29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларуска спрабавала запісацца на ПЦР-тэст за тыдзень да вылету з краіны

4
Як беларуска спрабавала запісацца на ПЦР-тэст за тыдзень да вылету з краіны
ФОТА: PIXABAY.COM

Павучальная гісторыя для тых, хто плануе падарожжа.

Для паездкі ў Расею з 25 ліпеня патрабуецца адмоўны ПЦР-тэст - з сертыфікатам пра вакцынацыю «Спутнік V» (нават з QR-кодам!) не прапусцяць. А квіткі ўжо на руках. Нічога не застаецца, як тэрмінова запісвацца на аналіз. Ці лёгка прайсці гэты квэст, на сабе зведала карэспандэнт Intex-press Аляксандра Разіна:

- Яшчэ вясной я запланавала паездку ў Расею да родных у канцы лета. Зрабіла прышчэпку вакцынай «Спутнік V», атрымала сертыфікат і, адзначыўшы на ім QR-код, патэлефанавала на гарачую лінію ўпраўлення аховы здароўя Берасцейскай вобласці, каб пераканацца, што з сертыфікатам мяне пусцяць у Расею. Пачуўшы станоўчы адказ, замовіла авіябілет на 8 жніўня.

Але 25 ліпеня выйшла новая пастанова, згодна з якой пры перасячэнні мяжы з РФ патрэбны ПЦР-тэст. Абтэлефанаваўшы 27 ліпеня розныя інстанцыі і амбасады, высветліла, што вакцынавалася я «для здароўя, а не для перасячэння мяжы».

«Гэта яшчэ не шмат - звычайна па 80 чалавек тут»

Тады ж я патэлефанавала ў адзіную ўстанову горада Баранавічы, дзе робяць тэсты для выезду за мяжу, - у Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Найбліжэйшы запіс апынуўся на 13 жніўня. Больш за два тыдні чакаць!

ФОТА: АЛЯКСАНДРА РАЗІНА

Увечары 29 ліпеня ад знаёмай пачула, што ёй удалося зрабіць ПЦР-тэст за некалькі дзён да выезду - яна проста асабіста прыйшла ва ўстанову. Я таксама наважыла выпрабаваць поспех.

Раніцай 30 ліпеня я прыехала ў Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. На ўваходзе мне вымералі тэмпературу і растлумачылі, што пытанне аб тэсце я магу вырашыць у кабінеце №12.

ФОТА: АЛЯКСАНДРА РАЗІНА

І вось я ў кабінета, але побач з ім велізарная чарга - чалавек 20.

- Напраўду, гэта яшчэ не шмат - звычайна тут стаіць чарга па 80 чалавек, частка з іх нават на вуліцы чакае, - патлумачыла супрацоўніца, убачыўшы мой твар.

Адна з жанчын у чарзе пацікавілася, для чаго я прыйшла, а выслухаўшы, заявіла, што «лягчэй запісацца па тэлефоне».

- Дзяўчына, не марнуйце час. Тут прыйдзецца доўга чакаць, пакуль усе аформяцца, - патлумачыла яна.

Але я вырашыла чакаць.

«Можна па-экстранным, але гэта даражэй»

Тым часам у чарзе абмяркоўвалі тэрміны запісу.

- На якія даты яшчэ вольны запіс?

- Бог яго ведае, тыдні праз тры, хутчэй за ўсё. Але можна яшчэ па-экстранным запісацца.

«Ого, можа, гэта мой шанец», - падумала я і стала больш уважліва прыслухоўвацца.

- А што гэта за экстраннае?

- Ну, гэта калі вельмі тэрмінова трэба выехаць за мяжу: заўтра, напрыклад. Тады можна экстранна здаць ПЦР-тэст, але гэта нібыта даражэй.

ФОТА: АЛЯКСАНДРА РАЗІНА

Тым часам чарга ледзь рухалася. Высветлілася, што людзі, якія ў ёй стаяць, запісаліся на тэст некалькі тыдняў (а некаторыя - і месяцаў!) таму. Яны прыйшлі сюды з самай раніцы, каб аформіць свае дамовы на вакцынацыю, а потым толькі здаць запаветны тэст. Некаторыя прыйшлі аформіць дамовы загадзя, каб перад тэстам не стаяць у чарзе.

«Месцаў няма, найбліжэйшае 18 жніўня»

- А на якія даты яшчэ можна запісацца? - нечакана крыкнуў камусьці ў кабінет мужчына, які стаяў побач.

З кабінета выйшла жанчына і стала пытацца ўсіх хто стаяў у чарзе пра мэту візіту. Як быццам сюды могуць прыйсці з нейкай іншай прычыны, акрамя як па пытанні здачы ПЦР-тэсту.

Адны адказвалі, што «па запісу», іншыя, што «хочуць аформіць дамову», а трэція, як і я, што «хочуць запісацца на тэст».

- Калі едзеце? - спытала супрацоўніца ўстановы ў таго мужчыны, які цікавіўся датамі.

- 24 і 26 жніўня, - адказаў ён.

- Чакайце. А вы што? - звярнулася яна да мяне.

Пачуўшы, што ў мяне квіток на самалёт на 8 жніўня, яна заявіла:

- Месцаў няма, найбліжэйшае 18 жніўня, шукайце іншую лабараторыю.

Я паспрабавала выпытаць пра тыя самыя «экстранныя запісы» і што ж мне ў гэтай сітуацыі рабіць, але ад мяне проста адмахнуліся.

«Мне хацелася спаліць гэтую санстанцыю»

Адзін з мужчын у чарзе вырашыў мяне падбадзёрыць.

- У мінулы раз я таксама не змог тут запісацца, прыйшлося ў Пінск ехаць. У той момант, калі я пачуў, што тры тыдні чакаць запісу, мне хацелася спаліць гэтую санстанцыю, - распавёў ён сваю гісторыю.

Малады чалавек, які стаіць побач, падхапіў нашу размову:

- І не кажаце, я вось у Горадні здаваў тэст у мінулы раз, дык там прыйшоў, за дзесяць хвілін усё зрабіў і сышоў сабе спакойна. Так, тэст каштаваў на 10 рублёў даражэй, але ў параўнанні з усёй гэтай марокай - дробязі.

Не вытрымала і жанчына. Распавяла, што запісалася на ПЦР-тэст паўтара месяца назад, цяпер прыйшла, каб загадзя аформіць дамову.

- Але ўсё роўна хвалююся, што нешта пойдзе не так. Спадзяюся, вынік усё ж такі прыйдзе, а то я чула пра выпадкі, калі яшчэ і вынік своечасова не прыходзіў, - панаракала яна.

Сыходзіла я з цвёрдым намерам тэрмінова пачынаць шукаць найбліжэйшыя лабараторыі. Бо ўжо праз тыдзень вылятаць.

Куды бегчы?

Каб спрасціць сабе задачу, я паглядзела найбліжэйшыя лабараторыі ў дадатку «Вандруй без COVID-19».

Пінск не адказваў: у занальным цэнтры на працягу некалькіх гадзін не бралі слухаўку.

Далей па спісе ішоў горад Ліда. У мясцовую санстанцыю я датэлефанавалася з першага разу. І цуд - супрацоўніца паведаміла мне адразу чатыры нумары тэлефона. Высветлілася, што ў Лідзе цэлых чатыры (!) паліклінікі, у якіх можна здаць ПЦР-тэст.

- Але глядзіце: вы здадзіце тэст, але вынік прыйдзе толькі на наступны дзень. Ехаць за вынікам вам не трэба, ён адразу прыйдзе ў дадатак «Вандруй без COVID-19», - ласкава адказала жанчына.

Чаму ў Лідзе чатыры лабараторыі, а ў Баранавічах - адна?

Па першым жа нумары тэлефона мне паведамілі, што найбліжэйшая запіс - 10 жніўня», па другім – што «на 6 і 7 жніўня ўжо ўсё распісана». Трэцяя спроба была ўдалай. Удакладніўшы, калі я вылятаю, параілі, што лепш запісацца на 6 жніўня. І месца ёсць! Я не магла паверыць свайму шчасцю.

Дарэчы, у адрозненне ад Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у Лідзе, каб здаць ПЦР-тэст, патрэбны толькі пашпарт. Ніякіх квіткоў на самалёт, ніякіх запісаў на тры тыдні наперад, і аплаціць усе можна на месцы банкаўскай картай! Кошт тэсту - амаль 40 рублёў.

Вось сяджу цяпер і ламаю галаву. Насельніцтва Баранавічаў - амаль 180 тысяч чалавек, і пры гэтым у горадзе працуе толькі адна лабараторыя, дзе можна зрабіць ПЦР-тэст для выезду за мяжу. Насельніцтва Ліды - крыху больш за 100 тысяч чалавек, а ў горадзе ёсць цэлых чатыры лабараторыі. Чаму так?

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках