26 красавiка 2024, Пятніца, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Банкаўская сістэма Беларусі пастаўленая на грань выжывання

21
Леў Марголін: Банкаўская сістэма Беларусі пастаўленая на грань выжывання

Што будзе з грашыма грамадзян?

Міжнароднае фінансавае агенцтва Fitch Ratings адклікала рэйтынгі «Беларусбанка» і «Белінвестбанка» праз санкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні да гэтых банкаў.

Сайт Charter97.org абмеркаваў з эканамістам Львом Марголіным сітуацыю з дзяржаўнымі банкамі.

- Экспэрты заяўляюць, што гэта сур'ёзна абцяжарыць атрыманне расейскіх і кітайскіх крэдытаў. Ці згодныя вы з гэтым меркаваннем? Да якіх наступстваў прывядзе такая пастанова Fitch Rating?

- Перш за ўсё трэба сказаць, што гэта практычна паставіць крыж на атрыманні крэдытаў з іншых краін. Вядома, гэта значна ўскладніць атрыманне кітайскіх і расейскіх крэдытаў, аднак цалкам іх не выключыць, бо яны ў значнай ступені носяць палітычны характар.

Калі гаворка ідзе пра міжбанкаўскія крэдыты, то, вядома, і расейскія, і кітайскія банкі сапраўды гэтак жа кіруюцца рэйтынгавымі агенцтвамі. Іншая справа, што, па-мойму, гэта адзінае агенцтва, якое адклікала рэйтынг. Пакуль яшчэ можна карыстацца звесткамі іншых агенцтваў, але я думаю, што найбліжэйшым часам адбудзецца і іх дэмарш. Гэта можа здарыцца не таму, што яны не хочуць, а таму што ім складана выстаўляць рэйтынгі, калі ў эканамічныя працэсы ўмешваюцца неэканамічныя сілы. У гэтым выпадку - санкцыі.

Як ацаніць платаздольнасць банка, які знаходзіцца пад санкцыямі? Паколькі агенцтва Fitch шануе сваю рэпутацыю, яно проста імкнецца не звязвацца з такімі выпадкамі, калі ёсць не ўсе звесткі, каб можна было на ўсе 100% ацаніць.

- Як да такой пастановы ставіцца ўкладчыкам гэтых двух банкаў, а таксама іншым дзяржбанкам, якія могуць трапіць у такую ж сітуацыю? Ці важна сёння ўкладчыкам забіраць свае дэпазіты з дзяржбанкаў праз магчымасць іх страціць?

- Разумееце, тут вызначаць павінен кожны ўкладчык сам. Справа ў тым, што тут больш залежыць не ад рэйтынгаў, а ад дзеянняў Нацбанку і камерцыйных банкаў, дзе знаходзяцца ашчадкі.

Гэта пытанне даверу, наколькі інвестары давяраюць Нацбанку Беларусі, наколькі яны ўпэўненыя, што ён зможа вытрымаць ціск урада і іншых органаў улады, якія ціснуць, каб грашовая маса была павялічаная. Больш за тое, наколькі яны вераць у свае банкі, у тое, што яны будуць весці разумную палітыку. Вельмі шмат зменных і абставінаў, якія трэба ўлічваць, і кожны ўкладчык павінен зрабіць выбар для сябе.

Ад сябе магу толькі сказаць: Беларусь цяпер цалкам не тая краіна, дзе можна быць упэўненым у лёсе сваіх ашчадкаў.

- Краіны дэмакратычнага свету прадаўжаюць уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Экспэрты адзначаюць, што Нацбанк у будучыні можа быць уключаны ў санкцыйны спіс. Да якіх наступстваў гэта можа прывесці?

- Нацбанк - гэта ж не камерцыйны банк. Ён асаблівых аперацый на замежным рынку не вядзе, а таксама не звязаны наўпрост з нейкімі карэспандэнцкімі сувязямі з іншымі банкамі. Таму я не думаю, што для Нацбанку будзе важна, уведзеныя супраць яго санкцыі ці не.

Значна важней, ці будуць уведзеныя санкцыі агулам у дачыненні да беларускай банкаўскай сістэмы: такія, як адключэнне ад SWIFT, а таксама для якой колькасці камерцыйных банкаў будуць уведзеныя гэтыя санкцыі.

Нацбанк адказвае за ўстойлівасць банкаўскай сістэмы Беларусі, і кожны банк, які выпадае з гэтай сістэмы, павялічвае нагрузку на Нацбанк, бо яму даводзіцца падтрымліваць усіх, хто знаходзіцца ў крытычным стане. Таму пасрэдна санкцыі наўрад ці паўплываюць на Нацбанк. Калі шчыра, я сумняваюся, што хтосьці будзе ўводзіць санкцыі канкрэтна супраць Нацбанку.

- За красавік-чэрвень тэрміновыя банкаўскія ўклады беларусаў скараціліся на 1 мільярд 633,93 мільёна рублёў. Наколькі гэта сур'ёзная пагроза для эканомікі і ўлады?

- Гэта дастаткова сур'ёзная пагроза. Тут важней не колькасць, на якую скараціліся ашчадкі за 3 месяцы, а сама тэндэнцыя. Калі гэтая тэндэнцыя прадоўжыцца, то праз 2-3 кварталы банкаўская сістэма будзе пастаўленая на грань выжывання. Таму важна сачыць за ёй, калі яна будзе прадаўжацца, то гэта сур'ёзнае папярэджанне.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках