26 красавiка 2024, Пятніца, 2:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забіць цмока

31
Забіць цмока
Наталья Радина

Стратэгія, якая дазволіць перамагчы рэжым Лукашэнкі.

28 траўня ў Вільні пачаў сваю працу X Форум свабоднай Расеі.

Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна ўдзельнічала ў панэльнай дыскусіі «Забіць цмока: стратэгіі апазіцыі ва ўмовах дыктатуры», падчас якой расказала пра сітуацыю ў Беларусі і стратэгію, якая можа прывесці да перамогі над рэжымам Лукашэнкі.

Сайт Charter97.org публікуе тэкст выступу:

– Я падкрэслю, што выступаю як журналістка і аналізую сітуацыю з другой паловы 1990-х гадоў, калі прыйшла ў прафесію.

Мне здаецца, што калі мы ацэньваем сітуацыю ў Беларусі, то яе нельга параўноўваць з сітуацыяй ва Украіне, Расеі, Грузіі, Кыргызстане, Малдове ці Сербіі, дзе адбыліся рэвалюцыі (у Расеі, вядома, яшчэ не адбылася) і дзе першапачаткова былі больш мяккія рэжымы.

Стартавыя ўмовы ў той самай Беларусі і Украіне першапачаткова былі рознымі, таму што Беларусь была больш саветызаванай, русіфікаванай і дэнацыяналізаванай рэспублікай. І гэта вельмі важна разумець.

Рэжым, які ўсталяваў Лукашэнка з першых дзён свайго кіравання, першапачаткова быў дыктатарскім. Захоп медыя, знішчэнне парламенцкай і судовай галінаў улады, узурпацыя паўнамоцтваў, фальсіфікацыя ўсіх выбараў і рэферэндумаў, стварэнне эскадронаў смерці, якія забівалі і выкрадалі лідараў апазіцыі... Усё гэта пачалося яшчэ ў 1990-я гады і дасягнула свайго піку ў 2020–2021 гадах. Увесь гэты час рэжым Лукашэнкі карыстаўся ўсебаковай эканамічнай і палітычнай падтрымкай Масквы. За гады ягонага кіравання рэжым атрымаў парадку 100 мільярдаў даляраў падтрымкі.

Тым не менш я павінна сказаць, што ўсе гэтыя гады ў Беларусі была даволі актыўная і моцная апазіцыя. Так, яна зыходзіла з канцэпцыі Джына Шарпа, так, апазіцыя прытрымлівалася негвалтоўнага супраціву, але ў сваіх дзеяннях яна зыходзіла ў тым ліку з стану беларускага грамадства, пра які я казала раней.

Але ў нас праходзілі маштабныя акцыі пратэстаў, якіх не было ў той самай Украіне да 2004 года, праходзілі масавыя акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў. У рух Супраціву ўваходзіла на самай справе вялікая колькасць людзей. І рэвалюцыя як такая ў Беларусі пачалася не ў 2020 годзе – яна пачалася ў 2017 годзе, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэстаў супраць падатку для беспрацоўных – «Маршы недармаедаў». Яны прайшлі ў дзясятках гарадоў. І Лукашэнку 25 сакавіка 2017 года давялося ўводзіць войскі ў горад для таго, каб спыніць гэтыя пратэсты, якія маглі сапраўды прывесці да зменаў у краіне.

У 2019 годзе частка апазіцыі – Беларускі нацыянальны кангрэс, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», сацыял-дэмакратычная партыя Міколы Статкевіча – удзельнічалі ў парламенцкіх выбарах, хоць да гэтага апазіцыя заўсёды байкатавала любыя фальшывыя выбарчыя кампаніі ў Беларусі. Скарыстаўшыся магчымасцю легальна праводзіць агітацыйную кампанію, яны змаглі даносіць да людзей інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне і заклікаць да адкрытага супраціву дыктатуры.

Тады ж адбыўся замер грамадскай думкі, і лідары апазіцыі казалі, што Лукашэнка на самай справе не карыстаецца ніякай падтрымкай насельніцтва, i сапраўдны ягоны рэйтынг у краіне складае блізу 3-5%.

Да 2020 года рэжым канчаткова дэградаваў. Вядома ж, і адсталая эканоміка, і эпідэмія COVID-19, якую ігнараваў Лукашэнку, чаму загінулі дзясяткі тысячаў чалавек у краіне – усё гэта дало свой эфект.

Самі масавыя пратэсты не былі для нас нечаканасцю. Іншая рэч, што калі кажуць пра памылкі, якія былі дапушчаныя, то трэба браць да ўвагі, што на чале пратэстаў не было рэальных лідараў апазіцыі. Рэальныя лідары былі арыштаваныя яшчэ напярэдадні самой выбарчай кампаніі. А рэальныя і моцныя кандыдаты нават не былі дапушчаныя да ўдзелу ў гэтых выбарах, частка з іх таксама патрапілі ў турмы.

На чале пратэстаў апынуліся людзі некампетэнтныя, і гэтая іх некампетэнтнасць прывяла да зніжэння ўзроўню пратэстаў. Сюды ж трэба дадаць маштабныя рэпрэсіі, якія Лукашэнка разгарнуў у краіне і якія доўжацца да гэтага дня. Усё гэта, вядома, згуляла сваю ролю, але я не казала б, што ў Беларусі больш немагчымыя якія-небудзь змены. Я не пагаджуся з песімізмам і Генадзя Гудкова, і Аркадзя Бабчанкі (якія выступілі ў дыскусіі раней – рэд.). Я ўсё ж такі мяркую, што патэнцыял для пратэстаў у Беларусі нікуды не дзеўся, ён застаўся.

Калі казаць пра стратэгію, якая можа быць у сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, то, у першую чаргу, гэта тры рэчы: санкцыі, страйкі і пратэсты. Сітуацыя з самалётам, якая сёння ўзнікла, гэты тэрарыстычны акт, прывяла да таго, што Еўропа нарэшце звярнула ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Таму што ў сілу нежадання Еўразвязу рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі, у сілу слабасці так званых «новых лідараў», якія сустракаліся ўвесь гэты час з сусветнымі палітыкамі і не заклікалі да сур'ёзных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, мы на сёння маем санкцыі меншыя, чым былі, напрыклад, пасля падзей 2010 года, калі Лукашэнка арыштаваў кандыдатаў у прэзідэнты і разагнаў акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

Сёння нарэшце да Захаду дайшло, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу не толькі для ўласнага насельніцтва, але і для бяспекі ўсяго свету. Мяне радуе, што нарэшце з Еўропы сёння гучаць галасы, што неабходна ўводзіць сектаральныя санкцыі супраць паставак нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў з Беларусі. Гэта гавораць ужо многія, у тым ліку і прадстаўнікі Нямеччыны. У гэтым кірунку і трэба прадаўжаць дзейнічаць.

Таму што персанальных санкцый на самай справе недастаткова, і неабходна патрабаваць менавіта эканамічных санкцый. Гэта можа сур'ёзна ўдарыць па рэжыме Лукашэнкі, гэта можа скараціць тэрмін ягонага кіравання, гэта можа разбурыць дыктатуру ў максімальна кароткія тэрміны і самае галоўнае – вызваліць палітычных зняволеных, якіх сёння ў Беларусі тысячы.

І людзі сёння ў беларускіх турмах паміраюць. Апошні выпадак забойства зняволенага ў турме Вітольда Ашурка паказвае, што трэба як мага хутчэй максімальна актыўна дзейнічаць і ціснуць на гэты рэжым. Таму патрэбныя эканамічныя санкцыі: нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, прадпрыемствы, дзе ўціскаецца працоўны рух, плюс банкі – ажно да адключэння сістэмы SWIFT.

Другі момант – страйкі. У сённяшняй сітуацыі яны магчымыя, таму што я размаўляла з працоўнымі лідарамі, з прадстаўнікамі страйкамаў розных прадпрыемстваў. Гэтыя страйкамы з’явіліся яшчэ ў 2020 годзе, калі пачаліся пратэсты, у тым ліку і на прадпрыемствах у Беларусі. Лідары працоўных кажуць пра тое, што ў прынцыпе, гэта сёння магчыма, і страйкі – гэта адносна бяспечны спосаб пратэстаў у Беларусі.

За гэты час, са жніўня 2020 года, у разы, нават у дзясяткі разоў, вырасла колькасць працоўных, якія ўвайшлі ў незалежныя прафзвязы і выйшлі з афіцыйных «прафзвязаў». Эканамічная сітуацыя ў Беларусі прадаўжае пагаршацца, таму што нават Расея сёння не падтрымлівае беларускі рэжым у тым аб'ёме, у якім раней падтрымлівала ў сілу розных прычынаў.

На самай справе сёння ідуць масавыя скарачэнні на ўсіх прадпрыемствах і заробкі, вядома ж, таксама падаюць. Я нагадаю, што Лукашэнка так і не выканаў сваё абяцанне, якое даваў гадоў 15 таму, што сярэдні заробак будзе складаць 500 даляраў. Да гэтага часу такога сярэдняга заробку ў краіне няма.

Таксама гатовыя страйкаваць прадстаўнікі прыватнага бізнэсу, таму што ідзе ягонае няспыннае ўцісканне, умовы працы вельмі цяжкія, і яны разумеюць, што страйк можа паўплываць на змяненне сітуацыі.

Трэці момант гэтай стратэгіі – гэта, вядома ж, пратэсты, якія, я перакананая, будуць прадаўжацца ў Беларусі. Цяпер ужо аднаўляюцца маршы пратэстаў у розных гарадах і раёнах Менска. Гэта ўнікальная беларуская з'ява – дваровая актыўнасць, калі людзі прадаўжаюць пратэставаць нават сваімі дварамі і мікрараёнамі ў гарадах, гэта значыць, ствараюцца такія супольнасці і даволі актыўна працуюць.

Як такія партызанскія акцыі ў Беларусі ўвесь гэты час не спыняліся. Яны як пачаліся ў жніўні, так да гэтага часу і праходзяць. Усё роўна людзі і распаўсюджваюць улёткі, і вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі. На барацьбу супраць гэтага выдаткоўваецца велізарная колькасць грошай, таму што міліцыя і АМАП вымушаныя патруляваць вуліцы, выклікаць тэхніку і МНС, каб зняць сцягі, усё гэта таксама вымотвае рэжым, у тым ліку і фінансава.

Я ведаю, што Лукашэнка сёння зайшоў у такую вось «зону памылак». І любая ягоная памылка прывядзе на самай справе да пратэстаў на новым узроўні.

Таму я мяркую, што калі мы будзем прытрымлівацца гэтай стратэгіі – санкцыі, страйкі, пратэсты, – то, у прынцыпе, у нас ёсць шанец перамагчы сёлета.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках