18 красавiка 2024, Чацвер, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першае правіла страйкавага клуба

11
Першае правіла страйкавага клуба

Наймацнейшыя і найразумнейшыя людзі краіны сёння разам.

Час ужо прызнацца самім сабе, што ў нашай краіне няма нікога больш галоўнага за нас. Толькі мы з'яўляемся сапраўднай сілай Беларусі. Няхай гэта будуць працоўныя заводаў, студэнты ўніверсітэтаў, айцішнікі, людзі бізнэсу – любая сфера дзейнасці складваецца з нас, беларусаў. Мы ўсе важныя для нашай краіны.

Герой культавага рамана «Байцоўскі клуб» Тайлер Дэрдэн казаў: «Ды ўжо ж, я бачу ў байцоўскім клубе наймацнейшых і найразумнейшых людзей, якія калі-небудзь жылі». Калі перакласці гэтую фразу на нашу краіну, то менавіта так і атрымліваецца.

Я ўспамінаю нашы маршы і людзей, якія ішлі побач. Наперадзе калоны ідуць высакакласныя спецыялісты – працоўныя з розных прадпрыемстваў горада. Завадчане, якія першыя сказалі «Не гвалту!». З іншага боку, насустрач нам ішлі героі 2020 года – медыкі. Тое, як яны змагаліся з пандэміяй у жудасных умовах, калі ўлады спрабавалі схаваць колькасць заражаных, выклікае гонар і захапленне.

А ў ланцугах салідарнасці, перад самай плошчай, чакалі геніі інфармацыйных тэхналогій, яны ж айцішнікі, якія ў 2020 годзе давалі найбольшы прырост ВУП нашай краіне. Дырэктары прыватных кампаній арганізавана пасля працоўнага дня з усім персаналам набывалі пітную ваду і скрынкі з прысмакамі для дзяцей і таксама ехалі ў цэнтр, на марш. І, упэўнены, так было абсалютна ў кожным горадзе.

Цяпер параўнайце, хто знаходзіцца з другога боку барыкадаў. Двоечнікі ды «кумы». Сілавыя структуры, на жаль, мала зіхцяць розумам. А дзяржапарат цалкам набраны «праз знаёмства». Я памятаю, як штогод, незалежна ад таго, працуе чалавек ці не працуе, прыходзілі лісты з запрашэннямі вучыцца ў акадэміі МУС. Патрабаванні там, скажу прама, мінімальныя. Рукі-ногі ёсць, гукі прамаўляеш – прыняты. Такія самыя запрашэнні прыходзілі хлопцам з універсітэтаў, каледжаў і нават школаў. Сілавым структурам заўсёды бракавала любых людзей, не кажучы ўжо пра таленавітых і адданых свайму народу. Я не хачу сказаць, што там усе пагалоўна неадукаваныя. Усе мы бачылі, як летась сілавікі, якія хацелі служыць людзям, зрывалі пагоны і звальняліся са структураў. Некаторых я нават ведаю асабіста.

Усё гэта сведчыць, што ў кожным з нас ёсць вялікі патэнцыял, зараджаны на перамогу. Уявіце карціну, што персанал узурпатара, асабістыя лекары, кухары, ахова і іншыя, адмовяцца працаваць. Гэта стане ягоным канцом. Тут і змоваў, і шпіёнаў не трэба будзе шукаць, проста таму што ў атачэнні нікога не застанецца. Але ж увесь гэты асабісты персанал складаецца з такіх самых, як і мы, людзей – народа Беларусі. Са спецыялістаў і прафесіяналаў сваёй справы, якім неабыякавы лёс краіны. Калі спыніцца хоць адна сфера, далей праз эфект даміно ўпадзе ўсё. Таму яны і так баяцца страйку. Бо беларускі народ спакойна перажыве месяц дома, а вось яны дакладна зламаюцца.

Такім чынам, першае правіла страйкавага клуба: расказаць усім пра страйкавы клуб. Цяпер як ніколі важна, каб кожны адчуваў падтрымку адзін аднаго. Гэта можна рабіць у размовах у курылках і далучыўшыся да флэшмобу, які запусціў мой таварыш, лідар Беларускага аб'яднання працоўных Сяргей Дылеўскі #Стачке_быть.

Другое правіла – запас усяго неабходнага загадзя. Мы прывыклі жыць хоць бы з мінімальным камфортам. І кожны ведае, што для яго і ягонай сям'і будзе важна ў гэты перыяд. На фоне некантраляванага росту коштаў абсалютна на ўсё лепш набыць прадукты ўжо цяпер, каб ні ў чым не мець патрэбы ў перыяд, калі мы застанемся дома.

Ніхто не кажа, што гэта будзе лёгка, бо мы ў элітным клубе. І мы б'емся да перамогі.

Страйку быць!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для тэлеграм-канала «Баста!»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках