18 красавiка 2024, Чацвер, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як санкцыі ўдараць па беларускіх банках: без рахункаў у валюце і пераводаў у Еўразвяз

5
Як санкцыі ўдараць па беларускіх банках: без рахункаў у валюце і пераводаў у Еўразвяз

Некаторыя дзяржаўныя банкі могуць знікнуць.

«Радыё Свабода» паглядзела, якія наступствы ад заходніх санкцый чакаюць беларускія банкі і беларусаў.

Паводле крыніц «Нашай Нівы», асноўны банк-карэспандэнт беларускіх дзяржаўных банкаў «Дойчэбанк» закрыў карэспандэнцкія рахункі ў еўрах. Гэта відаць, калі паглядзець спіс карэспандэнцкіх рахункаў «Белаграпрамбанка».

Валютныя транзакцыі, мяркуючы з гэтага спісу, даступныя толькі праз расейскі «ТКБ Банк». Раней для транзакцый былі даступныя шэраг еўрапейскіх банкаў.

Што гэта значыць

Пераводы ў еўрах стануць пад пытаннем, пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі.

«З пераводам грошай у Расею праблем не будзе, пераводы ва Украіну таксама павінны працаваць. А вось з еўрапейскімі партнёрамі могуць узнікнуць цяжкасці. Як прадаваць нафтапрадукты, калі яны ідуць не ва Украіну? Еўрапейскія банкі, хутчэй за ўсё, закрыюць усе пералічэнні ў еўрах. Дзесьці, магчыма, можна будзе дамовіцца, але кошт транзакцый вырасце і колькасць паспяховых угод скароціцца», - кажа Леў Львоўскі.

Якія банкі закрануць санкцыі і што з імі будзе

Амерыканскія санкцыі для банкаў - гэта немагчымасць мець даляравыя рахункі, амаль усе банкі-карэспандэнты, якія пераводзяць даляры і еўра, так ці інакш завязаныя на амерыканскую юрысдыкцыю.

«Санкцыі закрануць усе дзяржаўныя банкі, але з рублёвымі рахункамі усё застанецца, як і было. Калі банкі-карэспандэнты адмовяцца ад супрацоўніцтва з дзяржаўнымі банкамі (што ўжо адбываецца), стануць немагчымымі пераводы ў валюце і еўрах для трымальнікаў рахункаў у гэтых банках. Гэта не значыць што «Беларусбанк», напрыклад, збанкрутуе. У яго ёсць шмат праектаў, у якія ён інвестуе. Дзяржава будзе падтрымліваць гэты банк, каб ён выконваў свае праграмы крэдытавання дзяржаўных прадпрыемстваў. Так ці інакш інвестыцыйны партфель скароціцца. Банк стане не кліентаарыентаваны. З прадпрыемства, якое прыносіць дзяржаве грошы, банк ператворыцца ў яшчэ адно балючае месца», - кажа Леў Львоўскі.

Гэта значыць буйныя дзяржаўныя банкі будуць існаваць, мяркуе Леў Львоўскі. А вось больш дробныя дзяржаўныя банкі могуць і знікнуць. Прыватныя банкі гэтыя праблемы пакуль не закрануць, мяркуе Львоўскі, калі толькі не будуць уведзеныя нейкія новыя абмежаванні ў рамках санкцый.

Як санкцыі адаб'юцца на звычайных беларусах-кліентах банкаў

Калі грамадзянін трымае ў банку рублёвы рахунак і атрымлівае на яго заробак, змен, для яго не будзе, кажа Леў Львоўскі.

«Будуць праблемы, калі чалавек атрымлівае грошы ў замежнай валюце на сваю картку або валодае бізнэсам і атрымлівае пераводы з-за мяжы ў валюце», - кажа Леў Львоўскі.

У Беларусі цяпер 24 банкі, чатыры з іх дзяржаўныя. У 2018 годзе 50% усіх актываў прыпадалі на 4 найбуйнейшыя дзяржаўныя банкі: «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і «Белінвестбанк».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках