МЗС Польшчы: Ціманоўская цяпер знаходзіцца пад апекай польскіх дыпламатаў у Токіё
9- 2.08.2021, 16:04
- 12,240
Беларуская бягуха атрымала гуманітарную польскую візу.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская, адхіленая кіраўніцтвам беларускай нацыянальнай каманды на Алімпіядзе ў Токіё ад удзелу ў спаборніцтвах, прыбудзе ў Польшчу, паведамляе «Польскае радыё».
«Крысціна Ціманоўская звярнулася па гуманітарную візу, якую атрымала. Крысціна Ціманоўская выказала жаданне прыехаць у Польшчу. Спартоўка ўжо мае на гэта права. Польскія дыпламаты дапамагаюць ёй арганізаваць гэты візіт, бо яна атрымала адпаведную візу».
Марцін Пшыдач запэўніў, што Міністэрства замежных спраў паведаміць, калі бягуха ўжо будзе ў Польшчы. Ён дадаў, што Ціманоўская цяпер знаходзіцца пад апекай польскіх дыпламатаў у пасольстве РП у Токіё.
Крысціна Ціманоўская была адхіленая ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях пасля крытыкі беларускіх спартыўных чыноўнікаў. Яны хацелі прымусіць яе бегчы дыстанцыю, на якую яна не была падрыхтаваная, а пасля адмовы спартоўкі, агучанай ёю ў сацсетках, мелі намер адправіць яе назад з Японіі ў Беларусь.
Напярэдадні, баючыся рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, муж Ціманоўская - Арсень Зданевіч пакінуў Беларусь і знаходзіцца ва Украіне.