27 лiстапада 2021, Субота, 8:38
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць цікавых фактаў пра стваральніка бел-чырвона-белага сцяга

2
Пяць цікавых фактаў пра стваральніка бел-чырвона-белага сцяга

Сёння-дзень нацыянальных сімвалаў Беларусі.

Як вядома, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі ўзаконеныя ў верасні 1991 года, піша «Витебский курьер».

Пра бел-чырвона-белы сцяг можна адшукаць даволі шмат інфармацыі, а вось што можна сцвярджаць дакладна, дык гэта тое, што эскіз сцяга прыдумаў ураджэнец Віцебшчыны Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Цікавыя факты пра знакамітага беларуса:

Факт 1. Родам з Глыбокага

Нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў мястэчку глыбокае Віленскай губерні (сёння – Віцебская вобласць) у 1891 годзе. Ягоны бацька і дзед займаліся будаўніцтвам. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў ім, а ў старэйшых класах ужо сам рабіў праекты і кіраваў дробнымі будаўнічымі работамі.

На жаль, да нашых дзён будынак, у якім правёў сваё дзяцінства Дуж-Душэўскі, не захаваўся. Глыбоцкія краязнаўцы мяркуюць, што ён знаходзіўся на месцы цяперашняга дома на вуліцы Горкага, 22. З успамінаў мясцовых старажылаў, у мястэчку жылі дзве сям'і Душэўскіх, але і з прыстаўкай Дуж называлі тых, каму належаў дом з гэтым адрасам.

На будынку на ахвяраваныя сябрамі Партыі БНФ сродкі ў 2008 годзе была ўсталяваная мемарыяльная дошка.

Факт 2. «Ковенскі мадэрнізм» Дуж-Душэўскага

З дзяцінства зацікавіўшыся будаўніцтвам, Клаўдзій паступае ў рэальнае вучылішча ў Вільні, затым у Пецярбуржскі горны інстытут, а пасля рэвалюцыі паспяхова заканчвае тэхналагічны факультэт Літоўскага ўніверсітэта і атрымлівае спецыяльнасць інжынера-будаўніка.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі ўдзельнічаў у гідрагеалагічных працах у Сібіры, разам з іншымі архітэктарамі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя ў Літве праектаваў будынкі ў духу новага архітэктурнага стылю «Ковенскі мадэрнізм».

На жаль, дакладна ўстанавіць, якія менавіта збудаванні былі пабудаваныя ў Коўне паводле ягоных праектаў, даволі складана, бо свой асабісты архіў архітэктар знішчыў. Традыцыйна называюць будынак сучаснага Ковенскага драматычнага тэатра і Ковенскага радыё, паштовыя аддзяленні, заводы ў Клайпедзе і Таўраге, жылыя дамы, як у Коўне, так і ў іншых гарадах.

Факт 3. Народны камісар, дыпламат, палітвязень

Яшчэ падчас вучобы ў рэальным вучылішчы ў Вільні Клаўдзій Дуж-Душэўскі знаёміцца з Вацлавам Ластоўскім, Янкам Купалам, Браніславам Тарашкевічам і іншымі палітычнымі і культурнымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння.

У 1918 годзе Клаўдзій Сцяпанавіч уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, працуе ў Беларускім нацыянальным камісарыяце, а ў 1919 яго абіраюць старшынём Цэнтральнай беларускай рады Гарадзеншчыны і Віленшчыны.

У тым жа годзе Дуж-Душэўскага прызначаюць дыпламатычным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у краінах Балтыі, а затым – дзяржаўным сакратаром урада Рэспублікі.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны яго арыштавалі, але яму ўдаецца бегчы з турмы НКУС. А ў 1943 годзе Клаўдзій Дуж-Душэўскі трапляе ў канцлагер за тое, што разам з жонкай схавалі ў доме габрэйскую сям'ю.

Пасля вызвалення Літвы ад акупацыі Дуж-Душэўскі вярнуўся дадому, працаваў, выхоўваў дзяцей: дваіх сваіх і дваіх прыёмных сірот. Аднак ужо ў 1946 годзе яго зноў арыштавалі, на гэты раз савецкія карныя органы паводле абвінавачвання ў нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці. Прысуд быў суровы – 25 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. У 1955 годзе Клаўдзія Сцяпанавіча па стане здароўя датэрмінова вызвалілі, а ўжо праз 4 года ён памёр. Пахаваны Дуж-Душэўскі на Петрушанскіх могілках у Коўне.

Факт 4. Беларускі адраджэнец, выкладчык і тэрміналог

Дзе б ні пражываў Клаўдзій Дуж-Душэўскі і чым бы ні займаўся, ён ніколі не забываў пра сваё паходжанне і актыўна ўдзельнічаў у беларускім Адраджэнні.

Падчас вучобы ў Пецярбургу Клаўдзій Сцяпанавіч уступае ў Беларускі навукова-літаратурны гурток, удзельнічае ў выданні часопіса «Раніца», беларускіх газет «Дзянніца» і «Светач». У 1913 годзе Дуж-Душэўскі нават спрабуе сябе ў ролі актора ў студэнцкай пастаноўцы «Паўлінкі» і, паводле ўспамінаў сучаснікаў, цудоўна ўжываецца ў ролю Сцяпана Крыніцкага.

Пражываючы ў Вільні, Клаўдзій Дуж-Душэўскі выкладае на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі.

А перабраўшыся ў Коўна, ён стварае першую арганізацыю беларускай дыяспары ў Літве, рэдагуе шэраг часопісаў і перакладае падручнікі па гісторыі, матэматыцы і батаніцы на беларускую мову, выдае кнігі.

Разам з Вацлавам Ластоўскім Дуж-Душэўскі рыхтуе да друку слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў, друкуе часопіс «Крывіч». Спрабуе наш зямляк і сам пісаць артыкулы. Так у 1923 годзе старонках «Крывіча» з'яўляюцца яго публікацыі «Даваенны бюджэт Беларусі» і «Беларусь і гарэлка».

Факт 5. Стваральнік бел-чырвона-белага

У рэвалюцыйны час 1917 года паўстала пытанне аб стварэнні адзінага сцяга. Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху звярнуліся да вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча Дуж-Душэўскага, каб ён распрацаваў эскіз сцяга. Як напіша ў сваіх успамінах Клаўдзій Сцяпанавіч:

«Нацыянальнаму руху патрэбны быў сцяг, які адрозніваецца ад герба, як гэта было ў народаў, якія мелі дзяржаўнасць».

Адна з яго прац - бел-чырвона-белы сцяг - і атрымала адабрэнне Беларускага Нацыянальнага камітэта.

Ужо вясной 1917 года зацверджаны сцяг быў узняты ў Пецярбургу на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, новы сімвал стала выкарыстоўваць Беларускае культурна-асветніцкае таварыства, а ў сакавіку прайшоў «Дзень беларускага значка», дзе бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным элементам свята.

З другой паловы 1917 года бел-чырвона-белую стужку сталі насіць у якасці знакаў адрознення вайскоўцы з Беларусі на франтах Першай сусветнай вайны. Першы Усебеларускі кангрэс, які адбыўся ў снежні гэтага года, праходзіў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, як і Беларуская Нацыянальная канферэнцыя, арганізаваная ў студзені 1918 года.

Нароўні з «Пагоняй» бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам абвешчанай у сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Ёсць яго апісанне і ў гімне БНР:

Няхай жыве магутны, смелы

Наш беларускі вольны дух.

Штандар наш бел-чырвона-белы,

Пакрый сабой народны дух.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».