19 красавiка 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэальныя пенсіі ў Расеі падаюць пяты месяц запар

3
Рэальныя пенсіі ў Расеі падаюць пяты месяц запар

Інфляцыя дабівае расейскіх пенсіянераў.

У Расеі ўсё з большай хуткасцю працягваецца зніжэнне рэальных пенсій.

У чэрвені 43 мільёны расейскіх пенсіянераў атрымлівалі ў сярэднім 15 822 рублі ў месяц, даў справаздачу ў штомесячным дакладзе Расстат, паведамляе finanz.ru.

У намінальным выразе за год пенсіі выраслі на 846 рублёў, або 5,6%. Але рэзкае паскарэнне інфляцыі «з'ела» ўсю праведзеную дзяржавай індэксацыю.

У рэальным выразе пенсіі ў чэрвені ўпалі пяты месяц запар - на 0,8%. У траўні спад складаў 0,5%, у красавіку - 0,1%, у сакавіку - 0,2%, у лютым - 0,1%.

Пакупніцкая здольнасць пенсій у базавых харчовых таварах і леках, на якія ў пенсіянераў сыходзяць амаль усе грошы, абрынулася яшчэ мацней.

Так, прадукты харчавання ў чэрвені падаражэлі на 8,7%. Рэальны памер пенсій, скарэктаваны на дынаміку гэтага рынку, скараціўся, такім чынам, на 3,1%. Медыкаменты сталі даражэйшыя на 7,6% за паўгода, што дае спад у 2% у пераліку на пакупніцкую здольнасць.

Згодна з законам аб бюджэце, сёлета Пенсійны фонд накіруе на выплаты пенсіянерам 9,567 трлн - на 125 млрд менш, чым годам раней.

Эканоміць грошы дзяржаве дазваляе скарачэнне колькасці пенсіянераў. На фоне пандэміі і пенсійнай рэформы з 1 студзеня 2019 года да 1 красавіка 2021 года іх стала менш на 1,276 мільёна чалавек - рэкордную велічыню за ўсю гісторыю даступнай статыстыкі (з 1998 года).

Тры чвэрці гэтага скарачэння адбылося ў апошнія тры кварталы: з 1 ліпеня 2020 года да пачатку красавіка гэтая колькасць пенсіянераў зменшылася на 956 тысяч чалавек.

Летась у рэальным выразе пенсіі ў Расеі выраслі на 1,4%. У пераліку на грошы пакупніцкая здольнасць сярэдняга пенсіянера стала большай на 230 рублёў у месяц, ці 2760 рублёў у год (амаль 31 еўра).

У параўнанні з 2013-м годам пенсіі ў Расеі выраслі на 7,2 тысячы рублёў, ці амаль 72%, але ў пераліку на даляры іх сума абрынулася на 29%: 8 гадоў таму гэта было 304 даляры, а цяпер - 216 даляраў.

Рост пенсій у РФ рэгулюе федэральны закон ад 3 кастрычнiка 2018 года: намінальная індэксацыя павінна скласці 6,3% у 2021-м годзе, 5,9% - у 2022-м, 5,6% - у 2023-м, 5,5 % - у 2024-м. Рэальны прырост будзе залежаць ад фактычнай інфляцыі, якая пакуль аказваецца вышэй за прагнозы ўладаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках