23 красавiка 2024, aўторак, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як бітва ўладаў за імпартазамяшчэнне трывае фіяска

24
Як бітва ўладаў за імпартазамяшчэнне трывае фіяска

Супрацьстаянне замежным таварам у Беларусі разгорнутае даўно.

Некаторыя перамогі на гэтым фронце здараюцца, аднак спыніць працэс выцяснення айчынных тавараў імпартнымі так і не ўдалося.

Прычым у бітве за імпартазамяшчэнне саступае ў асноўным прадукцыя з высокай дададзенай вартасцю, піша thinktanks.by.

Урад даўно прыкладае шмат намаганняў, каб замяніць імпарт айчыннай прадукцыяй. Дырэктыўным шляхам ствараюцца імпартазамяшчальныя вытворчасці, а ўжо існым даюцца льготныя ўмовы. Мясцовыя крамы прымушаюць прадаваць беларускае, а на шляху імпарту ў нашу краіну ствараюцца разнастайныя бар'еры: падаткі, ліцэнзіі, кантроль коштаў.

Апошнім часам, у сувязі з палітычнымі падзеямі, пачалі гучаць прапановы ўзмацніць забаронныя захады, каб цалкам спыніць імпарт з усіх «варожых краін». Наколькі эфектыўная такога кшталту палітыка?

У гісторыі вядомы адзін сапраўды паспяховы вынік нашых імпартазамяшчальных намаганняў - гэта малочная прадукцыя. Айчынныя вытворцы сталі не толькі абсалютна дамінаваць на ўнутраным рынку, але і скараць замежныя. Цяпер Беларусь знаходзіцца ў ліку найбуйнейшых еўрапейскіх экспарцёраў малочнай прадукцыі. Праўда, амаль увесь экспарт сыходзіць у Расею.

Аднак, «малочны» прарыў здарыўся даўно. А ці адбываюцца хоць нейкія поспехі на ніве імпартазамяшчэння цяпер, улічваючы, што ўрад не пакідае старанняў у гэтым кірунку? Да таго ж, локдаўн у сумежных краінах змякчыў для нас канкурэнцыю з замежнымі вытворцамі.

Хто здолеў пацясніць імпарт?

Прааналізаваўшы статыстыку за мінулы год, мы выявілі некалькі прыкладаў поспеху.

Па-першае, гэта яблыкі. У 2020 годзе краіна іх атрымала на 60% больш, чым годам раней. Пры гэтым увоз замежных яблыкаў упаў амаль на палову. Адзначым, што большасць садавіны пайшла менавіта на ўнутраны рынак, бо экспарт таксама скараціўся. Як вынік - беларускі рынак яблыкаў кардынальна памяняўся. Калі яшчэ год таму на ім дамінаваў замежны прадукт, то цяпер у Беларусі пабольшала айчынных яблык, чым імпартаваных. У 2021 годзе імпарт свежых яблыкаў прадаўжае скарачацца. За студзень-травень іх было ўвезена на 10 тысяч тон менш.

Акрамя яблычных фермераў, поспехі паказваюць вытворцы вінаграду. Доля айчыннага вінаграду на рынку, вядома, мізэрная. Тым не менш, летась яго выпуск павялічыўся на 70%! Усяго за год было вырашчана 197 тон вінаграду. На фоне 30-адсоткавага скарачэння імпарту.

Яшчэ адным беларускім таварам, які выцясняе імпартны аналаг, з'яўляюцца сельскагаспадарчыя машыны для падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы. У 2020 годзе іх вытворчасць вырасла на 30%, а імпарт знізіўся на 12%. Калі параўноўваць з 2005 годам, то такіх машын сталі вырабляць на 60% больш. Сёлета працягнулася тэндэнцыя на зніжэнне імпарту.

У шэрагу імпартазамяшчальнай прадукцыі варта згадаць катлы цэнтральнага ацяплення. Іх выпуск летась падскочыў у 2,5 разы, прыкметна змяніўшы рынак. Цяпер айчыннага прадукту вырабляецца больш, чым завозіцца замежнага. Магчыма, рост вытворчасці катлоў звязаны з праграмай пашырэння выкарыстання электраэнэргіі. Дзяржава плануе выдаваць больш дазволаў на падлучэнне ацяпляльных катлоў да электрасеткі.

Змены адбыліся і на рынку дарожнай і будаўнічай тэхнікі. Яе імпарт і вытворчасць у краіне знаходзіцца прыкладна ў роўных дзелях. І калі ў 2019 годзе перавага назіралася ў бок імпарту, то ў 2020 годзе айчынным вытворцам удалося перавесіць шалі ў свой бок. Адзначым, што яшчэ пяць гадоў таму вытворчасць дарожнай і будаўнічай тэхнікі хоць і была амаль удвая меншай (471 штука супраць цяперашніх 878), але і завозіліся ў краіну вельмі мала - усяго некалькі дзясяткаў адзінак.

Хто саступіў імпарцёрам?

Паралельна з імпартазамяшчэннем ідзе зваротны працэс - выцясненне айчынных тавараў замежнымі. У статыстыцы за мінулы год мы знайшлі самыя яркія таму прыклады.

Па-першае, беларусаў моцна пасунулі на рынку тавару пад складанай назвай «бытавая апаратура неэлектрычная для гатавання ежы». Магчыма, складальнікі статыстыкі маюць на ўвазе газавыя пліты і гарэлкі - у Беларусі іх вырабляе пад маркай «Гефест» берасцейскі завод «Газаапарат». Выпуск гэтай «апаратуры» ў 2020 годзе скараціўся на 20%, а імпарт падскочыў на 40%. І калі годам раней беларускай «бытавой апаратуры неэлектрычнай» выраблялася значна больш, чым завозілася з-за мяжы, то цяпер долі зраўняліся.

Айчынныя вытворцы абутку ўжо даўно страцілі беларускі рынак. Хоць і не ўвесь - невялікая доля ў іх усё ж захоўвалася. На жаль, летась яна яшчэ больш скарацілася. Імпартнага абутку было ўвезена 59,5 тысяч штук, што на 13% больш, чым летась. А вытворчасць унутры Беларусі скарацілася на 26%.

Удвая павялічыўся ўвоз з-за мяжы станкоў для апрацоўкі дрэва, пластмас і іншых матэрыялаў. Пры гэтым такія станкі выпускаюць і ў Беларусі, аднак, нягледзячы на высокі попыт, вырабіць іх удалося толькі на 2,5% больш, чым летась. Як вынік - у 2020 годзе колькасць імпартных станкоў стала перавышаць выпуск айчынных, хоць раней было наадварот.

Імпарт выціскае беларускае і ў такой катэгорыі інвестыцыйных тавараў як помпы паветраныя або вакуумныя, кампрэсары і вентылятары. Яшчэ ў 2019 годзе ў Беларусі выраблялася блізу чвэрці ад аб'ёму, які ўвозіўся з-за мяжы. Аднак ні ўтрымаць свае пазіцыі на рынку, а тым больш іх нарасціць нашым вытворцам не ўдалося. У 2020 годзе імпарт вырас на 40%, а вытворчасць прасела.

Чаму ў яблыках перамагаем мы, а ў газавых плітах - імпарт?

Калі параўнаць паспяховыя прыклады імпартазамяшчэння з правальнымі, то нельга не заўважыць, што сярод першых больш тавараў з нізкай дададзенай вартасцю. Замяшчаць на рынку высокатэхналагічныя тавары ў нас не атрымліваецца. Чаму?

Эканаміст Уладзімер Кавалкін бачыць прычыну ў перакручаным разуменні самой сутнасці імпартазамяшчэння, якое вызнаюць нашы ўлады. «Уся логіка імпартазамяшчэння зводзілася у прынцыпе да таго, каб што-небудзь тое, што мы імпартавалі раней, часцей за ўсё альбо з Расеі, альбо з Украіны, пачаць вырабляць тут, у Беларусі. Пад гэтую справу шукаюцца грошы ў дзяржавы, бярэцца які-небудзь танны крэдыт пад гарантыі дзяржавы, закупляецца абсталяванне, пачынае нешта рабіцца. Часцей за ўсё гэта вытворчасць правальваецца, крэдыты вісяць спачатку на дзяржпрадпрыемствах, потым, паступова, па меры банкруцтва прадпрыемстваў, пазыкі вешаюцца на дзяржбюджэт. Такая логіка ў імпартазамяшчэння ў Беларусі».

Поспехі некаторых сельскагаспадарчых пазіцый экспэрт тлумачыць наяўнасцю айчыннай сыравіны разам з пратэкцыянісцкімі захадамі ў выглядзе высокіх падаткаў, прымусова-адміністрацыйнага метаду выдзялення паліц у крамах. Кошты ў такім выпадку могуць быць вышэйшымі, чым імпартныя, «затое айчыннае прадаецца».

«Такая схема больш-менш спрацоўвала на нізкатэхналагічнай прадукцыі накшталт харчовай або сельскагаспадарчай, на сярэднетэхналагічнай, накшталт машыннага абсталявання, яна ўжо працавала дрэнна. Пра высокатэхналагічную прадукцыю і казаць не даводзіцца - яна неканкурэнтназдольная», - канстатуе Уладзімір Кавалкін.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках