24 красавiка 2024, Серада, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Брусэлі праходзіць саміт ЕЗ, на якім плануюць зацвердзіць сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

2
У Брусэлі праходзіць саміт ЕЗ, на якім плануюць зацвердзіць сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
ФОТА: PICTURE ALLIANCE

Cанкцыі закрануць калійную, нафтавую, тытунёвую прамысловасці і банкаўскі сектар.

24–25 чэрвеня ў Брусэлі праходзіць саміт ЕЗ. На гэтай сустрэчы лідары краінаў ЕЗ плануюць зацвердзіць маштабныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, паведамляе tut.by.

На саміце лідары краінаў Еўразвязу абмяркуюць абстаноўку з каранавірусам, аднаўленне эканомік краінаў Звязу, абвастрэнне сітуацыі з міграцыяй, а таксама пытанні знешняй палітыкі. Акрамя іншага, на сустрэчы разгледзяць ход выканання нядаўніх пастановаў датычна Беларусі, заявіў кіраўнік Еўрарады Шарль Мішэль.

На гэтым тыдні ЕЗ увёў чацвёрты пакет санкцый, які закрануў 78 чалавек і 8 арганізацый. Літаральна адразу пасля гэтага СМІ паведамілі, што прадстаўнікі краінаў Еўразвязу ўзгаднілі эканамічныя сектаральныя санкцыі супраць Беларусі, якія могуць быць уведзеныя да канца тыдня. Паводле звестак журналіста «Радыё Свабода» Рыкарда Ёзвяка, гэта можа адбыцца ўжо ў чацвер, 24 чэрвеня, пасля заканчэння першага дня саміту.

Сектаральны фармат абмежаванняў больш сур'ёзна ўплывае на краіну, чым санкцыі супраць канкрэтнага спісу людзей і кампаній, якія прызнаюцца Еўразвязам датычнымі да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Санкцыі не могуць не адбіцца на эканоміцы, але ў першую чаргу гэта спосаб ціску на ўрад Беларусі, падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль. На падобныя крокі Брусэль ідзе тады, калі адрасныя абмежаванні не прыводзяць да чаканых зменаў.

– Мы пастанавілі прыняць эканамічныя захады – гэта сур'ёзны крок. Звычайна мы абмяжоўваемся захадамі, якія ўплываюць на асобных людзей, таму што калі мы дакранаемся эканомікі краіны, гэта закранае людзей і нас саміх. <...> Але ў нейкі момант даводзіцца прадпрымаць больш моцныя дзеянні, якія паўплываюць на эканамічны сектар. Там больш за 500 палітзняволеных, мы сталі сведкамі жахлівага відовішча выкрадзенага журналіста. <...> Таму мы павінны выкарыстоўваць усе даступныя сродкі. І для гэтага ёсць эканамічныя санкцыі, – заявіў Барэль.

Сектаральныя санкцыі закрануць калійную, нафтавую, тытунёвую прамысловасці і банкаўскі сектар. Зыходзячы з практыкі дзеяння такіх абмежаванняў, хутчэй за ўсё, яны будуць абмяжоўваць экспарт беларускіх калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, стрымліваць заходнія кампаніі ад супрацоўніцтва з беларускімі контрагентамі з уключаных у спіс галінаў, а таксама забароняць еўрапейскім банкам і арганізацыям вылучэнне афіцыйнаму Менску фінансавых рэсурсаў. Пад забаронай будзе, верагодна, i пазыковае фінансаванне кампаній названых галінаў.

– Наша пасланне рэжыму адназначнае: вызваліце ўсіх палітвязняў, спыніце далейшыя рэпрэсіі, пачніце інклюзіўны нацыянальны дыялог, – заявіў Шарль Мішэль пасля прыняцця чацвёртага пакету санкцый супраць уладаў Беларусі. Мяркуючы з усяго, патрабаванні на адрас афіцыйнага Менска застануцца тымі самымі.

Еўразвяз пачаў актыўна прасоўваць ініцыятыву новых абмежавальных захадаў супраць Менска пасля інцыдэнту з вымушанай пасадкай у Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву. 21 чэрвеня ўлады ЕЗ прынялі чацвёрты пакет санкцый супраць 78 чалавек і 8 арганізацый. Акрамя дзяржслужбоўцаў, суддзяў, дэпутатаў і супрацоўнікаў сілавых структураў у яго ўвайшлі ўплывовыя бізнэсмэны Беларусі і Расеі, якіх у Брусэлі называюць набліжанымі да рэжыму Лукашэнкі і атрымальнікамі ад яго выгады.

У той самы дзень абмежаванні прынялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

Паралельна з працэсам узгаднення ў Брусэлі сектаральных абмежаванняў Еўракамісія паведаміла пра падрыхтоўку плану эканамічнай падтрымкі «будучай дэмакратычнай Беларусі» памерам блізу 3 млрд еўраў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках