20 красавiка 2024, Субота, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грузінскі гросмайстар праз суд патрабуе ад Netflix $5 мільёнаў

9
Грузінскі гросмайстар праз суд патрабуе ад Netflix $5 мільёнаў
ФОТА: SPUTNIK/VLADIMIR UMIKASHVILI

Яна абвінавачвае сэрвіс у хлусні.

Савецкі і грузінскі гросмайстар Нона Гапрындашвілі падала ў суд на стрымінгавы сэрвіс Netflix праз фразу, якая гучыць у апошнім эпізодзе серыяла «Ферзевы гамбіт». Яна патрабуе выплаціць пяць мільёнаў даляраў кампенсацыі, паведамляе «Люстэрка тыдня. Украіна».

Так, у серыяле, падчас вызначальнай гульні Бэт Харман з савецкім гросмайстрам гучыць фраза «Адзінае, што незвычайнае ў ёй, гэта яе пол, але нават гэта не ўнікальнае для Расеі. Ёсць Нона Гапрындашвілі, але яна чэмпіёнка свету сярод жанчын і ніколі не гуляла з мужчынамі».

«Гапрындашвілі - піянер жаночых шахмат і ўлюбёная ўсімі ікона ў яе роднай Грузіі. Цягам сваёй доўгай кар'еры яна перамагла на шматлікіх чэмпіянатах, атрымала перамогу над аднымі з найлепшых гульцоў-мужчын і была першай жанчынай у гісторыі, якая атрымала статус міжнароднага гросмайстра сярод мужчын», - гаворыцца ў пазове, пададзеным у суд Каліфорніі.

Адвакаты гросмайстра таксама заявілі, што «сцвярджэнне аб тым, што Гапрындашвілі ніколі не гуляла з мужчынамі, з'яўляецца відавочна ілжывым, груба сексісцкім і зневажальным». У 1968 годзе, у якім адбываецца дзеянне апошняга эпізоду серыяла, Гапрындашвілі згуляла з 59 гульцамі-мужчынамі, з 28 з якіх падчас паралельнай гульні. Сярод іх былі мінімум 10 гросмайстраў тых часоў, уключаючы Драгалюба Веліміравіча, Святазара Глігарыча, Паўля Керэса, Бояна Кураіцы, Барыса Спаскага, Вішванатана Ананду і Міхаіла Таля. Апошнія трое таксама станавіліся чэмпіёнамі свету падчас сваёй кар'еры.

«Netflix нахабна і свядома схлусіў аб дасягненнях Гапрындашвілі з таннай і цынічнай мэтай «раздуць драму», стварыўшы ўражанне, быццам яго выдуманы герой здолеў зрабіць тое, што не зрабіла ніводная іншая жанчына, уключаючы Гапрындашвілі. Такім чынам, у гісторыі, якая павінна была натхніць жанчын, паказваючы маладую жанчыну, якая спаборнічае з мужчынамі на вышэйшых узроўнях сусветных шахмат, Netflix прынізіў адзіную сапраўдную жанчыну-першапраходцу, якая напраўду сутыкалася з мужчынамі і перамагала іх на сусветнай арэне ў той жа перыяд часу», - гаворыцца ў пазове.

У ім таксама адзначаецца, што Гапрындашвілі спрабавала звязацца з Netflix наўпрост, каб выправіць сітуацыю, але атрымала адмову. У стрымінгавым сэрвісе пракаментавалі пазоў, заявіўшы, што «глыбока паважаюць Гапрындашвілі», але ўважаюць яе «сцвярджэнні беспадстаўнымі» і рыхтуюцца абараняцца ў судзе.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках