25 красавiка 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Капіталы 24 найбагацейшых расейцаў перавысілі рублёвыя зберажэнні ўсяго насельніцтва краіны

3
Капіталы 24 найбагацейшых расейцаў перавысілі рублёвыя зберажэнні ўсяго насельніцтва краіны
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Узровень няроўнасці даходаў у РФ - адзін з самых высокіх у свеце.

Расейскія мільярдэры значна павялічылі свае багацці на фоне ралі фондавых рынкаў і росту коштаў сыравіны, піша finanz.ru.

За сем месяцаў 2021 года 24 найбагацейшых бізнэсоўцаў РФ разбагацелі сумарна на 43,9 млрд даляраў, падлічыў Bloomberg у чарговым сусветным рэйтынгу мільярдэраў (BBI).

Агулам два тузіны расейцаў валодаюць актывамі на суму 372,93 млрд даляраў, або 27,194 трыльёна рублёў існым курсам.

Гэта больш, чым трымае на рублёвых рахунках у расейскіх банках усё насельніцтва краіны - 25,667 трлн рублёў, паводле звестак ЦБ РФ на 1 ліпеня.

Найбагацейшым сярод расейскіх мільярдэраў застаўся галоўны акцыянер «Нарнікелю» Уладзімір Патанін: з пачатку года ён павялічыў сваё багацце на 3,36 млрд даляраў, да 33,4 млрд, і заняў 42-е месца ў сусветным рэйтынгу, апярэдзіўшы, да прыкладу, амерыканца Эрыка Шміта, які разам з Лары Пейджам і Сяргеем Брынам стаяў ля вытокаў Google.

Лідарам у тэмпе прыросту багацця стаў уладальнік «Поўначсталі» і «Сілавых машын» Аляксей Мардашоў: ягонае багацце вырасла на 6,14 млрд даляраў, да 29,2 млрд.

У расейскім рэйтынгу Мардашоў заняў 4-ы радок, прапусціўшы наперад акцыянера «Наватэка» і «СІБУРа» Леаніда Міхельсона і ўладальніка НЛМК Уладзіміра Лісіна.

Міхельсон за студзень-ліпень павялічыў багацце на 5,82 млрд даляраў, да 30,6 млрд, а Лісін - на 5,48 млрд даляраў, да 29,3 млрд.

Замыкае расейскі топ-5 асноўны акцыянер «Лукойла» Вагіт Алекпераў. Ягоны капітал Bloomberg ацаніў на 21,3 млрд даляраў, што на 4,01 млрд больш, чым у пачатку года.

Толькі пяць расейскіх мільярдэраў з 24, уключаных у рэйтынг, зафіксавалі зніжэнне сваіх капіталаў у 2021 годзе.

На 886 млн даляраў пабяднеў уладальнік СВЭК і «ЕўраХіма» Андрэй Мельнічэнка. Ягонае багацце апусцілася да 17,2 млрд даляраў.

770 млн даляраў страціў акцыянер «Альфа-банка», Veon («Білайн») і X5 Retail Group Міхаіл Фрыдман. Ягоныя актывы на пачатак жніўня ацэньваюцца на 13,7 млрд даляраў.

На 428 млн даляраў, да 9,36 млрд даляраў зменшылася багацце партнёра Фрыдмана ў інвестыцыях Германа Хана.

На 731 млн даляраў збяднела гендырэктарка Wildberries Таццяна Бакальчук, на 355 млн - Аляксей Кузьмічоў, які валодае доляй у LetterOne Holdings разам з Ханам і Фрыдманам.

З мільярдэрамі, якія багацеюць, Расея ўваходзіць у топ-5 сярод буйных эканомік свету ў падзення агульнага дабрабыту насельніцтва.

За мінулы год 111,8 млн дарослых расейцаў збяднелі сумарна на 338 млрд даляраў і скончылі год з сярэднім дабрабытам у суме 27,162 тысячы даляраў на чалавека, падлічылі аналітыкі Credit Suisse.

Пры гэтым пераважная большасць расейскіх грамадзян валодаюць актывамі на суму, у разы ніжэйшую, бо ўзровень няроўнасці ў РФ - адзін з самых высокіх у свеце.

З каэфіцыентам Джыні 87,8 Расея апярэджвае амаль усе краіны Лацінскай Амерыкі (акрамя Бразіліі - 88), большасць дзяржаў Афрыкі (акрамя ПАР - 88), саступаючы толькі асобным блізкаўсходнім петракратыям (ААЭ - 88,8, Бахрэйн - 88,9) і ўлюбёным афшорам мільярдэраў (Багамскія выспы - 91,2).

У паловы насельніцтва Расеі, на падлікі Credit Suisse, сумарны аб'ём актываў не перавышае суму 5431 даляр на чалавека. Гэта медыянны ўзровень дабрабыту, які ў параўнанні з мінулым годам скараціўся на 691 даляр, 11,2% - на столькі збяднеў сярэднестатыстычны расеец за год пандэміі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках