28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Дылеўскі: Ад нас чакаюць сігнала

9
Сяргей Дылеўскі: Ад нас чакаюць сігнала
Сяргей Дылеўскі і Лех Валэнса
Фота: Bożena Maj

Страйку быць!

Выданне «Наша Ніва» паразмаўляла з лідарам Беларускага аб'яднання рабочых Сяргеем Дылеўскім пра перадстрайкавы стан і сітуацыю на заводах.

«Наша Ніва»: Раскажыце, чым зарабляеце на жыццё?

Сяргей Дылеўскі: У гэтым мне трохі пашанцавала, таму што я за 32 гады атрымаў больш за 10 прафесій: токар, фрызероўшчык, шліфоўшчык, аператар і наладчык станкоў з праграмным кіраваннем, кранаўшчык. Калі рукі з патрэбнага месца растуць, працу знайсці ў Варшаве не праблема. Зараз падпрацоўваю зваршчыкам, робім металаканструкцыі для дызайнерскіх праектаў. Але большасць часу займаюць пратэсты.

«НН»: Жонцы ўдалося знайсці нейкую працу?

СД: Яна не шукала, бо таго, што я зарабляю, нам на жыццё хапае. Жонка зараз занята валанцёрскай дзейнасцю — аказвае гуманітарную дапамогу ўцекачам з Беларусі. Яны з сяброўкай адчынілі free shop. Гэта склад з адзеннем, абуткам, сродкамі гігіены. Яны супрацоўнічаюць з беларускімі дыяспарамі ў Еўропе, якія дасылаюць гуманітарную дапамогу, і дзяўчаты яе размяркоўваюць.

«НН»: Гэта ж жонка калісьці прапанавала вам набіць «Пагоню»?

СД: Так, удзельнічала ў маляванні тату. Гэта было ў 2016 ці 2017 годзе. Я атрымаў траўму на руцэ, калі займаўся рамонтам машыны ў гаражы. Застаўся даволі вялікі шрам, і паўстала пытанне, што зрабіць, каб яго закрыць. Жонка прапанавала: а давай «Пагоню» наб’ем. Нацыянальная сімволіка ў нашым доме амаль заўсёды прысутнічала. Так і зрабілі. Яна пераносіла эскіз мне на скуру.

«НН»: Чула, вы здымалі кватэру ў былога члена «Салідарнасці».

СД: І працягваю здымаць. Выпадкова абсалютна атрымалася. Я калі прыехаў, было цяжка вырашыць пытанне з арэндай кватэры, бо не ведаў мову, інтэрнэт-рэсурсаў, дзе паглядзець жыллё. У мяне быў кантакт Анатоля Міхнаўца з цэнтра беларускай салідарнасці. Мы з ім селі, ткнулі ў першую аб’яву, якая трапілася і падпадала пад наш бюджэт. Калі прыехала глядзець кватэру, яе гаспадар запытаўся, хто я, адкуль. І потым кажа: дык я тым жа самым займаўся ў часы «Салідарнасці»! Ён з’яўляецца ветэранам руху.

«НН»: Вы сустракаліся з Лехам Валенсам (лідарам прафсаюза «Салідарнасць». — «НН»). Што цікавага ён вам расказаў, параіў?

СД: Ён расказаў пра такія рэчы, якія цяпер падаюцца відавочнымі, але тады для мяне не былі яўнымі. Мы з ім шмат размаўлялі пра стварэнне незалежных прафсаюзаў, што можа быць з імі ў Беларусі — ён параіў не намагацца адкрываць афіцыйныя пярвічныя суполкі, таму што ўлада ніколі гэтага не дазволіць.

Сяргей Дылеўскі і Лех Валэнса
Фота: Bożena Maj

Размаўлялі пра гісторыю польскай «Салідарнасці», страйкавыя касы, якія захоўваліся ў касцёлах, бо на той момант гэта было самае бяспечнае месца. Яны былі амаль у кожным горадзе. З тых кас узаемадапамогі падтрымлівалі сем’і звольненых, на гэтыя грошы стваралі агітацыйныя матэрыялы.

Ён казаў, што першае, што нам трэба зрабіць, — забяспечыць распаўсюд інфармацыі. Калі раней лістоўкі маглі забараніць, перахапіць, то цяпер з інтэрнэтам такое немагчыма.

«НН»: Дарэчы, пра страйкавыя касы. У нас быў іх аналаг, калі людзі скідаліся грашыма, каб патрымаць рабочых, якія звольняцца. Чаму тады забастоўка не ўдалася?

СД: Яна адбылася, я лічу. І дала свае вынікі, якія не мог даць ніводзін падручнік — вопыт.

А чаму не атрымалася гэтыя забастоўкі працягнуць на больш доўгі час — таму што ў нас не было вопыту.

Ніхто тады не мог падумаць, што будзе настолькі жорсткая сітуацыя з тым жа АМАПам, ГУБАЗам. Проста не было падрыхтоўкі, каб зладзіць страйк эфектыўна.

«НН»: Але нават у тыя дні, калі людзі збіраліся на тэрыторыі заводаў, не усё гатовы былі далучыцца.

СД: Я думаю гэта таму, што большасць працаўнікоў не ведала, для чаго, што іх чакае. І тады яны вырашылі, што лепш хай будуць тыя маленькія дробкі таго, што яны атрымоўваюць на сёння, чым штосьці незразумелае. Плюс затрыманні актывістаў сыгралі сваю ролю.

Людзям проста не хапіла трошкі смеласці і вопыту, таму большасць вярнулася да сваіх працоўных месцаў і ўсё.

«НН»: Вы цяпер абвясцілі перадстрайкавы стан. Ці не занадта гучная гэта заява? Шмат людзей сядзіць, многія запалоханы.

СД: Мы размаўляем з рабочымі прадпрыемстваў, якія там зараз працуюць. І бачым стан на гэтых заводах, настроі — большасць гатова страйкаваць. Ад нас толькі чакаюць сігналу, калі гэта пачаць. Таму я аб’явіў, каб даць уладзе апошні шанс штосьці змяніць.

Насамрэч мы не хочам страйк, я ведаю, якія гэта рызыкі для эканомікі, але гэта апошняя мера. Калі ўлада не пойдзе на выкананне нашых патрабаванняў, то страйк будзе.

Фота: «Радыё Свабода»

«НН»: А што маецца на увазе пад «гатовы страйкаваць»?

СД: Нявыйсце на працу мы бачым як самую бяспечную форму пратэсту на сённяшні момант. Бо як паказала восень 2020 года, нават калі людзі страйкуюць на тэрыторыі прадпрыемства, можа прыехаць АМАП і проста дубінамі загнаць працаваць.

Варыянт не пасці на працу, у першую чаргу, дае той эфект, які нам патрэбны (станкі не будуць рухацца), у другую — людзі будуць у бяспецы. Мы ведаем рызыкі — да нейкіх актывістаў амапаўцы могуць уваліцца, але не да ўсіх. Наш актыў гэтыя рызыкі цудоўна разумее.

«НН»: Чаму вы лічыце, што забастоўка магчыма, калі дзве спробы дагэтуль не ўдаліся?

СД: Зараз у нас быў цэлы год падрыхтоўкі да страйку. Падрыхтоўкі ментальнай. Рабочыя пабачылі, што нічога не зменіцца ў лепшы бок, калі яны нічога не зробяць. Як заробкі будуць падаць, так і эканоміка не будзе расці, рэпрэсіі працягнуцца.

На тым самым Мінскім трактарным заводзе на піку выходзіла каля 5000 чалавек, з іх ужо тысяча звольнена.

І ўлада на гэтым не спынецца. На нашай статыстыцы, на іншых заводах працэнтаў 20 з тых, хто страйкаваў, звольнены.

НН: Можа, якраз з-за такога градусу рэпрэсій астатнія, хто яшчэ працуе на заводзе, падумаюць, што лепш наогул не высоўвацца? Каб не стаць наступным звольненым і мець хоць 400, але стабільныя рублёў.

СД: Яны і так чакалі — нічога не змянілася. І нават тыя, хто сумняваўся, цяпер разумеюць, што лепш не будзе. Супрацоўнікі майго заводу, якія восенню мне яшчэ казалі: «Супакойся, спыніся, будзе лепш, калі ўсё заціхне», — сёння пытаюцца: «Што мне рабіць?Дай мне якую задачу, каб адбыўся страйк».

І такіх паведамленняў сотні. У людзей вялізны запыт на дзейнасць. Яны чакаюць каманды.

НН: А што зараз абвастрае настроі?

СД: У першую чаргу эканамічны бок. Таму што людзі бачаць, што рэальныя заробкі падаюць, а цэны за 10 год стабільнасці падскочылі ў некалькі разоў.

«Лічу, што зрабіў вельмі шмат для краіны, і сумленне маё чыстае»

НН: Цягам года супрацоўнікі розных заводаў па адным абвяшчалі, што сыходзяць у стачку, — і іх пасля гэтага чакана звальнялі. Ці быў сэнс у тым?

СД: Я гэтых людзей лічу героямі. Гэта, можа, імпульсіўнае жаданне было, калі цярпець не заставалася ніяікіх сіл. Эканамічнага эфекту нуль ад таго, што супрацоўнік забастуе ў адзіночку.

Але, я лічу, гэта вялікі іміджавы ўдар па рэжыме. Бо гэта даказвае, што пратэсты нікуды не дзеліся, людзі не згодныя з рэжымам.

«НН»: На тым жа трактарным заводзе шмат прыхільнікаў Лукашэнкі? Яны ж там дакладна ёсць.

СД: Мне нядаўна чалавек з «Беларуськалія» сказаў такую рэч: Лукашэнку зараз ненавідзяць нават ябацькі. Прыхільнікаў засталося менш, бо ў веруючых у яго жыццёвы стан пагоршыўся таксама.

Тыя, хто спадзяваўся, што пратэсты задушаць за два-тры месяцы і ўсё заглухне, пачынаюць разумець, што ён не можа зрабіць гэтага. Канечне, ябацькі ёсць на кожным прадпрыемстве. Але я пастаянна камунікую з людзьмі з заводаў — добра калі адзін з 10 будзе за Лукашэнку і можа канструктыўна весці гутарку.

«НН»: Беларускае аб’яднанне рабочых, куды вы ўваходзіце, чым займаецца зараз?

СД: Гэта мадэль незалежнага прафсаюза, дзе мы стаім на ахове правоў працаўнікоў і дабіваемся гэтага ў тым ліку страйкам. Паколькі мы знаходзіся за мяжой, па вялікім рахунку па скаргах можам даваць толькі кансультацыі з юрыстамі, як правільна аформіць зварот у суд і г.д.

Каб чалавек, у якога ўзнікла пытанне, мог быць падрыхтаваным, калі ідзе да кіраўніцтва патрабаваць выкананння сваіх правоў.

У нас запланавана юрыдычная дапамога, фінансавая, у тым ліку тым, хто быў вымушаны з’ехаць. Плюс ахова беларускіх працаўнікоў на тэрыторыі Еўразвязу, бо гэта ніша, дзе патрэбны наш удзел.

Калі права беларуса за мяжой на працы парушаюцца, ён не ведае, куды ісці. Таму будзем весці не толькі агітацыйную працу.

«НН»: Не падаецца вам, што вашу заяву пра страйк людзі не будуць успрымаць усур’ёз: маўляў, табе добра казаць, ты ў бяспецы не ў Беларусі, а мы падстаўляемся?

СД: Ёсць такая рэч, але актыўныя рабочыя добра ведаюць, што мой сын грамадзянін Беларусі. І я зраблю ўсё, каб ён вярнуўся ў Беларусь жыць. У мяне там бацькі засталіся, і я хачу іх бачыць, ведаць, чым яны займаюцца, сам хачу жыць на радзіме.

Я з-за мяжы выказваюся, бо на мне ўжо не адна крымінальная справа. І я не магу вярнуцца дадому. Я лічу, што зрабіў вельмі шмат для нашай краіны, і сумленне маё чыстае.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках