20 красавiка 2024, Субота, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усё, што могуць зрабіць лекары - кропельніцы раствору, каб разбавіць ковідную кроў»

62
«Усё, што могуць зрабіць лекары - кропельніцы раствору, каб разбавіць ковідную кроў»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Беларусі лютуе каранавірус.

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна прызнала чацвёртую хвалю COVID-19 у Беларусі. Траціну бальнічнага фонду краіны перапрафілявалі пад хворых на«карону». Удвая больш пацыентаў, чым пры папярэдніх хвалях, маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы, адзначаюць медыкі. Аднак вакцынаваныя пацыенты хвароба пераносяць значна лягчэй, піша сайт «Радыё Свабода».

«Падступны COVID - інтэлектуальны, і да таго ж можа падладжвацца пад гарачкапаніжальныя»

13 верасня на COVID-19 захварэла ўся сям'я лідара РГА «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі. Сам ён у даволі цяжкім стане знаходзіцца ў кардыялагічным аддзяленні 1-й клінічнай лякарні, якую ў канцы мінулага тыдня цалкам перапрафілявалі пад хворых на каранавірусную інфекцыю.

Анатоль пачаў тэмпературыць прыкладна дзён 10 назад і ўсю «гісторыю хваробы» коратка запісвае ў Фэйсбуку.

«Кампутарная тамаграфія - толькі па прызначэнні доктара. Доктар не звязваўся. Лячэння ніякага няма - аспірын, вітаміны С, Д і цынк, шмат вады», - напісаў ён у Фэйсбуку 13 верасня.

14 верасня хуткая дапамога адвезла Анатоля ў 1-ю гарадскую клінічную лякарню. Тэмпература ў яго паднялася да 39 градусаў, кампутарная тамаграфія паказала 25% паразы лёгкіх, паставілі дыягназ «пнеўманія». Анатоль напісаў, што побач у палаце ляжыць сусед, прышчэплены «Спадарожнікам»: «дыхавіца, яму цяжка хадзіць, пашкоджанне лёгкіх».

На думку Шумчанкі, вакцыны не могуць угнацца за мутацыяй новых штамаў.

«Усё, што могуць зрабіць лекары - кропельніцы раствору, каб разбавіць ковідную кроў, зрабіць укол гепарыну ў жывот супраць трамбозу, збіць тэмпературу; калі магчыма, даць кісларод і падняць сатурацыю. Усё астатняе залежыць ад вашага арганізма.

Падступны ковід - інтэлектуальны і да таго ж можа падладжвацца пад гарачкапаніжальныя: калі першы раз саб'е тэмпературу, а потым ужо лекі не працуюць.

Сёння ў мяне традыцыйныя «траянка» і парацэтамол у кропельніцах не спрацавалі, і да вечара тэмпература паднялася да 39,1. Давялося калоць гармоны. Пакуль спрацавала, але пытанне, наколькі і як далей. Траянкі таксама выдатна збівалі да пары, да часу», - напісаў Анатоль 15 верасня.

Дагэтуль яму ставяць шмат кропельніц. Прадпрымальнік жартуе, што вены ў яго засталіся толькі на кісцях. Высокая тэмпература пакуль трымаецца, аналізы кепскія. 20 верасня раніцай сатурацыя ўпала да 88 (сатурацыя, ніжэйшая за 92, уважаецца за крытычную).

Што да працы медыкаў, Анатоль піша: «Персанал пачцівы і ветлівы. Працуюць, не шкадуючы сябе».

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках