29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць дыктатарскіх рэжымаў працуюць – гэта факт!

9
Санкцыі супраць дыктатарскіх рэжымаў працуюць – гэта факт!

Ужыванне жорсткіх санкцый да Лукашэнкі вельмі хутка можа вызваліць усіх палітвязняў.

Ужыванне любых санкцый да рэжыму ў Беларусі маральна апраўданае, паколькі мае на мэце выратаванне жыцця і здароўя людзей.

Санкцыі дапамаглі пазбавіцца ад таталітарных камуністычных рэжымаў у СССР і ў "краінах сацыялістычнага лагеру". Санкцыі дазволілі выратаваць жыцці тысячаў палітычных зняволеных ва ўсім свеце – і гэта самае галоўнае.

Гісторыя санкцый, якія ўводзяцца супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі – вельмі простая: рэальных доўгатэрміновых санкцый, якія маглі б даць неабходны вынік, перш за ўсё ў галіне абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў, ніколі не было. У той самы час нават кароткатэрміновае ўвядзенне санкцый адразу ж прыводзіла да канкрэтных вынікаў, сярод іншага да вызвалення палітвязняў.

Так было, калі ЗША ўвялі санкцыі супраць Белнафтахіма ў 2008 годзе, патрабуючы вызвалення кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, які знаходзіўся ў турме. Праз некалькі месяцаў Казуліна вызвалілі.

Так было і ў сакавіку 2012 года, калі Еўразвяз увёў санкцыі супраць некаторых "кішэняў" дыктатара і іхніх кампаній. Менш чым праз месяц вызвалілі аднаго з лідараў апазіцыі Змітра Бандарэнку і мяне.

Ёсць у санкцый і іншы бок: калі іх скасоўваюць, нягледзячы на адсутнасць паляпшэнняў з правамі чалавека, дыктатары ўспрымаюць такія пастановы як сігнал да далейшых рэпрэсіяў.

Так адбывалася ў Беларусі. Пасля скасавання Еўразвязам санкцыяў у 2016 годзе рэжым Лукашэнкі з дапамогай грашовых уліванняў Захаду, стаў рыхтавацца да цяперашніх беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў, да ўжывання нябачанага з часоў Другой сусветнай вайны гвалту ў дачыненні да мірных грамадзянаў. У вайне супраць беларусаў карнікі, дарэчы, ужывалі польскія гумовыя кулі, чэшскія гранаты, канадскія вадамёты, амерыканскія тэхналогіі сачэння і блакавання інтэрнэту і да т.п.

Вось пра гэта варта памятаць: санкцыі дазваляюць дамагацца паляпшэння становішча з правамі чалавека, а скасаванне санкцый абавязкова вядзе да пагаршэння гэтага становішча.

Варта таксама падкрэсліць, што санкцыі – гэта зусім не стратэгія стасункаў з дыктатурай. Гэта інструмент, які дазваляе ўплываць на рэжым для выратавання людзей. У той самы час без такога інструменту наўрад ці можа з'явіцца і быць рэалізаваная якая-небудзь разумная палітыка.

Санкцыі бываюць розныя. Самыя эфектыўныя – гэта эканамічныя, гандлёвыя, фінансавыя. Дэмакратычныя краіны ўводзяць іх неахвотна, тлумачачы рознымі прычынамі: ад геапалітычных да гуманітарных, аднак на паверку часцей за ўсё высвятляецца, што нежаданне звязанае з наяўнасцю канкрэтных інтарэсаў у асобных урадаў, якія зацікаўленыя ў бізнэсе з дыктатарам.

Знаходзяцца і ў нас дзеячы, якія любяць паразважаць, што санкцыі неэфектыўныя, або крывадушна сцвярджаць, што "санкцыі пашкодзяць народу Беларусі". За ўсімі гэтымі развагамі стаіць альбо праплачаная, альбо заснаваная на кампрамаце праца на "адбельванне" рэжыму Лукашэнкі.

З таго ж разраду – грозныя патрабаванні кропкавых санкцый. За кропкавыя санкцыі ў Еўропе ўважаюць проста абмежаванне на турыстычныя паездкі ў Шэнгенскую зону. Так што заклік да кропкавых санкцый расшыфроўваецца так: "уводзьце любыя персанальныя санкцыі, толькі не ўжывайце больш сур'ёзных захадаў".

Варта адразу агаварыць, што ўжыванне любых санкцый да рэжыму ў Беларусі маральна апраўданае, паколькі мае на мэце выратаванне жыцця і здароўя людзей. Як падкрэслілі ЗША, прымаючы пастанову пра аднаўленне санкцый, галоўнай прычынай сталі абуральныя парушэнні правоў чалавека, а галоўным патрабаваннем – вызваленне ўсіх зняволеных, якія пераследуюцца з палітычных прычынаў.

Самай слабой разнавіднасцю санкцый у дачыненні да Беларусі з'яўляюцца якраз персанальныя санкцыі. Яны могуць быць эфектыўнымі ў дачыненні да Расеі, дзе многія асобы беспакарана здзяйснялі злачынствы і маюць вялікія актывы на Захадзе і для якіх забарона на ўезд у Еўропу ці ЗША балючая, аднак беларускія слугі рэжыму знаходзяцца ў іншым становішчы. Яны практычна не маюць маёмасных або фінансавых інтарэсаў на Захадзе.

Персанальныя санкцыі эфектыўныя, калі яны ўводзяцца адразу ж пасля жорсткага ўціску мірных пратэстаў і ахопліваюць вялікую колькасць вінаватых афіцыйных асобаў рэжыму, як гэта было ў 2011 годзе.

Персанальныя санкцыі былі б эфектыўныя, калі б іх дзеянне было сталым. Калі ж, як у выпадку з Беларуссю, Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да некалькіх сотняў злачынцаў пасля разгону пратэстаў у 2010 годзе, а потым у 2016 годзе іх скасаваў, хоць сітуацыя ў Беларусі не змянілася, то такія захады толькі спрыялі росту рэпрэсій. Атрымалася так, што зняўшы санкцыі з вінаватых у рэпрэсіях, Еўразвяз зняў з іх і ўсе абвінавачванні, паколькі залежны суд у Беларусі не дазваляе нават заводзіць справу ў дачыненні да фальсіфікатараў выбараў і карнікаў з ліку сілавікоў, і толькі міжнародная супольнасць можа даць ацэнку злачынным дзеянням афіцыйных асобаў.

Больш эфектыўным інструментам персанальных санкцый з'яўляецца закон Магніцкага, паводле якога не так проста скасаваць санкцыі супраць асобаў, у дачыненні да якіх дзейнічае гэты закон. Пакуль гэты закон не быў ужыты да вінаватых у злачынствах на тэрыторыі Беларусі.

Што важна выконваць пры ўвядзенні санкцый?

– Любая заўчасная інфармацыя пра тое, што будуць уведзеныя санкцыі, якая надалей не пацвярджаецца, вядзе да ўпэўненасці рэжыму ў сваёй беспакаранасці.

– Умовы для зняцця санкцый павінны быць рэалістычнымі і выразна сфармуляванымі. Умовы, якія былі вызначаныя ЕЗ у 2011 годзе, не былі выкананыя, тым не менш санкцыі ў 2016 былі знятыя.

– Неабходна больш строга сачыць за выкананнем санкцый і прадугледжваць адпаведныя захады пакарання ў выпадку іх парушэння з боку дэмакратычных дзяржаваў. На жаль, прыкладаў такіх парушэнняў даволі шмат, а пра наступствы ў сувязі з такімі парушэннямі ніхто не чуў.

На Захадзе любяць разважаць пра мэтазгоднасць увядзення санкцый супраць дыктатуры, пра іх характар і формы, пра тое, што занадта сур'ёзныя санкцыі могуць стварыць пагрозу незалежнасці Беларусі з боку Расеі, аднак менавіта заходнія санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў, што сілкуюць рэжым, суцішылі б апетыты Крамля, паколькі гэта павялічвае рызыкі для бізнэсу, нават лаяльнага да расейскіх уладаў.

Сведчаннем таму – насцярожанае стаўленне расейскіх нафтавых кампаній да паставак нафты ў Беларусь праз санкцыі ЗША і скарачэнне такіх паставак на "Нафтан" і Мазырскі НПЗ.

Санкцыі Захаду юрыдычна і маральна апраўданыя, паколькі ўводзяцца на падставе найгрубейшых парушэнняў рэжымам міжнародных абавязальніцтваў і маюць на мэце абарону жыцця і здароўя людзей, вызвалення невінаватых.

Ужыванне жорсткіх санкцый да рэжыму ў Беларусі вельмі хутка магло б прывесці да вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», europeanbelarus.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках