20 верасня 2021, панядзелак, 2:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат»: Што даведаліся кіберпартызаны пасля ўзлому базы ДАІ і сістэмы «Пашпарт»

27
«Белсат»: Што даведаліся кіберпартызаны пасля ўзлому базы ДАІ і сістэмы «Пашпарт»

Жах міністра Кубракова.

На просьбу «Белсата» хакеры даслалі пацвярджэнне таго, што маюць актуальныя звесткі баз, і расказалі, якія звесткі з іх цікавыя.

«Кібер-партызаны» зараз маюць свежыя базы звестак пра грамадзян з Дзяржаўнай аўтаінспекцыі і аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт». Ужо пасля гутаркі з «Белсатам» яны расказалі, што ўзламалі базу звестак службы 102 і маюць архіў выклікаў.

«Мы сапраўды іх ўзламалі, - адказваюць «Кібер-партызаны» на пытанне, ці не купілі яны звесткі ў іншых узломшчыкаў. - Як мы і пісалі, для ўзлому баз нам трэба было пракрасціся на аб'екты рэжыму і адкрыць доступ да ўнутранай сеткі, далей працавалі нашы кіберы, якія дабраліся да некалькіх баз. Працягваем працаваць далей, яшчэ не вечар».

У пашпартнай базе ёсць актуальныя і больш раннія звесткі не толькі пра імя і нумары пашпарта, але і месца рэгістрацыі, месцы працы, імёнах бацькоў. У базе ДАІ могуць убачыць не толькі тое, хто якой машынай валодае, але і якія парушэнні ўчыніў. У архіве выклікаў 102 маюцца і звесткі, хто калі рабіў выклік, і апісанне таго, на што скардзіліся (а сярод скаргаў ёсць і, напрыклад, данос на суседа за заклікі на мітынгі ў сацсетках).

Якая карысць «Кібер-партызанам» ад усяго гэтага?

«У сеткі МУС ёсць вельмі шмат баз, на некаторых засакрэчаная інфармацыя, раскрыццё якой можа парушыць працу МУС, КДБ і іншых ведамстваў, - тлумачаць «партызаны». - Нядаўна мы злілі кватэрны фонд КДБ, і ім давядзецца змяніць усе кватэры - на гэта сыдзе шмат рэсурсаў і часу.

У базах ДАІ ёсць звесткі пра ўсе аўтамабілі ў РБ, уключаючы аператыўныя аўтамабілі віжоў, ГУБАЗіК, КДБ. Як мінімум, ім усім давядзецца мяняць транспартны сродак. Але, важней тое, што аператыўнікі будуць ведаць, што такая ўцечка цалкам можа здарыцца зноў.

У АІС «Пашпарт» захоўваюцца фоткі ўсіх грамадзян, уключаючы гэб’ё, операў і віжоў. Ці шмат агентаў КДБ будуць гатовыя дзейнічаць за мяжой, ведаючы, што звесткі пра іх ужо выцяклі?»

Базы толькі пачынаюць апрацоўваць і аналізаваць, таму, кажуць «Кібер-партызаны», пакуль цяжка нават уявіць, што там яшчэ знойдзецца. Да таго ж, хакеры зараз занятыя кібератакамі (якія называюць «самымі маштабнымі ў гісторыі Беларусі»), таму не маюць шмат рэсурсаў на аналіз баз. Але яны мяркуюць, што далейшыя ўзломы могуць нанесці рэжыму нават большую шкоду.

Калі «партызаны» атрымалі доступ да баз, ці змогуць звычайныя злодзеі гэтак жа ўзламаць гэтыя базы або скрасці звесткі ў «партызан»?

«Мы думаем, што базы ў нас абароненыя лепш, чым у МУС, і мы відавочна разбіраемся лепш у кібербяспецы, - адказваюць хакеры. - Да баз ёсць доступ толькі ў вельмі абмежаванай колькасці людзей, якім мы давяраем. Толькі ў нашых адмінаў ёсць поўны доступ да баз, а ў астатніх доступ абмежаваны і маніторыцца».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».