25 красавiка 2024, Чацвер, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: У выбуху ва Урбетыцах, акрамя Пятрова і Башырава, замяшаны яшчэ адзін расеец

1
СМІ: У выбуху ва Урбетыцах, акрамя Пятрова і Башырава, замяшаны яшчэ адзін расеец

Журналісты «Чэшскага радыё» звярнулі ўвагу на шэраг дзіўных дэталяў.

15 кастрычніка 2014 года, за дзень да першага выбуху на складзе ў паселішчы Урбетыцы ў Чэхіі, у арганізацыі якога чэшскія ўлады падазраюць супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі (ГРУ), працоўныя склада атрымалі нечаканае ўказанне ўзяць адгул. У гэты дзень склад наведаў, са звестак следства, толькі адзін чалавек - уладальнік зброевай кампаніі IMEX Group Пётр Бернацік, што арандавала склад. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні «Чэшскага радыё».

На склад боепрыпасаў Бернацік прыйшоў адзін, што, са сведчання работнікаў, было "незвычайна, бо раней да гэтага ён заўсёды хадзіў правяраць тавар удваіх з кім-небудзь". Паводзіны арандатара прыцягнулі ўвагу следства. Як стала вядома Чэшскаму радыё, у лютым гэтага года Бернацік быў на 48 гадзін затрыманы, у яго адбыліся ператрусы. Следчыя-крыміналісты дапытвалі яго з прычыны падазрэнняў ва ўтойванні інфармацыі ў сувязі з выбухамі.

Са звестак Чэшскага радыё, Бернацік праходзіць у справе ў якасці падазронага, прынамсі, ва ўтойванні фактаў. Следства высвятляе, ці дапамагаў ён, свядома ці не, расейскім агентам трапіць на склад. Са слоў адваката Бернаціка, тое, што працаўнікам за дзень да выбуху далі адгул і ў той жа дзень склад наведаў уладальнік кампаніі-арандатара, - гэта супадзенне. Сам прадпрымальнік адмовіўся даваць каментары.

У расследаванні, як пішуць чэшскія СМІ, акрамя меркаваных агентаў ГРУ Анатоля Чапігі і Аляксандра Мішкіна, вядомых пад імёнамі Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў, фігуруе яшчэ адзін расеец. Гэта Мікалай Шапашнікаў, былы расейскі вайсковец, які цяпер, як сцвярджаецца, мае чэшскае грамадзянства. У Чэхію ён пераехаў 27 гадоў таму. Менавіта Шапашнікаў, як сцвярджаецца, адправіў Бернаціку, з якім ён знаёмы, электронны ліст з указаннем дзён, калі агенты ГРУ, якія выдавалі сябе за зброевых інспектараў, прыбудуць ва Урбетыцы. Падчас выбухаў ён сам знаходзіўся ў Чэхіі - хоць ужо даўно жыве ў Грэцыі. Вядома, што паліцыя яго дапытвала, іншых падрабязнасцяў пакуль высветліць не ўдалося.

Чапіга і Мішкін прыбылі ў Чэхію ў кастрычніку 2014 года за некалькі дзён да першага выбуху і зарэгістраваліся на тры дні ў гатэлі ў Астраве. Пакуль не былі прадстаўлены сведчанні таго, што яны непасрэдна былі на складзе ва Урбетыцах.

Чэшскія ўлады абвясцілі аб падазрэнні на адрас агентаў расейскай вайсковай выведкі ў сярэдзіне красавіка. Кіраўнікі Чэхіі - за выключэннем прэзідэнта Мілаша Зэмана - сцвярджаюць, што ёсць толькі адна версія выбухаў, а менавіта датычнасць Расеі. Як мяркуецца, мэтай выбухаў былі боепрыпасы, якія прызначаліся для пастаўкі за мяжу, магчыма ва Украіну. Пры выбухах загінулі двое супрацоўнікаў фірмы IMEX. Чэхія выслала 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады, пасля серыі крокаў у адказ кожнага з бакоў Расея і Чэхія ў прынцыпе пагадзіліся на ўраўноўванне ліку супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў кожнай з краін. Расея абвінавачванні ў датычнасці да выбухаў катэгарычна адмаўляе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках