25 красавiка 2024, Чацвер, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі эксперт: З рэжымам Лукашэнкі трэба абыходзіцца як з тэрарыстамі

30
Літоўскі эксперт: З рэжымам Лукашэнкі трэба абыходзіцца як з тэрарыстамі
ФОТА: СЛУЖБА АХОВЫ ДЗЯРЖМЯЖЫ ЛІТВЫ

Беларускія дзяржаўныя структуры займаюцца кантрабандай людзей.

За 6 месяцаў 2020 года ў Літве затрымалі больш нелегальных мігрантаў, чым за ўвесь 2019. Памежныя службы Літвы валодаюць звесткамі, што да гэтага датычны беларускі рэжым.

Сайт Charter97.org пагутарыў з галоўным аналітыкам Вільнюскага інстытута палітычнага аналізу Марусам Лаўрынавічусам пра кантрабанду, якая праходзіць кожны дзень у Літву праз беларускую мяжу.

– За 6 месяцаў 2020 года ў Літве затрымалі больш нелегальных мігрантаў, чым за ўвесь 2019. Памежныя службы Літвы валодаюць звесткамі, што да гэтага датычны беларускі рэжым. Як вы гэта пракаментуеце?

– Усім зразумела, што гэта частка гібрыднай вайны супраць Літвы, якая была пачатая рэжымам Лукашэнкі. У першую чаргу гэта помста за ярка выяўленую пазіцыю супраць гэтага нелегітымнага і злачыннага рэжыму. Мы проста прыадкрылі вочы на гэты рэжым, што ён здзяйсняе такія нелегальныя ўчынкі: спачатку згон самалёта – тэрарыстычны акт, а цяпер, калі назваць наўпрост, – кантрабанда людзей.

Калі мы гаворым пра мігрантаў, то гэтая праблема вядомая ўсёй Еўропе, пра яе шмат кажуць. У канкрэтным выпадку з Беларуссю трэба называць рэчы сваімі імёнамі: кантрабанда людзей. Ёй займаецца не хто іншы, як сам злачынны рэжым Лукашэнкі. Мы прыадкрылі вочы на гэта, але яшчэ не да канца разумеем, з кім і чым маем справу. Цяпер гэтая кантрабанда людзей выкарыстоўваецца для дасягнення геапалітычных мэтаў. Я казаў ужо, што гэта помста. Яны думаюць, што могуць неяк паўплываць на нейкія пастановы Літвы. Гэта наіўна, але мы да гэтага часу не бярэм да ўвагі адну важную дэталь: гэта – сутнасць самога рэжыму. Злачынныя схемы, якія выкарыстоўвае рэжым, нагадваюць крымінальны бізнэс. У гэтым і ёсць уся ягоная сутнасць: кантрабанда цыгарэтаў, напрыклад, таксама ажыццяўляецца дзяржавай, рэжымам Лукашэнкі. Цяпер публічна не было нейкіх скандалаў, але быў час, калі мы вельмі гучна казалі, што праз Беларусь ажыццяўляецца нелегальны гандаль зброяй. Гэта розныя кампаненты той самай карціны, якую мы пакуль яшчэ не бачым цалкам ці не хочам бачыць.

Рэжым Лукашэнкі ад пачатку да канца – крымінальны рэжым, а цяпер ужо бачым, што і тэрарыстычны. Пакуль мы яшчэ не ўсведамляем, што рэжым быў такім усе гэтыя гады, ён не стаў такім цяпер. У Літве, Еўропе і Амерыцы былі людзі, якія казалі, што трэба «супрацоўнічаць» з рэжымам Лукашэнкі з тым, каб неяк дапамагчы адстаяць Беларусь перад Расеяй. Аднак калі б мы разумелі, што гэты рэжым ад пачатку і да канца крымінальны і тэрарыстычны, то я думаю, такіх выказванняў і палітыкі не было б.

– На чым яшчэ заснаванае ваша вызначэнне: кантрабанда людзей?

– Ёсць ужо інфармацыя, якія структуры задзейнічаныя, напрыклад турыстычныя агенцтвы. Гэтыя людзі, якія перасякаюць мяжу, не з'яўляюцца невядомымі спосабамі ў Беларусі, а, я сказаў бы, прывозяцца, прылятаюць самалётамі. Зноў жа ёсць інфармацыя, што гэта адбываецца пры спрыянні людзей, якія служаць у дзяржаўных структурах. Яны арганізавана прыводзяць людзей да літоўскіх межаў і арганізавана гэтыя межы пераходзяць. Усё, што я апісаў, – кантрабанда людзей, якая ажыццяўляецца не нейкімі злачыннымі групоўкамі, а дзяржавай.

– Якое пакаранне павінны панесці вінаватыя ў кантрабандзе людзей праз мяжу?

– Я думаю, што для гэтага ёсць міжнародныя нормы і законы. Ад асабістай адказнасці за кантрабанду людзей да адказнасці самога рэжыму. Пасля захопу самалёта рэжымам Лукашэнкі з'явілася рэакцыя Еўразвязу. Мы яе і цяпер назіраем, абмяркоўваюцца новыя захады, напрыклад сектаральныя санкцыі. Гэта вынік гэтага тэрарыстычнага акту. Я думаю, што менавіта такім спосабам трэба рэагаваць і на ўсе іншыя злачынствы, як мы рэагуем на згон самалёта.

– Міністарка ўнутраных справаў Агнэ Білатайтэ заявіла, што Літва разглядае магчымасць будаўніцтва сцяны вакол мяжы з Беларуссю. Ці можа гэта дапамагчы спыніць нелегальнае перасячэнне межаў?

– Як я ўжо сказаў, мы наіўна ацэньвалі гэты рэжым. Мы не разумелі, з чым маем справу, таму і маем сёння праблемы з тым, што не да канца кантралюем частку мяжы з Беларуссю. Гэта публічная інфармацыя, тут я не адкрываю ніякіх таямніцаў. Я скажу так, каб людзям было больш зразумела: калі ў цябе сусед бандыт, то першае, што ты зробіш – зачыніш дзверы, паставіш сур'ёзныя замкі і паставіш плот як мага высокі, каб неяк сябе абараніць. Тут – тое самае.

Так, і сцяна патрэбная, і іншыя сучасныя захады кантролю мяжы. Гэта трэба вызначаць спецыялістам, але, па-мойму, гэта павінна было адбыцца не ўчора, пазаўчора, а не ведаю колькі гадоў таму. У гэтым і ёсць праблема, што мы ацэньвалі гэты рэжым інакш, чым ён з'яўляецца на самай справе.

– Ці павінен ЕЗ узмацніць ціск на рэжым праз гандаль кантрабандай і нелегальнымі мігрантамі?

– Ні Еўразвяз, ні Літва, ні іншае дзяржава або міжнародная супольнасць не павінны ўжываць нейкія захады толькі тады, калі з'яўляецца згон самалёта ці нешта такога кшталту. Добра, што цяпер пачалі рабіць крокі, але мы павінны абыходзіцца з крымінальнымі групоўкамі і рэжымамі так, як абыходзімся з крымінальнікамі або тэрарыстамі.

У Захаду ёсць розныя стратэгіі, як змагацца, скажам, з мафіяй або тэрарыстамі. Іх варта выкарыстаць не толькі, калі мы маем справу з асобнымі групоўкамі, няважна тэрарыстычныя або мафіёзныя, але і з дзяржаўнымі. Калі дзяржава паступае як крымінальная або тэрарыстычная арганізацыя, то да яе варта ставіцца адпаведна.

– Што Еўразвяз можа зрабіць, каб дапамагчы Літве развязаць гэтую праблему?

– У першую чаргу трэба сказаць, што гэта не праблема Літвы, а праблема Еўразвязу. Знешнія межы Еўразвязу – ужо праблема ўсяго Звязу. Ёсць канкрэтныя арганізацыі, якія гэтым займаюцца, ёсць фінансаванне. Гэта ўжо тэхнічныя пастановы, якія павінны прымацца і ўжо прымаюцца. Літва папрасіла дапамогу ад еўрапейскай арганізацыі Frontex, гэта значыць, гэта будзе развязана.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках