28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крысціна Ціманоўская: Я не вярнуся ў Беларусь

16
Крысціна Ціманоўская: Я не вярнуся ў Беларусь
ФОТА: REUTERS/ISSEI KATO

Лёгкаатлетка мерыцца прасіць палітычны прытулак у Еўропе.

З'явіліся фатаграфіі з такійскага аэрапорта, дзе беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую суправаджаюць паліцыянты.

Яна звярнулася да іх па дапамогу, каб яе не вымусілі вяртацца ў Беларусь.

«Я не вярнуся ў Беларусь», - заявіла яна журналісту Reuters.

«Я думаю, што я ў бяспецы. Я з паліцыяй», - дадала Ціманоўская.

БФСС паведамляе, што да Ціманоўскай выехалі прадстаўнікі японскага МЗС.

Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што вывучае сітуацыю з беларускай лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якую спрабавалі вывезці з краіны.

Раней спартоўка заявіла, што на яе ціснуць і без яе згоды прадстаўнікі НАК спрабавалі вывезці з Японіі. Ціманоўская заклікала МАК разабрацца ў сітуацыі.

«Я прашу МАК дапамогі, на мяне ціснуць і мяне спрабавалі вывезці з краіны без маёй згоды. Прашу МАК умяшацца у гэта», - казала Ціманоўская.

Паведамлялася, што спартоўка не праходзіла рэгістрацыю на рэйс Токіё - Стамбул, які запланаваны на 16:30 паводле беларускага часу.

Раней БФСС пісаў, што «Ціманоўскую гвалтоўна вывозяць з Токіё. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай каманды дэпартуюць лёгкаатлетку, ёй тэрмінова купілі білет на самалёт, зараз вязуць з рэчамі ў аэрапорт».

Трэнерскі штаб беларускай нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы заявіў, што бягуха Крысціна Ціманоўская спыняе свой выступ на Алімпіядзе ў Токіё. Адкліканая заяўка спартоўкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 метраў і ў эстафеце 4 па 400 метраў. Адхілілі са слоў лекараў з фармулёўкай «у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам». Ціманоўская заявіла, што гэта няпраўда і лекары не аглядалі.

«Гэта хлусня», - напісала ў гісторыю ў інстаграме Ціманоўская.

Некалькі дзён таму ў гісторыі ў інстаграме Крысціна Ціманоўская абурылася, што яе паставілі выступаць у эстафеце на 400 метраў, тады як яна збіралася бегчы дыстанцыі 100 і 200 метраў. Спартоўка выказала незадаволенасць тым, што такая пастанова была прынятая без яе ўдзелу і ўсе «пастанавілі за ейнай спінай». На эстафету яе пастанавілі заявіць з прычыны таго, што двух беларускіх спрынтарак не дапусцілі да спаборніцтваў праз нястачу допінг-пробаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках