18 красавiка 2024, Чацвер, 20:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цяжка сівому дзецюку

15
Цяжка сівому дзецюку
МІХАІЛ ГУЦЭРЫЕЎ
ФОТА: КОММЕРСАНТ

У алігарха Гуцэрыева поўна праблем і без санкцый Еўразвязу.

У 2019 годзе, за два дні да снежаньскіх перамоў Лукашэнкі і Пуціна, расейскія сілавікі нечакана наляцелі ў кампаніі Міхаіла Гуцэрыева і яго сына Саіда. Афіцыйнага паведамлення на гэты конт не было, але інфармацыю пацвердзілі крыніцы адразу некалькіх выданняў, паведамляе «Еўрарадыё».

Гуцэрыевы падазраваліся ў кантрабандзе нафты і нафтапрадуктаў. Але быў і іншы нюанс: блізкая да Крамля крыніца казала «Ведомостям», што непрыемнасці сям'і наўпрост звязаныя з блізкасцю да Лукашэнкі. Так сказаць, папярэджанне.

Пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна аб сітуацыі ўжо ніхто не ўспамінаў. Але сёння ў Міхаіла Гуцэрыева з’явіліся складанасці ўжо на іншым кірунку — заходнім. І зноў праз блізкасць да Лукашэнкі.

«Цяжка сівому дзецюку» - гэта трэк у жанры расейскага шансона на словы Гуцэрыева. Так, ён яшчэ і паэт. Расказваем, як нялёгка апошнім часам даводзіцца інгушскаму бізнэсоўцу і без усялякіх «беларускіх» санкцый з боку Еўразвязу.

Пазыкі і страты

У першы раз сур'ёзныя праблемы з бізнэсам у Міхаіла Гуцэрыева пачаліся ў 2007 годзе. У Расеі на яго распачалі крымінальную справу паводле падазрэння ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У выніку мільярдэр праз Менск паляцеў у Лондан, дзе хаваўся да тых часоў, пакуль справу не закрылі. Цікава, што менавіта на «лонданскі» перыяд жыцця Гуцэрыева прыпадае з'яўленне ў Лукашэнкі брытанскага паліттэхнолага Цімаці Бэла: той павінен быў змяніць вобраз кіраўніка Беларусі і спрыяць нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Міхаіл Гуцэрыеў змог вярнуцца ў Расею, але прычыны для галаўнога болю на гэтым не скончыліся. У 2017 годзе на мяжы банкруцтва апынуўся «Бінбанк», які належыць яго сям'і. Ратаваць яго давялося Цэнтрабанку. Бізнэсовец страціў актыў, на яго пасыпаліся патрабаванні выплаціць частку выдаткаў. У рамках міравых пагадненняў (гэта значыць, без суда) Гуцэрыеву давядзецца заплаціць больш 220 мільярдаў расейскіх рублёў (блізу $3 млрд даляраў цяперашнім курсам).

Няўдачы чакалі Гуцэрыева і на іншых кірунках. Напрыклад, ключавы дэвелаперскі актыў, кампанія «Маспрамбуд», некалькі гадоў мае буйныя страты, на фоне чаго расце крэдыторская запазычанасць. У «мінус» сыходзіць і бізнэс у сферы здабычы вугалю.

А галоўная праблема сям'і Гуцэрыевых на гэты момант - кампанія «Руснафта». Яна заўсёды падтрымлівала Беларусь і пастаўляла чорнае золата на беларускія НПЗ нават у часы паліўных спрэчак. Увосень 2020-га рэйтынгавае агенцтва Fitch ацаніла стан «Руснафты» як «пераддэфолтны». Кампанія затрымлівалася з выплатамі па крэдытах і пазыках. У выніку ёй давялося дамаўляцца аб рэструктурызацыі запазычанасці, сума якой перавышала $1 млрд.

У цяперашняй сітуацыі нават «Руснафта» не адважылася публічна заявіць пра тое, што будзе прадаўжаць пастаўкі сыравіны на «Нафтан», які трапіў пад еўрапейскія і амерыканскія санкцыі.

Цяпер яшчэ і «беларускія» санкцыі Еўразвяза

Буйных праектаў у Еўразвязе ў Гуцэрыева няма. Таму можа здацца, што ад трапляння ў санкцыйны спіс ён асабліва не пацерпіць. Аднак гэта не зусім так.

Французская кампанія Total ужо звярнулася ў цэнавае агенцтва S\u0026 P Global Platts з просьбай забяспечыць гарантыю, што партыі нафты ў яго гандлёвай сістэме не належаць кампаніям Гуцэрыева. Як піша Reuters, яшчэ некалькі перапрацоўшчыкаў адмаўляюцца ад куплі нафты з яго кампаній.

Нюанс яшчэ і ў тым, што акцыянерам «Руснафты» значыцца швайцарская Glencore. Ёй цяпер супрацоўнічаць з Гуцэрыевым таксама не з рукі, асабліва ўлічваючы тое, што кампанія перапрадае яго нафту праз тое ж агенцтва S&P Global Platts.

Reuters піша, што некаторыя банкі адмовілі ў выдачы аплаты прадукцыі кампаніям, звязаным з Гуцэрыевым. Супрацоўніцтва пастаўленае на паўзу. Праўда, ніводнага брэнда інфармагенцтва не называе.

Важны нюанс: у брытанскіх санкцыйных спісах Гуцэрыева, якому належыць зарэгістраваны ў Вялікай Брытаніі нафтатрэйдар, няма. Аднак яго магчымасці гандляваць абмяжоўваюцца еўрапейскімі санкцыямі. Ды і не факт, што Лондан не дадасць яго ў блэкліст пасля таго, як дапоўніць «доказную базу».

Праблемы тэарэтычна могуць паўстаць і ў гандлёвай сетцы «М. відэа»: ёй складана будзе працаваць без еўрапейскіх пастаўшчыкоў. Акцыі кампаніі на фоне навін аб санкцыях прыкметна патаннелі.

Найбуйнейшы беларускі актыў Гуцэрыева - Нежынскі горна-абагачальны камбінат - будуецца на амаль паўтарамільярдны кітайскі крэдыт, выдадзены пад гарантыі ўрада Беларусі. Акрамя таго, што развіваць праект цяпер будзе складаней, дык яшчэ пытанні і з рэалізацыяй: у Еўропу прадукцыя не пройдзе, пад пытаннем і магчымасць экспарту праз балтыйскія парты, а расейскім пакуль што не стае прапускной здольнасці. Ну і спіс патэнцыйных пакупнікоў скарачаецца да Кітая і Індыі.

Саіду Гуцэрыеву ў Беларусі належыць «Парытэтбанк», які працуе ў плюс, і крыптабіржа Currency (сузаснавальнік — Віктар Пракапеня, які ў 2021 годзе выкупіў у Саіда яго долі ва ўсіх сумесных праектах, у тым ліку Currency.com і Capital.com.

Мяркуючы па дынаміцы, адзіны бізнэс Гуцэрыева, які пакуль не тоне ў пазыках, — шоў-бізнэс. Міхаіл Сафарбекавіч піша тэксты для песень, атрымлівае раялці з іх выканання. Але наўрад ці гэтага выстарчыць, каб адчуваць сябе упэўненым у гэтым зменлівым свеце.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках