24 красавiка 2024, Серада, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы гадзінамі стаяць у чэргах, каб атрымаць апастыль на дыплом, які дазваляе паступіць у замежныя ВНУ

8
Беларусы гадзінамі стаяць у чэргах, каб атрымаць апастыль на дыплом, які дазваляе паступіць у замежныя ВНУ

Паглядзіце, як адбываецца выцек мазгоў з Беларусі.

У Менску на Казлова, 28 ужо некалькі дзён па раніцах утвараюцца доўгія чэргі. У будынку знаходзіцца Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Мінадукацыі - адзінае месца ў Беларусі, дзе можна «легалізаваць» для замежных краін свой дыплом аб адукацыі. Сёлета тут назіраецца асаблівы ажыятаж, паведамляе «Еўрарадыё».

11:30 - да закрыцця дэпартамента застаецца паўгадзіны, а перад уваходам у будынак яшчэ амаль сто чалавек. Усе яны спадзяюцца забраць свае дакументы з апастылем, якія дазваляюць паехаць вучыцца за мяжу або ўладкавацца там на працу па спецыяльнасці.

Перад Яўгеніяй у чарзе тры чалавекі, яна прастаяла ў чаканні сваіх дакументаў ужо дзве з паловай гадзіны.

- Я планую паступаць у магістратуру ў Польшчы. У Беларусі не бачу перспектыў ужо. Калі прыходзіла афармляць дакументы, то таксама прастаяла ў вялізнай чарзе. Учора, кажуць, наогул амаль 300 чалавек было. Праблема ў тым, што попыт вялікі, а працуюць там усяго два чалавекі на выдачу дакументаў і прыём, - распавядае мянчанка.

- Так, сама працэдура хуткая, але людзей занадта шмат, - дадае Юры, які таксама пакутуе ў чарзе. - Я афармляю дакументы для сябе і жонкі, мы збіраемся паехаць у Швэцыю. Магчыма, дыплом нам там спатрэбіцца. Стаю ўжо больш за дзве гадзіны.

Чакаюць сваёй чаргі і кур'еры, якія не першы год забіраюць дакументы для сваіх заказчыкаў. З іх слоў, такога ажыятажу, як сёлета, яны не назіралі.

- У 2020-м тут было зусім мала людзей праз локдаўн у многіх краінах. У пазамінулым таксама былі чэргі, але не такія, - кажа кур'ер.

Менчукі скардзяцца, што доўгія чэргі цяпер утвараюцца і ў консульскую ўправу МЗС, дзе таксама афармляюць апастылі на дакументы.

Статыстыка выдадзеных беларусам візаў і дазволаў на жыхарства б'е рэкорды. Калі ў 2019 годзе Польшча выдала беларусам амаль 9 тысяч ДНЖ, то ў 2021-м, пры захаванні тэмпаў міграцыі (5000 ДНЖ за 4 месяцы 2021-га), беларусы атрымаюць амаль 15 тысяч дазволаў на жыхарства.

Большасць беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу - высокакваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку ІТ. Ужо больш за 10% беларускіх IT-спецыялістаў пераехалі ў Польшчу паводле праграмы Poland Business Harbour.

У Літве ў перыяд з 1 жніўня 2020 года да 15 лютага 2021 года па часовы дазвол на жыхарства звярнуліся больш за 9 тысяч беларусаў. Пасольства і консульства Літвы за гэты перыяд выдалі нашым грамадзянам больш як 12 тысяч нацыянальных віз.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках