29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выпускны надумалі адзначыць сціпла - па 400 рублёў з чалавека»

46
«Выпускны надумалі адзначыць сціпла - па 400 рублёў з чалавека»

План адміністрацыі менскай школы моцна здзівіў і збянтэжыў бацькоў.

У рамках спецпраект «Адваротны бок медаля» бацькі выпускнікоў распавялі «Салiдарнасцi», колькі ім каштавацьме выпускная пагулянка.

Навучальныя ўстановы актыўна рыхтуюцца адправіць старшакласнікаў у дарослае жыццё. Аднак для бацькоў гэта не самы танны працэс.

- Яшчэ на сходзе дамовіліся, што выпускны будзем адзначаць сціпла, - распавялі бацькі старшакласніка адной з навучальных устаноў Менска. - Урэшце, жыццё на школе не заканчваецца. Грошы патрэбныя і для вучобы, і для рэпетытараў. Таму надумалі не шыкаваць.

Аднак якое ж было здзіўленне бацькоў, калі праз некалькі дзён ім прыйшло паведамленне, што трэба сабраць і перадаць для закупкі ніжэй прапісаныя сумы:

«1. Арганізацыйна-віншавальны блок «Апошняя лінейка» (віншавальная прадукцыя вучням, настаўнікам, запрашальныя білеты, кветкі...) 60 рублёў,

2. Падарунак ад выпуску 2021 гады - 70 рублёў».

Другі пункт моцна збянтэжыў бацькоў, якія і так рэгулярна кожныя паўгода пералічвалі сумы ў апякунскую раду на патрэбы ўстановы. Паведамлялася, што «падарунак» ад выпуску будзе «звязаны з неабходнасцю ліквідаваць патрабаванні МНС у пажарнай бяспецы», а менавіта замену панэляў МДФ.

- Вось такі памятны падарунак ад выпускнікоў! Прычым сказалі, што яго лепш аплаціць гатоўкай, - распавядаюць бацькі.

Але гэта толькі пачатак. Неўзабаве прыйшлі расцэнкі і на сам выпускны. Варыянтаў было два: зняць залу ў Доме афіцэраў за 85$ ці застацца святкаваць у самой навучальнай установе за 60$.

Асобна варта было аплаціць харчаванне - яшчэ па 50 рублёў з чалавека.

- Шчыра кажучы, нашы дзеці ад такіх варыянтаў былі не ў захапленні. Сядзець у навучальнай установе, куды і так кожны дзень ходзіш, даволі дзіўна. Яшчэ больш дзіўна святкаваць выпускны ў Доме афіцэраў. Казалі: ды лепш мы ў піцэрыю з класам сходзім і без усялякіх «праблем».

Дарэчы, пра разыначкі. Арганізатары выпускнога ўсё ж надумалі не эканоміць. У меню брусчэта з пастрамой і апенькамі, тарталетка з французскім жульенам...

Што да самога фармату выпускнога, то і тут падышлі з размахам. Чырвоная дарожка, квадракоптэр, святлодыёднае і ілюзіён-шоў, сэлфі-спінэр (з бліскаўкамі і паветранадзімалкай).

- Нават каляровы дым на досвітку абяцалі, - адзначаюць бацькі.

На пытанне, чаму яны не адмовіліся ад такога фармату, кажуць, што пастанова прымалася калегіяльна бацькамі усіх выпускных класаў. Прынамсі, так ім было абвешчана.

- Таму атрымліваецца: альбо тваё дзіця ідзе на выпускны разам з усімі, альбо сядзіць дома, - тлумачаць яны. - Вядома, не будзеш псаваць свята ўласнаму дзіцяці. Хочаш-не хочаш, а вымушаны раскашэліцца.

Але і гэта яшчэ не ўсе выдаткі. Неўзабаве прыйшла новая вестка: на выпускны альбом збіраюць яшчэ па 70 рублёў.

Гэта значыць агулам нашым суразмоўцам давядзецца выкласці за выпускны блізу 400 рублёў. І гэта не лічачы ўборы і іншыя спадарожныя выдаткі.

- Шчыра кажучы, мы да апошняга былі ўпэўненыя, што гэта ў нашай навучальнай установе надумалі шыкануць. Аднак, пагаварыўшы з бацькамі іншых школьнікаў, высветлілася, што мы напраўду святкуем у эканом-рэжыме, - распавядаюць суразмоўцы «Салiдарнасцi». - У суседняй школе, напрыклад, на выпускны здаюць па 600 рублёў. А ў дачкі маёй сяброўкі наогул сабраліся адзначаць з лімузінам і саўнай.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках