У КНДР недахоп харчавання: выкарыстоўваюць рыс, назапашаны на выпадак вайны
18- 3.08.2021, 17:44
- 10,526
Паўднёвакарэйская выведка даведалася пра харчовы крызіс у суседняй краіне.
Паўночная Карэя выкарыстоўвае ваенныя запасы рысу, бо ў краіне бракуе харчавання. Пра гэта са спасылкай на інфармацыю выведкі Паўднёвай Карэі паведамляе Associated Press у аўторак, 3 жніўня, піша сайт korrespondent.net.
Паўднёвакарэйская выведка даведалася пра крызіс з харчаваннем у КНДР. Спякота і засуха прывялі да гібелі свойскай жывёлы, а таксама недабору ўраджаю рысу і кукурузы. Паўночнай Карэі звычайна патрабуецца амаль 5,5 млн тон харчавання на год, каб пракарміць 26 млн насельніцтва, цяпер жа не стае прыкладна 1 млн тон.
Урад пастаўляе малазабяспечаным грамадзянам, рабочым і сельскім прадпрыемствам рыс з запасаў, зробленых на выпадак вайны. Пры гэтым кошты рысу ў Паўночнай Карэі выраслі ўдвая з пачатку года. У ліпені яны стабілізаваліся, але затым рост прадоўжыўся.
Агенцтва ўдакладняе, што недахопу харчавання спрыяе закрыццё мяжы з Кітаем, адкуль раней яно пастаўлялася, у тым ліку, кантрабандай. Гандаль паміж КНДР і Кітаем абрынуўся ў 2020 годзе на 80% у сувязі з абмежаваннямі праз пандэмію.
На думку экспэртаў, праблемы з харчаваннем захаваюцца ў Паўночнай Карэі да восеньскага ўраджаю, аднак краіне наўрад ці пагражае маштабны голад, бо яго не дапусціць Кітай, які баіцца плыні бежанцаў у выпадку гуманітарнай катастрофы.
Раней у ААН заявілі, што ў свеце галадаюць 800 мільёнаў чалавек. Сітуацыя абвастрылася на фоне пандэміі - у 2020 годзе з голадам сутыкнуліся на 161 мільён чалавек больш, чым годам раней.