20 красавiка 2024, Субота, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крысціна Ціманоўская: У Беларусі мяне могуць пасадзіць у турму, буду прасіць прытулак

33
Крысціна Ціманоўская: У Беларусі мяне могуць пасадзіць у турму, буду прасіць прытулак

Першае вялікае інтэрв'ю лёгкаатлеткі пасля таго, як яна трапіла ў няласку.

Нягледзячы на вельмі сціплыя вынікі, алімпійская каманда Беларусі ўсё ж здолела прыцягнуць да сябе сусветную ўвагу падчас Алімпіяды ў Токіё. Для гэтага было дастаткова ўчыніць спробу датэрміновага прымусовага вывазу з Гульняў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. За дзень да старту на 200-мэтроўцы прадстаўнікі беларускай каманды паінфармавалі бягуху, што ёй трэба пільна вылецець у Менск. Прычына - допісы, зробленыя Ціманоўскай напярэдадні ў інстаграме, дзе яна абурылася нечаканым уключэннем у эстафету 4 па 400. бягуха не спецыялізуецца на гэтай дыстанцыі, а пастанова аб заяўцы ў эстафету была прынятая без ейнай згоды.

Прадстаўнікі алімпійскай дэлегацыі суправадзілі Ціманоўскую ў аэрапорт, дзе яна папрасіла аб дапамозе японскіх паліцыянтаў. Таксама бягуха запісала зварот на адрас Міжнароднага алімпійскага камітэта, які пасля гэтага пачаў вывучаць канфлікт. На гэтую гісторыю звярнулі ўвагу шмат якія мэдыі, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія жывуць у Японіі. Падтрымку Ціманоўскай пасля перамоў з лідэрам Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўлам Латушкам падмелася даць польскае пасольства ў Японіі.

«Трыбуна» звязалася з Ціманоўскай і абмеркавала сітуацыю, якая склалася. Дзяўчына баіцца апынуцца ў турме і не жадае цяпер вяртацца на Радзіму, а таксама апісвае дзіўныя дыялогі са спартовымі функцыянерамі, падчас якіх больш за ўсё яе ўразіў псіхолаг алімпійскай каманды.

- На гэты момант я знаходжуся ў аддзяленні паліцыі ў аэрапорце ў Токіё. Пакуль думаю, што я ў бяспецы. Мне сказалі, што ў сітуацыі разбіраюцца, паліцыя далучалася. Людзі звяртаюцца ў МАК, каб там чыноўнікі таксама мне дапамаглі.

- Раскажыце, як, хто і калі Вам сказаў пакінуць Токіё.

- Учора да мяне прыйшоў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Юрый Майсевіч. Ён прапанаваў мне адмовіцца ад удзелу ў бегу на 200 мэтраў, сказаць, што маю траўму. Зняцца і паляцець дадому. Ён сказаў, што мяне трэба прыбраць з Алімпіяды. На гэты момант мяне хочуць прыбраць толькі з Алімпіяды, але калі я адмоўлюся і выйду на дыстанцыю 200 мэтраў, то мяне будуць прыбіраць з нацыянальнай каманды, пазбавяць працы і, магчыма, будуць яшчэ нейкія наступствы. Мы з трэнерам яшчэ доўга размаўлялі і ўсё-ткі прыйшлі да пастановы, што я пабягу, але не буду даваць ніякіх каментароў. Маўляў, усё пройдзе спакойна. Прабягу 200 мэтраў і вярнуся дадому. Але сёння пасля абеду да мяне ў пакой прыйшоў Артур Шумак, прадстаўнік нашай нацыянальнай каманды, і Майсевіч, і яны мне сказалі, што літаральна праз пару гадзін я павінна быць у аэрапорце. Мне трэба хутка збіраць рэчы і выязджаць. Прыйшоў псіхолаг, які спрабаваў са мной размаўляць. Не памятаю ягонае прозвішча, бо я не надта яго старалася слухаць. Ён мне вёрз нейкую лухту. Нібыта ён працаваў з забойцамі, у «Навінках», шмат чаго пабачыў. Не ясна, навошта мне гэта. Імкнулася яго не слухаць. Потым ён спрабаваў паставіць сябе на маё месца, а мяне - на яго. Сядаў і рабіў выгляд, што ён - гэта я. І ён граў ролю, быццам я сяджу ў кабінеце міністра спорту і кажу: «Так, я вінаватая, сама ініцыявала гэтую сустрэчу». Навошта ён гэта рабіў, я наогул не зразумела.

Пасля гэтага ў пакой зноў зайшоў Шумак і сказаў, што я маю 40 хвілін, каб сабрацца. Я пачала складаць рэчы, да мяне кожныя 10 хвілін падыходзілі і спраўджвалі, ці хутка я збяруся. Я збірала рэчы паўтары гадзіны, старалася максімальна валаводзіць. Перапісвалася з мужам, са сваякамі, мы думалі, што рабіць, куды звяртацца. Прынялі пастанову, што прыеду ў аэрапорт, а там пайду ў паліцыю. Так урэшце і зрабіла.

- Праўда, што вас суправаджалі людзі спартовага целаскладу?

- Не. Са мной былі два чалавекі: псіхолаг і прадстаўнік ад НАК (начальнік аддзела міжнародных дачыненняў НАК Васіль Юрчык - заўвага).

- Як Вас везлі? У аўтамабіль не запіхвалі?

- Гэтыя людзі ўзялі мае валізкі, пайшлі на паркоўку, паклалі рэчы ў легкавік. Я таксама села - і мы паехалі ў аэрапорт.

- Што там зрабілі найперш?

- Мы спачатку доўга не маглі знайсці наш тэрмінал. Калі знайшлі, накіраваліся да стойкі рэгістрацыі. Там было шмат людзей з беларускай каманды, дэлегацыі. Я спытала ў людзей, якія мне дапамагаюць, што рабіць. Яны сказалі, што калі побач ёсць паліцыя, то трэба звяртацца да яе, тады можна не паспець сесці на рэйс. Я так зразумела, што суправаджальнікі планавалі стаяць са мной да канца, пакуль я не атрымаю білет і не пайду на пасадку. Я адразу падышла да паліцыі, і далей ужо пачалося высвятленне.

- Як тыя, хто Вас суправаджаў, адрэагавалі на з'яўленне паліцыі?

- Яны пачалі камусьці тэлефанаваць. Потым селі за пяць мэтраў ад мяне і не сыходзілі нікуды, з кімсьці размаўлялі па тэлефоне.

- Прадстаўнікі беларускай дыяспары дапамагалі?

- Так, яны зараз прыйшлі, але яны знаходзяцца на дварэ, а я ў пастарунку ў аэрапорце. Зараз разглядаецца пытанне, як і што рабіць далей.

- Вам наогул сказалі, чаму Вы павінны пакінуць Токіё?

- Не. Як мне сказаў Майсевіч, гэтае пытанне ўжо не на ўзроўні федэрацыі [лёгкай атлетыкі], не на ўзроўні міністэрства спорту, а узроўнем вышэй. Што мяне трэба зліквідаваць з Алімпіяды, вярнуць дадому, бо я перашкаджаю камандзе выступаць. Мяне трэба прыбраць, каб усе супакоіліся і спаборнічалі далей. І гэта нават нягледзячы на тое, што заўтра я меа бегчы 200 мэтраў. Майсевіч гаварыў яшчэ пра эстафеты. Маўляў, калі дзве дзяўчынкі не змаглі прыляцець, чаму астатнія не могуць прыляцець (яны яшчэ не ў Токіё) праз тое, што я не хачу бегчы. Трэба даць шанец гэтым дзяўчатам прабегчы. І гэта пры тым, што мае шанцы выступіць на 200 мэтраў трэнеры забіраюць.

- НАК паведаміў, што зняцце з Алімпіяды звязана з вашым псіхалагічным станам.

- Ніякія лекары да мяне не прыходзілі, ніхто мяне не абследаваў. Я маю добры псіхалагічны стан, нават нягледзячы на тое, што здарылася такая сітуацыя. Я нармальна трымаюся, не маю ніякіх праблем са здароўем, траўмаў, праблем з псіхікай. Я была ахвочая бегчы.

- Некалькі дзён таму Вы ў Instagram выклалі відэа, дзе выказаліся з нагоды таго, што Вас наважылі заявіць на эстафету. Гэтыя відэа былі выкліканыя эмоцыямі або Вы запісвалі іх свядома?

- Гэта было зроблена збольшага на эмоцыях, але і не буду адмаўляцца ад сваіх слоў. Так, я абураная! Усё ж такі мы прыехалі на Алімпійскія гульні, і заяўляць нас на дыстанцыю, на якой мы ніколі ў жыцці не выступалі, гэта супярэчыць усім правілам. Гэта поўная непавага да спартоўцаў, да працы, у якую ўкладвалі ўсе гады, рыхтаваліся да сваіх дыстанцый. А тут адбываецца поўны хаос. У той момант, калі даведалася, што магу бегчы эстафету, паспрабавала звязацца з Шумаком. Ён мне не адказаў, проста прачытаў паведамленні. Потым сказаў, што ў яго нібыта дрэнна лавіў тэлефон, таму ён не змог мне адказаць. Майсевіч мне напісаў, што мне ніхто не адказваў, бо яны хацелі засцерагчы мяне ад лішняй інфармацыі, каб я лішні раз не нэрвавалася. Аднак на эмоцыі мяне вывела іхняе ігнараванне. Не сам факт таго, што мяне заявілі на эстафету, а поўнае ігнараванне ў мой бок. І тое, што пастанова была прынятая за маёй спінай, не параіўшыся ні са мной, ні з трэнерам і потым нават не паведаміўшы нічога. Гэта поўная непавага!

- Чаму выдалілі гэтыя відэа?

- Мне пачалі тэлефанаваць з пагрозамі і казаць, каб я выдаліла відэа, калі хачу далей быць у спорце. Спачатку я доўга адмаўлялася выдаляць, але потым зрабіла гэта, каб мне перасталі тэлефанаваць.

- А хто тэлефанаваў?

- Старшая трэнерка ў спрынце Яўгенія Валадзько тэлефанавала нават з Менска, яшчэ нехта. Валадзько казала, што яе выклікалі ў міністэрства.

- Потым вы зрабілі допіс, дзе расставілі ўсе кропкі над і. Гэта Ваша пастанова або Вам сказалі апублікаваць такі запіс?

- Не, гэта асабіста мая пастанова, бо мне пісаў шмат хто, каментароў у дырэкт я атрымала больш за тысячу. Я проста фізічна не магла ўсім адказаць, таму наважыла напісаць допіс, каб расставіць усе кропкі над і ды растлумачыць прычыну сваіх эмоцый. Таксама паспрабавала растлумачыць, што калі б да мяне прыйшлі і растлумачылі усё па-чалавечы, то, магчыма, ахвочая была б прабегчы, хай ніколі і не бегала гэтую дыстанцыю. За каманду ахвочая была пастаяць. Але раз усё вызначылі за маёй спінай, гэта непрымальна не толькі для мяне, а ў прынцыпе для кожнага спартоўца.

- Вы казалі, што баіцеся ляцець у Беларусь. Чаму?

- Бо я баюся, што ў Беларусі мяне, магчыма, могуць пасадзіць у турму. Я не баюся таго, што мяне звольняць або выганяць з нацыянальнай каманды. Я турбуюся пра сваю бяспеку. І думаю, што на гэты момант у Беларусі для мяне небяспечна.

- А за што Вас могуць пасадзіць, бо Вы закон не парушалі?

- У тым ж і рэч, што нічога не зрабіла, пры гэтым мяне пазбавілі права ўдзельнічаць у бегу на 200 мэтраў і захацелі адправіць дадому. Таму я нават не ведаю, што Вам адказаць.

- Вы хочаце атрымаць палітычны прытулак у Аўстрыі?

- Пакуль мы думаем, куды звярнуцца. Думаю, наступную ноч над гэтым давядзецца паразважаць. І ўжо заўтра прымем нейкую пастанову.

- Хто Вам цяпер дапамагае, хто на Вашай старане і спрабуе ўрэгуляваць сітуацыю?

- Хлопцы з SOS.BY, Беларускі фонд спартовай салідарнасці падлучылі ўсе свае магчымасці.

- Як на сітуацыю адрэагавалі іншыя чальцы нацыянальных камандаў?

- Думаю, яны проста нічога не ведалі. Калі даведаліся пра эстафету, пра мае допісы ў Instagram, некаторыя хлопцы мяне падтрымалі. Сказалі, што мяне разумеюць і падтрымліваюць. А з нагоды майго ад'езду ніхто нічога не ведаў, ніякай рэакцыі няма.

- Напэўна, баяцца выказацца.

- Я думаю, так.

- Вы ведаеце, што на дзяржаўнай ТВ ў Беларусі Вас напярэдадні актыўна абмяркоўвалі?

- Так, усё ведаю, мне дасылалі інфармацыю і відэа. Што я магу сказаць? Ужо калі ўбачыла, як пра мяне гавораць на ТВ, што кажа Азаронак ды іншыя рэпарцёры, то ў мяне знікла да іх усялякая павага як да мужчын, бо яны дазваляюць у дачыненні да дзяўчыны непрыемныя словы. Я ж нічога такога не зрабіла, нічога не сказала. Палітыку не кранала. Але атрымала шквал негатыву, у тым ліку ў Instagram, які мне не зразумелы.

- Што далей будзеце рабіць?

- Цяпер я ў паліцыі, а далей буду прасіць прытулак. Крок за крокам будзем дзейнічаць. Я планую пакінуць Токіё, але не тым рэйсам, якім мяне хацелі адправіць. Цяпер я пад аховай паліцыі.

- Як думаеце, да чаго можа прывесці ваша сітуацыя? Бо звароты ў МАК ужо паступілі.

- Калі шчыра, пакуль не ведаю, да чаго можа прывесці. Але вінаватыя ў кожным выпадку маюць быць пакараныя. Вось так вось фармавалі каманду, схібілі з эстафетамі. І людзі маюць быць пакараныя. Думаю, што гэта, мабыць, віна не федэрацыі, а нацыянальнай каманды лёгкай атлетыкі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках