16 красавiка 2024, aўторак, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы праверылі, ці можа каранавірус убудоўвацца ў ДНК чалавека

2
Навукоўцы праверылі, ці можа каранавірус убудоўвацца ў ДНК чалавека

Апублікаваныя вынікі даследавання міжнароднай групы экспэртаў.

Біёлагі ў лабараторных эксперыментах на клетках чалавека давялі, што ні сам каранавірус SARS-CoV-2, ні яго фрагменты, якія выкарыстоўваюцца ў вакцынах, не ўносяць змены ў ДНК чалавека і не ўключаюцца ў ягоны геном. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Cell Reports, піша ria.ru.

Вядома, што некаторыя вірусы, такія як вірус імунадэфіцыту чалавека 1 (ВІЧ-1) і вірус гепатыту В, здольныя ўключацца ў геномную ДНК чалавека. Некаторыя навукоўцы выказвалі здагадку, што і каранавірус SARS-CoV-2 валодае такой уласцівасцю. Падставай для гэтага паслужылі станоўчыя вынікі тэстаў ПЦР на COVID-19 у некаторых людзей, якія даўно ачунялі.

Каб праверыць гэту здагадку, біёлагі з Універсітэта Квінслэнду ў Аўстраліі разам з калегамі з Гішпаніі, Францыі і Вялікай Брытаніі правялі лабараторнае даследаванне на інфікаваных вірусам SARS-CoV-2 чалавечых клетках лініі HEK293T.

HEK293T - клеткавая лінія, атрыманая з эмбрыянальных нырак чалавека. Яна шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях экспрэсіі розных генаў, у тым ліку ў эксперыментах для вывучэння механізмаў РНК-інтэрферэнцыі.

Для аналізу паслядоўнасці ДНК інфікаваных клетак аўтары ўжылі тэхналогію глыбокага доўгатэрміновага секвенеравання Oxford Nanopore Technologies (ONT), і не знайшлі ніякіх довадаў інтэграцыі SARS-CoV-2 у геном чалавечых клетак.

«Мы вывучылі здагадкі пра тое, што чалавечыя клеткі і задзейнічаныя ў іх малекулярныя механізмы ператвараюць РНК COVID-19 у ДНК, выклікаючы незваротныя мутацыі, правялі секвенераванне ДНК і не знайшлі довадаў COVID-19 у ДНК», - прыводзяцца ў прэс-рэлізе Універсітэта Квінслэнду словы кіраўніка даследавання прафесара Джэфа Фолкнера (Geoff Faulkner), малекулярнага біёлага з Квінслендскага інстытута мозгу, які валодае велізарным досведам у галіне геномікі і змены ДНК.

Са слоў аўтараў, SARS-CoV-2 уяўляе сабой адналанцуговы поліадэніляваны РНК-бэтакаранавірус, які не кадуе зваротную транскрыптазу (RT) і, такім чынам, не здольны выклікаць мутацыі, якія дазваляюць яму інтэгравацца ў геномную ДНК чалавека ў рамках свайго жыццёвага цыклу.

Даследаванне пацвердзіла, што паводзіны віруса SARS-CoV-2 цалкам адпавядаюць таму, што чакалі ад яго навукоўцы. Іншымі словамі, яны не заўважылі ніякай незвычайнай генетычнай актыўнасці віруса.

«Нашы доказы зняпраўджваюць канцэпцыю, якая выкарыстоўваецца для распальвання панікі і нерашучасці ў дачыненні да вакцыны. З пункту гледжання грамадскай аховы здароўя, мы б сказалі, што няма ніякіх асцярог, што вірус або вакцыны могуць быць уключаныя ў ДНК чалавека», - прадаўжае прафесар Фолкнер.

Аўтары мяркуюць, што іх адкрыццё можа мець сур'ёзныя клінічныя наступствы, і заклікаюць усіх вакцынавацца без усялякай боязі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках