20 красавiка 2024, Субота, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty асудзіла парушэнні правоў спартоўцаў у Беларусі

1
Amnesty асудзіла парушэнні правоў спартоўцаў у Беларусі

Арганізацыя апублікавала даклад аб спартоўцах у краіне.

Выпадак лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, якую сілком спрабавалі адправіць з Японіі ў Беларусь, - не адзіны прыклад ціску, які практыкуецца беларускімі ўладамі на спартоўцаў. Усё больш атлетаў у Беларусі вымушаныя адмовіцца ад сваёй кар'еры і свабоды, крытыкуючы парушэнні правоў чалавека ў сябе на радзіме. Такія высновы дакладу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International (AI) пад назвай «Як спартоўцы ў Беларусі зазнаюць паказальныя рэпрэсіі за салідарнасць з пратэстоўцамі», прадстаўленага ў Берліне ў панядзелак, 2 жніўня, піша сайт dw.com.

«Спартыўнае кіраўніцтва Беларусі знаходзіцца пад наўпроставым кантролем уладаў за Аляксандрам Лукашэнкам. Спартоўцы карыстаюцца заахвочваннем дзяржавы і павагай грамадства, таму нядзіўна, што атлеты, якія выступаюць супраць уладаў, становяцца паказальнай мішэнню для рэпрэсій», - канстатавала экспэртка AI па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Хэза Макгіл.

Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года агулам было затрымана 95 спартоўцаў, сямёра зазналі палітычна матываваны пераслед, а 124 - іншыя формы рэпрэсій. 35 спартоўцаў і трэнераў былі выключаныя з нацыянальных каманд - такія звесткі прыводзіць Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF), няўрадавая арганізацыя, якая надае падтрымку спартоўцам, якія церпяць пераслед у Беларусі за іх палітычныя перакананні.

Рэпрэсіі супраць Аляксандры Герасімені

Асобна прадстаўлены ў дакладзе AI выпадак уладальніцы трох алімпійскіх медалёў у плаванні Аляксандры Герасімені.

Скончыўшы прафесійную спартовую кар'еру, яна прысвяціла сябе трэнерскай працы з дзецьмі. Пасля таго, як яна выступіла ў падтрымку пратэстнага руху, Герасімені забаранілі карыстацца для трэніровак дзяржаўнымі (гэта значыць, усімі наяўнымі) басейнамі ў Беларусі.

У красавіку 2021 года Следчы камітэт Беларусі абвясціў аб адкрыцці супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, якія ўзначальваюць «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», крымінальнай справы паводле артыкула «Аб здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Арышт Алены Леўчанкі

Іншым яскравым прыкладам ціску на спартоўцаў, якія выказваюць крытыку на адрас урада, на думку AI, з'яўляецца гісторыя баскетбалісткі Алены Леўчанкі, якая падпісала ў жніўні 2020 года адкрыты ліст з заклікам правесці новыя прэзідэнцкія выбары, спыніць катаванні і іншыя тыпы жорсткага абыходжання і перастаць арыштоўваць мірных дэманстрантаў.

30 верасня 2020 года яе затрымалі ў аэрапорце Мінска, калі яна збіралася ляцець у Грэцыю на лячэнне спартыўнай траўмы. Алена Леўчанка правяла 15 дзён у сумна вядомым следчым ізалятары «Акрэсціна» ў Менску, дзе зазнала асабліва жорсткае абыходжанне.

«Беларускія спартоўцы заплацілі высокі кошт за тое, што яны мужна выказалі сваю пазіцыю», - рэзюмавала Хэза Макгіл. Праваабаронца заклікала ўсіх прысутных падтрымаць акцыю салідарнасці з беларускімі атлетамі: онлайн-марафон у падтрымку беларускіх спартоўцаў, які пройдзе 9 жніўня на ініцыятыву Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках