16 красавiка 2024, aўторак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у ЕЗ тлумачаць санкцыі супраць «гаманцоў Лукашэнкі»

Як у ЕЗ тлумачаць санкцыі супраць «гаманцоў Лукашэнкі»
КАЛАЖ: ЕЎРАРАДЫЁ

Новыя абмежавальныя захады ўведзеныя не толькі супраць суддзяў і сілавікоў, але і ў дачыненні да бізнэсоўцаў.

І ва ўсіх выпадках - за цесныя сувязі з уладамі. «Еўрарадыё» вывучыла матывіровачныя часткі пастановы аб увядзенні санкцый і знайшло шмат цікавага.

Сямейны бізнэс

Менавіта паводле разраду «бізнэс» ідуць у санкцыйным спісе Дзмітрый Лукашэнка і жонка ягонага брата Віктара Лілія.

«Праз гэтую арганізацыю [лукашэнкаўскі спартыўны клуб. — заўвага.] ён вядзе бізнэс і кантралюе шэраг прадпрыемстваў. [ ... ] Такім чынам, ён атрымлівае карысць ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго», - так еўрачыноўнікі тлумачаць санкцыі ў дачыненні да сярэдняга сына Лукашэнкі.

Тлумачачы санкцыі ў дачыненні да нявесткі Лукашэнкі, Ліліі, у ЕЗ пішуць наступнае:

«Яна была цесна звязаная з шэрагам буйных кампаній, якія атрымалі выгаду ад рэжыму Лукашэнкі, уключаючы Dana Holdings/Dana Astra, канцэрн Белмастацпромыслы і Eastleigh trading Ltd».

І зноў Synesis

IT - кампанія Synesis ужо трапіла пад санкцыі ў снежні, пасля чаго пачала спешна мяняць назву некаторых сваіх «дачок». Тады ж са складу заснавальнікаў выйшаў Аляксей Алексін, але гэта яму не дапамагло пазбегнуць санкцый.

Synesis мяркуе, што пераможа ў судзе ЕЗ аб санкцыях. Якія іх доказы?

Цяпер асобным пунктам у санкцыйных спісах значыцца заснавальнік кампаніі Аляксандр Шатроў, той самы, які забараняў супрацоўнікам пісаць у працоўных чатах на беларускай і цалкам дэманстраваў поўную лаяльнасць уладам.

«У якасці CEO і ўладальніка ТАА Synesis Аляксандр Шатроў адказны за пастанову гэтай кампаніі даць беларускім уладам платформу назірання Kipod, якая можа шукаць і аналізаваць відэазапісы і выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне для распазнання асоб. Такім чынам, ён спрыяе падаўленню грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі з боку дзяржаўнага апарату», — пішуць еўрачыноўнікі.

Адразу пасля «зліваў» аб магчымым траплянні пад санкцыі Шатроў перадаў долі ў кампаніях, але пазбегнуць уключэння ў спісы не змог.

Клуб найлепшых сяброў

Сяргея Цяцерына ў абгрунтаванні называюць адным з вядучых бізнэсоўцаў краіны, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі. Апошні пункт падобны на праўду: не кожны бізнэсовец косіць траву разам з Лукашэнкам і робіць фатаграфіі з ягонай мамай.

ФОТА: TUT.BY

«Ён публічна асудзіў беларускіх спартоўцаў, якія выказваюць пратэст супраць рэжыму Лукашэнкі, а менавіта пратэст супраць гвалту і пераследу мірных дэманстрантаў, журналістаў, праваабаронцаў. Ён публічна запатрабаваў ад спартоўцаў вярнуць усе укладзеныя ў іх грошы. Такім чынам, ён атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго», - напісана пра Цяцерына.

Сярод згадак бізнэс-праектаў Цяцерына ёсць і інфармацыя аб ягоных інтарэсах у рэкламным бізнэсе, аб чым «Еўрарады» падрабязна пісала.

Роўна за Цяцерыным у спісе ідзе яшчэ адзін блізкі да ўладаў бізнэсовец: Міхаіл Гуцэрыеў, якога Лукашэнка называе проста Міша і ад якога атрымаў у свой час падарунак у выглядзе «Майбаха», ну а ў 2020-м — дзесяць тамографаў.

«Ён з'яўляецца даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму назапасіў значнае багацце і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі. «Сафмар», кампанія, кантраляваная Гуцэрыевым, была адзінай расейскай нафтавай кампаніяй, якая прадоўжыла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ падчас энэргетычнага крызісу паміж Беларуссю і Расеяй у пачатку 2020 года», — адзначаецца ў дакуменце.

Яшчэ адзін аргумент - буйны праект па ўзвядзенні Нежынскага ГАКа. Згадваецца нават тое, што Лукашэнка, ці то ў жарт, ці то ўсур'ёз, паабяцаў перайменаваць Любань у Гуцэрыеўск.

«Паведамляецца, што Гуцэрыеў паднёс Лукашэнку шыкоўныя падарункі. Ён таксама заявіў, што з'яўляецца ўладальнікам рэзідэнцыі, якая дэ-факта належыць Лукашэнку, тым самым выгароджваючы яго, калі журналісты пачалі расследаванне актываў Лукашэнкі. [...] З паведамленняў СМІ, калі ў жніўні 2020 года былі звольненыя страйкоўцы, супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ, работнікі расейскіх медыя былі дастаўленыя ў Беларусь на борце самалёта Гуцэрыева для замены звольненых і пасяліліся ў гатэлі «Рэнесанс Мінск», які належыць Гуцэрыеву.

Каралі лагістыкі і не толькі

Пра згаданага вышэй Аляксея Алексіна пішуць, што ён падтрымлівае цесныя стасункі з Лукашэнкам і ягоным сынам Віктарам. А яшчэ ён меркаваны ўладальнік яшчэ адной рэзідэнцыі Лукашэнкі, «Александрыі 2».

Як уладальніка «Брэміна груп», буйной лагістычнай кампаніі, Алексіна таксама згадваюць у кантэксце Віктара Лукашэнкі.

«Кампаніі «Інтэр табака» і «Энэрга-Ойл», якія належаць Алексіну і ягоным блізкім сваякам, атрымалі выключныя прывілеі на ўвоз тытунёвых вырабаў у Беларусь на падставе ўказа, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, і атрымалі дзяржаўную падтрымку для стварэння шапікаў «Табакерка». Ён нібыта ўдзельнічаў у стварэнні першай у Беларусі дзяржаўнай прыватнай вайсковай кампаніі «Гардсервіс», якая мае сувязі з беларускімі сілавікамі», — паказваюць у пастанове.

Партнёра Алексіна Аляксандра Зайцава таксама звязваюць з Віктарам Лукашэнкам.

«Дзякуючы доступу да сям'і Лукашэнкі Зайцаў атрымлівае выгадныя кантракты на вядзенне свайго бізнэсу. Ён з'яўляецца ўладальнікам Sohra Group, якой нададзенае права экспартаваць прадукцыю дзяржаўных прадпрыемстваў (трактары, грузавікі) у краіны Персідскай затокі і Афрыкі», - згадваюць у дакуменце.

Зброя, золата, прэферэнцыі

Шэраг кампаній, уключаных у спіс, належыць ужо згаданым бізнэсоўцам. Напрыклад, Sohra Зайцава.

Яе ўважаюць звязанай з кампаніяй «БСВТ — новыя тэхналогіі», якая занятая вытворчасцю ўзбраенняў і мадэрнізацыяй ракет.

«Sohra, выкарыстоўваючы сваё прывілеяванае становішча, служыць пасярэднікам паміж палітычнымі ўстановамі і беларускімі дзяржкампаніямі і замежнымі партнёрамі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Яна таксама займалася здабычай золата ў краінах Афрыкі на аснове канцэсій, атрыманых рэжымам Лукашэнкі».

Далей згаданая «Брэміна груп», якая належыць Алексіну, Зайцаву і Мікалаю Вераб'ю. І «Глабалкастам» Сяргея Цяцерына.

«Глабалкастам мэнэджмэнт» асацыяваная з кіраўніком Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і Віктарам Шэйманам. Кампанія ўдзельнічае ў кантрабандзе тавараў у Расею, што было б немагчыма без згоды рэжыму, які кантралюе памежнікаў і мытню. [ ... ] «Глабалкастам» была першым уладальнікам «Гардсервіс», адзінай прыватнай кампаніі, якой Лукашэнка дазволіў ужыванне зброі».

Нарэшце, сярод фірмаў, афіляваных са згаданымі бізнэсоўцамі, ёсць і Новая нафтавая кампанія. Паказваецца, што яна належыць Мікалаю Вераб'ю, але датычны да яе і Алексін. Таксама, на думку еўрачыноўнікаў, ННК выкарыстоўваецца для «адаптацыі беларускай эканомікі да абмежавальных захадаў, уведзеных ЕЗ».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках