25 красавiка 2024, Чацвер, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Дзень вайсковай славы афіцэры ўпершыню прымалі прысягу на вернасць беларускаму народу

2
Як у Дзень вайсковай славы афіцэры ўпершыню прымалі прысягу на вернасць беларускаму народу

Бел-чырвона-белы сцяг - гэта ўжо ў генах, яго «не спыніць, не стрымаць».

У гэты дзень, 8 верасня, 29 гадоў таму, пятнаццаць афіцэраў войска, міліцыі і КДБ на плошчы Незалежнасці ў Менску прынялі прысягу на вернасць беларускаму народу. Сёння гэта гучыць неймаверна, але гэта была першая такая прысяга.

Жаўнеры тады ўжо прымалі прысягу на вернасць Беларусі, а афіцэры ўсё яшчэ заставаліся пад прысягай Савецкаму Саюзу.

Выправіць сітуацыю наважыла «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», яны шукалі падтрымку ў Мінабароны і іншых структурах, але там спачатку цягнулі з адказамі, а потым і зусім адмовілі.

Дзень прысягі быў абраны не выпадкова - 8 верасня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага распляжыла пад Воршай нашмат большае войска Масковіі. Гэтая дата неафіцыйна ўважаецца за Дзень беларускай вайсковай славы.

Была нядзеля, гледачы і афіцэры з'ехаліся з усіх канцоў краіны. У Прэзідыуме каля педуніверсітэта стаяў Васіль Быкаў, Мікалай Статкевіч, Зянон Пазняк.

— Вельмі атрымаўся святочны дзень, шмат людзей сабраліся на плошчы Незалежнасці. Тады «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» мела вагу ў грамадстве. Валодзя Барадач чытаў прысягу, а мы паўтаралі яе, а за намі паўтарала ўся плошча. Было шмат сімволікі, транспарантаў. Гэты дзень застаўся ў нашай памяці, — успамінае цяпер для «Салідарнасці» адзін з удзельнікаў тых падзей Валерый Костка.

Валер Костка быў адзіным афіцэрам КДБ, які рызыкнуў узяць удзел у прысязе беларускаму народу. Было некалькі афіцэраў міліцыі, але большасць складалі вайскоўцы.

Костка распавядае, што цягам года ўсе ўдзельнікі тых падзей былі звольненыя з органаў:

- Начальства ўсё яшчэ было савецкім на той момант. Асабліва стараўся міністр абароны Павел Казлоўскі, гэта цяпер ён дэмакрат, а тады канкрэтна паставіў перад Барадачом пытанне аб звальненні.

1992-і - гэта быў яшчэ нацыянальны ўздым, а потым пайшоў зваротны адкат, рэваншысцкія сілы сталі браць сваё. Мяне звольнілі ў жніўні 1993 года. Я ў рапарце так і напісаў, што звальняюся з палітычных прычын, нацыянальныя кадры выжываліся з КДБ. Не было палітычнай волі на рэформу ў структуры.

Эдуард Шыркоўскі, які ў той час узначальваў КДБ, са мной не размаўляў. Я гаварыў з ягоным намеснікам Валерыем Кезам, які кіраваў вайсковай контрвыведкай. Ён мне шчыра сказаў, што цяпер пачалася зваротная хваля: мяне ці скампраментуюць і выкінуць, або я пайду, пляснуўшы дзвярамі. Я абраў другі варыянт.

Валерый Костка і сёння прадаўжае ўважаць для сябе важнай дату 8 верасня. Кажа, што пасля працоўнага дня, магчыма, вып’е 50 грам за «вайсковую славу».

- Безумоўна, гэта памятны дзень для мяне, я ж вайсковец. 1514-ы - гэта вялікая перамога Канстанціна Іванавіча Астрожскага над праўзыходным у колькасці войску ворага. Было больш за 500 войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам, але бітва пад Воршай - адна з самых яркіх старонак. Гэтую бітву вывучаюць у многіх вайсковых акадэміях свету, але толькі не ў Беларусі і Расеі.

У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка пазбавіў Валерыя Костку звання падпалкоўніка, хоць у прэзідэнцкай кампаніі той ніяк не ўдзельнічаў. Костка кажа, што ягонае жыццё ніяк не залежыць ад указаў Лукашэнкі.

Суразмоўца «Салідарнасці» застаецца аптымістам і цяпер верыць у хуткую дэмакратыю ў нашай краіне:

- Сёння на пытанне: ці хочаце вы жыць, як жылі раней, ужо ўся Беларусь адкажа, што не. А вось на пытанне, як вы хочаце жыць далей, усе адкажуць па-рознаму. Цяпер ужо ўсё адно, сыдзе гэты рэжым ці не (а ён дакладна сыдзе); важна - што будзе далей. Што мы хочам пабудаваць далей?

Ці ёсць шанцы, што калісьці такая прысяга пад бел-чырвона-белымі сцягамі зноў пройдзе на цэнтральных плошчах беларускіх гарадоў?

- У мяне няма сумневаў, што бел-чырвона-белы сцяг зноў будзе дзяржаўным. БЧБ- гэта ўжо ў генах, яго не высечы «не спыніць, не стрымаць».

Былы кіраўнік «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» Мікалай Статкевіч сёлета зноў сустрэне Дзень вайсковай славы ў зняволенні. Жонка палітыка Марына Адамовіч кажа, што Мікалай ніколі не забывае нават з турмы павіншаваць сваіх паплечнікаў з памятнай датай. Статкевіч уважае дзень 8 верасня адным з найважнейшых у гісторыі Беларусі.

Менавіта гэтымі днямі ў Гомельскім СІЗА праходзіць суд над палітыкам. У жніўні ў Статкевіча быў Дзень нараджэння, ён атрымаў з вялікім спазненнем больш за 120 лістоў з віншаваннямі.

- Ведаеце, вельмі кранальны момант. Ён піша, што абавязаны адказаць усім, бо людзям патрэбная падтрымка. Гэта значыць, Мікола нават з турмы імкнецца падтрымаць людзей на волі, — распавядае «Салідарнасці» Марына Адамовіч.

З усіх крыніц інфармацыі ў палітвязня ёсць толькі «Советская Белоруссия», але нават з яе ў яго атрымліваецца аналізаваць сітуацыю:

- Цяпер Мікола піша, што ўлады праядаюць свае рэсурсы. Тое, што яны робяць стаўку на сілавы сцэнар, паказвае, што прасядаюць ва ўсім астатнім. Натуральна, ён не кажа «ўра, мы перамаглі», але разумее, што ўлады ўжо асуджаныя.

Марына Адамовіч упэўненая, што ў найбліжэйшых лістах Статкевіч, калі прапусціць цэнзура, павіншуе беларусаў і з Днём вайсковай славы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках