23 красавiка 2024, aўторак, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі да вас прыйшоў мядзведзь

5
Калі да вас прыйшоў мядзведзь
Владимир Халип

Для аблавы трэба склікаць народ.

Амерыканцы паведамілі, што іх касмалёт з двума пілотамі падняўся на вышыню 55 міль. Выйшаў на мяжу космасу. І, натуральна, вярнуўся. Неверагодна прыгожая штука гэты касмалёт. І вялікая вышыня для такіх лятальных апаратаў - не рэкорд. Перспектывы проста фантастычныя. Нават звычайны авіяпасажыр зможа неўзабаве зазірнуць з той няўяўнай вышыні проста ў космас. Калі хопіць грошай на білет.

Аднак чужым поспехам зайздросціць не варта. У нас сваіх дасягненняў - не злічыць. Асабліва экзатычных. Усім даўно вядома, што наша магутная прамысловасць працуе на мяжы магчымага. А дасягненні зняважанай навукі ўвогуле зашкаліла. Тэлевізія настойліва запэўнівае, што і мы - касмічная дзяржава. А што не атрымліваем пакуль вестак з іншых планет, дык гэта таму, што ў тутэйшага кіраўніцтва зусім не тыя прыярытэты. І нейкі раптоўны палёт у іанасферу тут не паказчык. Кожная хатняя гаспадыня ведае, што цэны ў нас упэўнена сыходзяць у космас, і вяртацца не спяшаюцца. І наогул, тут бы дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца. А калі гэтае самае ноч упэўнена ўступае ў свае правы, такое адбываецца!..

Не, кашмарная чупакабра ўжо даўно не з'яўлялася. А ўсякія там здані і іншая нечысць даўно рассеяліся па цёмных закутках. І злосны цмок з трымя галовамі на гарызонце ўжо даўно не пралятаў. Але вось у ціхай вёсцы Шабынькі позна вечарам вярнулася жанчына дадому пасля працы, і што ж яна бачыць? Прама ля ганка яе дома калышацца жудасны цень - велічэзны, двухметровы. Пасвяціла ліхтарыкам - дык гэта ж мядзведзь!

Потым ужо высветлілася, што гэты блукаючы ў поцемках звер вядомы многім. Ніякай містыкі - звычайны лясны жыхар. Панадзіўся ў Барысаўскім раёне блукаць па дварах і агародах. Скаціну не чапае. Нават на скандальных сабак не нападае. Прынюхваецца. Прыглядаецца. Магчыма, з намерам асталявацца. Усур'ёз і надоўга. Не падазраючы нават пра тое, што ў яго ёсць канкурэнты, ды яшчэ якія.

А ўпершыню, толькі выйшаўшы з лесу, адведаў ён вёску Сыч. Зазірнуў на пчальнік мясцовага пчаляра. Разбурыў некалькі вуллёў. У хлявы не заглядваў. Грошай не патрабаваў. Проста насыціўся мёдам. Гаспадар сядзібы, чалавек бывалы, зрабіў усё магчымае, каб нахабны візіцёр больш яму не дапякаў. Паставіў светлавы датчык руху. А ў дадатак яшчэ і сірэну. Падрыхтаваў нават петарды, каб ладна напалохаць. І ўсё дарма. Раніцай выявіў, што ўначы былі спустошаныя яшчэ тры вуллі.

Пагалоска пра спрытнага і хітрага аматара мёду імгненна разляцелася па акрузе. Пчаляр з суседняй вёскі паспрабаваў адпудзіць нахабнага рабаўніка нейкiм адмысловым званком. А ў дадатак прыстасаваў яшчэ і бездакорную сістэму, званую электрапастухі. Любую скаціну гэтая быццам бы сціплая расцяжка здольная абразуміць. Але раніцай усім стала зразумела, што начному госцю на ўсе вынаходкі начхаць. Ён разарыў вуллі, зжор мёд, пяргу і нават расплод.

Заставалася хіба што выклікаць на месца рабавання міліцыянтаў. Тыя вывучылі сутнасць праблемы. Высветлілі адназначна, што сітуацыя палітыкай не пахне. І ўсё добра сапхнулі на эколагаў. А чаго важдацца з гэтым бадзяжным мядзведзем? На дэманстрацыі не ходзіць. Сцягам не размахвае. Мітынгі не наведвае. На ўгоддзі ЦАЛ ДЫЛ БІЕ або наваколлі стратэгічнага бункера не замахваецца. Дык і няма чаго тут мітусіцца дарма. Падумаеш, праблему знайшлі - мядзведзь пчальнік адведаў. Звычайная з'ява прыроды. Вось хай і думаюць тыя, каму належыць.

Думалі, аднак, не адны эколагі. І не толькі пра мядзведзя. Задумалася сур'ёзна і прыдворная дама, вядомая ўсім проста феерычным падлікам галасоў на папярэдніх выбарах. А ці не тая гэта самая пара, калі ёй варта было б зноў паказацца народу? І не з пустымі рукамі, а ў поўным узбраенні перадавой рэжымнай думкі аб няўхільным руху наперад. Пра тое, што неадкладна павінны быць прыняты захады. Якія? Ды ўсё тыя ж - жорсткія і бескампрамісныя. Каб тыя, што з трэскам прайгралі, маглі і далей заставацца на сваіх месцах. А таму усяму народу трэба так перайначыць лад думак, каб немагчымым стаў для ўспрымання ніякі іншы пункт гледжання, акрамя патрыятычнага.

І што дзіўна, амаль ва ўнісон з гэтай глыбакадумнай сентэнцыяй адгукнулася нядрэмнае рэха. І не ў Драздах, у Азёрным або на невядомых мядзведжых сцежках яно ўзнікла раптам, што было б яшчэ зразумела. А недзе далёка на ўсходзе, на самым краі зямлі прагучала гэткая ж упэўненая думка: «Краіна можа стаць уразлівай і ў канчатковым выніку рухне, калі мы не будзем прытрымлівацца нашага ўласнага ладу жыцця». Гэта няўрымслівы Кім Чэн Ын унёс свой неацэнны ўклад у развіццё сучасных дыктатарскіх ідэй. І заадно патлумачыў, чаму яго падданым забароненыя адгэтуль стрыжкі неўстаноўленага ўзору і вузкія джынсы заадно.

Дзе Паўночная Карэя і дзе быццам бы еўрапейская Беларусь, а аднадумства проста зашкальвае. А як жа інакш? Пункт гледжання павінны быць адзін на ўсіх. Як прычоска ўстаноўленага ўзору. А інакш рухне магутная краіна - гэтая ці тая.

А што ж наш мядзведзь? Так і блукае па садах і гародах? І няма на яго ніякай управы? Чаго хаваць - праблема сапраўды цяжкая. Аднак і яе развязанне быццам бы намецілася. Знайшоўся ў мясцовым сельсавеце чалавек, які прапанаваў спосаб просты, але радыкальны. Вырабіць надзейную клетку. Абсталяваць падыходнае аўто. Для аблавы склікаць народ. І перасяліць аматара трафейнага мёду ў дальні квартал лясніцтва. Бліжэй да запаведніка.

Ці не той гэта спосаб, які дапамог бы і ўсёй краіне справіцца з яе стыхійным бедствам? Народу сёння вельмі цяжка жыць. Але яшчэ цяжэй з кожным днём дыктатарам, вялікім і дробным. Свет стаў для іх чужым і няўтульным. Мала мёду. Мала грошай. І занадта шмат праблем. Да таго ж і народ ужо зусім не той. А таму рана ці позна давядзецца завяршаць гэтую зацягнутую бяседу. Прыдатны запаведнік ёсць. Дзесьці на ўсходзе. Калі рушыць напрасткі і не адцягвацца. Рана ці позна там збяруцца ўсе дыктатары. А таму ўжо цяпер было б ім прасцей збіцца ў зграю. І адысці ўглыб лесу.

Назаўжды.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках