 1848 ГОД (VENEZIA), 1860 ГОД (СІЦЫЛІЯ) І 1859 ГОД (ЛАМБАРДЫЯ)

Магчыма, і юны Кастусь Каліноўскі адправіўся б да паўднёвых мораў ваяваць з аўстрыйцамі. Але ён абраў іншы шлях. Ягоная дарога была звязаная з роднай Літвой-Беларуссю, дзе наспявала рэвалюцыя. Апора паўстання, як меркаваў Кастусь, была ў простых літвінах, якія працавалі на сціплых надзелах, каб пракарміць царскіх чыноўнікаў і генералаў.

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ - НА ФОТА 19 СТАГОДДЗЯ І Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГРАФІЦЫ

Узначаліўшы Літоўскі правінцыйны камітэт, Каліноўскі абвясціў сваю праграму ў пракламацыях, якія неўзабаве разышліся па ўсёй Літве-Беларусі. Галоўнай мэтай барацьбы абвяшчалася зямля і воля. Шмат у чым погляды Каліноўскага як ідэолага мужыцкай рэвалюцыі ў Паўночна-Заходнім краі сыходзіліся з поглядамі расейскіх рэвалюцыянераў-народнікаў.

Але, акрамя палітычных мэтаў Кастусь Каліноўскі прапаноўваў паўстанцам выразна распрацаваную тактыку ваенных дзеянняў. Змагацца з царскімі жаўнерамі партызаны павінны былі ўжо апрабаванымі ў сусветнай гісторыі метадамі герыльі.

ПАЎСТАНЦЫ 1863

Беларуская герылья (так называлася вайна гішпанцаў супраць Напалеона ў пачатку 19 стагоддзя) меркавала, як думаў Каліноўскі, усенародны ўдзел. Паўстанцы не мелі права знаходзіцца на адным і тым жа месцы больш за дзень, у лясах яны павінны былі ўзводзіць апорныя пункты, дзе знаходзіліся склады са зброяй, харчаваннем і боепрыпасамі.

Атрады перасоўваліся імкліва.

Кожны атрад партызан меў сваю конную групу выведчыкаў. Менавіта такім чынам адбываліся дзеянні партызанскіх атрадаў на чале са Звяждоўскім на Магілёўшчыне.

ТАК ЧЫТАЛІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ГЛЫБІНЦЫ ЛІСТЫ КАЛІНОЎСКАГА

У Ігната Арамовіча ёсць мемуары, у якіх ён распавядае пра спосабы дзеянняў партызан Каліноўскага ў паўстанні 1863 года. Ён апісваў баі на Гарадзеншчыне. Шмат у чым тактыка партызан нагадвала спосаб дзеянняў, які ўжываўся беларускімі народнымі мсціўцамі ў 1940-я гады супраць нацыстаў.

Гэта каліноўцы разгарнулі так званую "рэйкавую вайну". Яны знішчалі станцыйныя склады, цягнікі на шляхах. Перарывалі тэлеграфнае злучэнне. Царскія ўлады былі вымушаныя выставіць вайсковыя падраздзяленні ўздоўж чыгуначных шляхоў "Варшава-Вільня".

КАПІТУЛЯЦЫЯ АТРАДА ПАЎСТАНЦАЎ ЦАРСКІМ ГЕНЕРАЛАМ

Вылавіць усіх партызан у лясах царскім генералам не ўяўлялася магчымым не толькі праз недахоп воінскіх падраздзяленняў, праз лепшае веданне мясцовасці каліноўцамі. Паўстанцаў падтрымлівалі сяляне. У атрадаў Каліноўскага заўсёды знаходзіліся адважныя інфарматары, якія паведамлялі аб усіх рухах расейскіх войскаў.

Расейскім генералам даводзілася звяртацца да метадаў застрашвання. Казакі і драгуны не толькі часам самавольна вешалі падазроных сялян, якія ўважаліся за сувязных партызан.

Здараліся і масавыя акцыі застрашвання. Напрыклад, некаторыя хутары ці вёскі спальвалі усімі пабудовамі. Прычым карнікі зганялі ў прызначаную да спалення вёску ўсё насельніцтва акругі. Насельніцтва спаленых вёсак прызнавалася мяцежным і падлягала масавай высылцы ў Сібір.

Пры гэта пакутавалі нават невінаватыя мужыкі-літвіны, якія часам зусім не падзялялі перакананняў каліноўцаў. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў у адказ на папрокі інтэлігентаў адказваў, што лепш ён заб’е або вышле сотню нявінных, але затое тысячы бунтаўнікоў пакладуць зброю і змірацца перад воляй бацюшкі-цара.

БЮСТ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА Ў МЕНСКУ

Не было літасці ў царскіх сатрапаў і да самога Кастуся Каліноўскага. Яго павесілі ў Вільні на Лукішскай плошчы. Да такога ж пакарання былі прысуджаныя сотні партызан. Але яшчэ большая частка была проста перабітая і закатаваная ў глухіх ліцвінскіх лясах ды балотах. Сярод загінулых патрыётаў Літвы-Беларусі былі не толькі адны палякі і літвіны, але і татары, габрэі, расейцы.

Ніхто не стане спрачацца з тым, што партызаны Каліноўскага былі сапраўднымі патрыётамі, барацьбітамі за вольнасць не толькі адной Літвы-Беларусі, але і ўсіх земляў, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Нездарма герб групы паўстанцаў уключаў у сябе тры часткі. Яны прадстаўлялі сімвалы трох дзяржаў. Белы арол сімвалізаваў Польшчу, Пагоня нагадвала пра Беларусь і Літву, а архангел Міхаіл паказваў на Русь (і Украіну). Пароль партызан сугучны і нашым сённяшнім думкам: "Каго любіш? - Люблю Беларусь!".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках