29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бразілія анансавала разрыў кантракту на закупку «Спутніка V»

4
Бразілія анансавала разрыў кантракту на закупку «Спутніка V»

Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Марсэла Кейрога.

Бразілія плануе разарваць падпісаны ў сакавіку кантракт на пастаўку 10 мільёнаў доз расейскай вакцыны «Спутнік V». Як паведамляе Reuters, пра гэта заявіў міністр аховы здароўя краіны Марсэла Кейрога.

З ягоных слоў, гэта пастанова звязана з пратэрмінаванымі дэдлайнамі ў працэсе рэгістрацыі вакцыны нацыянальным рэгулятарам Anvisa.

Праграма імунізацыі Бразіліі не мае патрэбы ў расейскай вакцыне, хоць гэта можа змяніцца, калі Anvisa выдасць ліцэнзію «Спутніка V», заявіў Кейрога.

Пагадненне аб закупках расейскай вакцыны было заключана з бразільскай фармацэўтычнай кампаніяй Uniao Quimica, якая таксама плануе вырабляць прэпарат у краіне для экспарту ў суседнія дзяржавы.

Але кантракт патрабаваў экстраннага адабрэння Anvisa, працэс атрымання якога спыніўся, бо, паводле звестак рэгулятара, кампанія не дала ўсіх неабходных звестак.

16 штатаў Бразіліі запыталі дазвол на імпарт «Спутніка V». Anvisa ўхваліла гэтыя запыты з шэрагам умоў, у ліку якіх было правядзенне нацыянальнага тэставання ў Бразіліі. Толькі 4 штаты пагадзіліся выканаць гэтыя патрабаванні.

Кантракты на пастаўку расейскай вакцыны зрываюцца ва ўсім свеце, у першую чаргу праз затрымку з другім кампанентам, піша BBC News.

Так, Балівія павінна была атрымаць з Расеі 5,2 мільёна доз « Спутніка» да канца траўня. Да канца ліпеня даставілі менш за чвэрць гэтага аб'ёму. Да 30 чэрвеня атрымана было толькі 745 тысяч доз. У дваццатых чыслах ліпеня даставілі яшчэ 525 тысяч, затым было паведамлена, што прыбыццё новай партыі ў 200 тысяч доз затрымліваецца.

У выніку ўлады апынуліся ў складанай сітуацыі: завяршаць вакцынацыю тых, каму дастаўся «Спутнік» няма чым. Гранічна дапушчальны тэрмін увядзення другога кампанента пераносілі ўжо двойчы.

У канцы чэрвеня Амелія Флорэс, міністр аховы здароўя Гватэмалы, папрасіла Маскву вярнуць аванс у 79 млн даляраў, выплачаны ў красавіку за пастаўку 16 мільёнаў доз «Спутніка». Паводле звестак урада краіны, да канца чэрвеня пастаўлена было ўсяго 150 тысяч доз.

Пасля заявы міністра Расея накіравала ў Гватэмалу 200 тысяч доз вакцыны, неўзабаве прыйшла яшчэ адна такая ж партыя. Амбасадар Расеі ў Гватэмале заявіў, што зробіць усё магчымае для таго, каб знайсці развязанне праблемы.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін рэкламаваў «Спутнік» лідарам ва ўсім свеце ў рамках амбіцыйнага імкнення Крамля зрабіць Расею буйным гульцом у міжнародным бізнэсе вакцын. Але цяжкасці з вытворчасцю абяцаных уколаў могуць адсунуць яго на другарадную ролю, бо канкурэнты з ЗША, Еўропы і Кітая запаўняюць прабел, піша Bloomberg.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках