20 красавiка 2024, Субота, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Pfizer агучыў вынікі выпрабаванняў вакцыны ад COVID на дзецях да 12 гадоў

3
Pfizer агучыў вынікі выпрабаванняў вакцыны ад COVID на дзецях да 12 гадоў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Вакцына паспяхова прайшла другую фазу выпрабаванняў.

Вакцына Pfizer і BioNTech ад каранавіруса паспяхова прайшла другую фазу выпрабаванняў сярод дзяцей ва ўзросце ад 5 да 11 гадоў, паведамілі ў кампаніі.

«Для ўдзельнікаў ва ўзросце ад 5 да 11 гадоў вакцына была бяспечнай, добра пераносілася і паказала ўстойлівы нейтралізуючы адказ антыцелаў», - гаворыцца ў заяве Pfizer.

Дзецям да 12 гадоў, якія бралі ўдзел у выпрабаваннях, увялі дзве дозы па 10 мкг прэпарата (людзям ад 12 гадоў уводзяць па 30 мкг) з інтэрвалам у тры тыдні, удакладнілі ў кампаніі. Паводле звестак кампаніі, для дзяцей гэтага ўзросту доза ў 10 мкг з'яўляецца аптымальнай з пункту гледжання бяспекі і з'яўлення імунітэту.

У Pfizer паведамілі, што ў дзяцей пасля другой дозы выяўлены «моцны» імунны адказ, а пабочныя эфекты былі супастаўныя з тымі, якія назіраліся ва ўдзельнікаў ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў.

Ва ўсіх трох фазах выпрабаванняў вакцыны Pfizer на дзецях павінны ўзяць удзел да 4,5 тысячы непаўналетніх з ЗША, Фінляндыі, Польшчы і Гішпаніі рознага ўзросту - ад шасці месяцаў да 11 гадоў. У кампаніі падзялілі дзяцей для даследавання на тры ўзроставыя групы: у першую ўвайшлі дзеці ва ўзросце ад паўгода да двух гадоў, у другую - ад двух да пяці гадоў, у трэцюю - ад пяці да 11 гадоў.

Дзеці ва ўзросце да пяці гадоў атрымлівалі яшчэ меншую дозу ў параўнанні з дарослымі або трохі больш старэйшымі дзецьмі, ім укалолі па 3 мкг пад час кожнай з двух ін'екцый.

У Pfizer заявілі, што маюць намер як мага хутчэй адправіць вынікі даследавання ў органы рэгулявання ЗША і Еўразвязу. Атрымаць першыя звесткі даследаванняў у іншых дзіцячых групах (ад паўгода да двух гадоў і ад двух да пяці гадоў) Pfizer плануе не раней за чацвёрты квартал гэтага года.

Як адзначаецца ў паведамленні кампаніі ў Twitter, з пачатку пандэміі да 9 верасня каранавірус выявілі ў амаль 5,3 млн амерыканскіх дзяцей. Прычым, амаль 500 тысяч дзяцей захварэлі на працягу двух тыдняў да гэтай даты, пазначылі ў Pfizer.

У ЗША з пачатку траўня дазволеная вакцынацыя дзяцей ва ўзросце ад 12 гадоў. Амерыканскае кіраванне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў адзначыла, што вядомыя перавагі ад вакцынацыі дзяцей з гэтага ўзросту пераважаюць над магчымымі рызыкамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках