24 красавiка 2024, Серада, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі з ячэек аднаго з банкаў выкралі грошы

12
У Беларусі з ячэек аднаго з банкаў выкралі грошы

Сума шкоды - 660 тысяч даляраў.

Банкі размяшчаюць фінансавыя справаздачы аб сваёй працы за 2020 год. У іх можна знайсці ў тым ліку звесткі аб актывах, абавязаннях, уласным капітале, стратах, прыбытках. Але сустракаецца і дадатковая інфармацыя. Да прыкладу, у аўдытарскай справаздачы па працы Парытэтбанка паведамляецца, што з банкаўскіх ячэяк былі выкрадзены грашовыя сродкі, сума шкоды - 660 тысяч даляраў.

Што кажуць аўдытары пра выкрадзеныя 660 тысяч даляраў, маральнай страты і выдаткаў на юрыстаў

У аўдытарскай выснове гадавой індывідуальнай бухгалтарскай справаздачнасці Парытэтбанка паведамляецца пра ўмоўныя абавязанні банка. Іх вызначаюць як магчымыя, якія паўсталі як вынік мінулых падзей.

«У банку маецца пастанова суда ад 2020/11/26, якой вызначана спагнаць з банка на карысць фізічных асоб па іх пазову да банка ў сувязі з невыкананнем банкам умоў дамоў банкаўскага захоўвання, у выніку чаго былі выкрадзеныя грашовыя сродкі, якія знаходзіліся ў банкаўскіх ячэйках: суму шкоды 660 тысяч даляраў ЗША, суму кампенсацыі маральнай шкоды 750 рублёў, выдаткі на аказанне юрыдычнай дапамогі - 10 269,54 рубля», - гаворыцца ў аўдытарскай справаздачы.

У аўдытарскай справаздачы паведамляецца, што ў лютым гэтага года банк падаў апеляцыйную скаргу на пастанову суда Цэнтральнага раёна Менска.

«Банк не мае магчымасці з дастатковай доляй верагоднасці спрагназаваць вынік разгляду скаргі банка судом апеляцыйнай інстанцыі і вызначыць суму страты банка з дастатковай ступенню надзейнасці, - гаворыцца ў справаздачы. - Разам з тым, прымаючы пад увагу вышэй сказанае, а таксама кіруючыся довадамі банка, пакладзенымі ў аснову апеляцыйнай скаргі банка, улічваючы, што юрыдычна значныя абставіны для развязання гэтай справы па сутнасці засталіся нявыяўленыя пры вынясенні пастановы суда, банк ацэньвае імавернасць скасавання пастановы суда Цэнтральнага раёна Менска ад 2020/11/26 досыць высокай».

Пры гэтым адзначаецца, што банк прызнае гэтую падзею (сітуацыю з выкрадзенымі грашыма. – Заўвага рэд.) як умоўнае абавязанне, рэзерв па якім не ствараецца і не адлюстроўваецца ў бухгалтарскім уліку і ў бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці.

Што кажуць кліенты, у самім банку, а таксама ў Нацбанку

Па нашай інфармацыі, гаворка ідзе пра трох кліентаў банка. Двое з іх паведамілі, што ў красавіку ўжо была апеляцыя. Адна з іх распавяла, што было прынятае рашэнне на карысць банка, грошы яму нібыта не будуць вяртаць. Другі кліент паведаміў, што рашэнне па апеляцыі не ведае, але яму грошы вярнулі задоўга да яе разгляду. Рашэнне суда па апеляцыі мае намер даведацца найбліжэйшым часам. Трэці кліент распавёў, што не валодае інфармацыяй, ці было пасяджэнне па апеляцыі, але таксама мае намер даведацца пра гэта на гэтым тыдні.

Паводле нашай інфармацыі, як мінімум некаторыя судовыя паседжанні ў гэтай справе былі закрытымі.

Tut.by не ўдалося даведацца ў Парытэтбанку падрабязнасці што да гэтай сітуацыі. У банку паведамілі, што сваю пазіцыю ў гэтым пытанні яны выказалі ў каментары «Еўрарадыё».

- Мы не можам каментаваць узаемаадносіны банка з канкрэтнымі кліентамі. Разам з тым хацелася б адзначыць, што Парытэтбанк у сваёй дзейнасці беспярэчна выконвае патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, - прыводзіць адказ банка выданне.

Прэс-служба Нацбанка, як паведамляе «Еўрарадыё», пацвярджае, што інцыдэнт са стратай сродкаў з ячэйкі Парытэтбанка меў месца, але разгорнутых каментароў таксама не дае:

- Банк прымае неабходныя захады для развязання гэтай праблемы, і, паводле нашай інфармацыі, цяпер гэта пытанне знаходзіцца ўсё яшчэ ў стадыі судовага разгляду. Адпаведна, якіх-небудзь дадатковых каментароў на гэтым этапе мы не лічым магчымым даваць.

Як паведамілі tut.by у кол-цэнтры Парытэтбанка, цяпер банк не падае паслуг ячэек або сейфаў.

Нагадаем, у 2020 годзе ўлады Беларусі прадалі дзяржаўны Парытэтбанк кампаніі Beristore Holdings Limited, асноўным бенефіцыярам якой з'яўляецца расейскі прадпрымальнік Саід Гуцарыеў.

Калі глядзець вынікі працы банка за 2020 год, то кліенцкая база што да фізічных асоб вырасла на + 71% да 2019-га, а па юрыдычных асобах - на 15%. Прыбытак банка ў 2020-м склаў 1 мільён 151 тысячу рублёў (годам раней - 582 тысячы рублёў).

А банкі нясуць адказнасць за захаванасць змесціва ячэйкі?

Да прыкладу, у Прыёрбанку дамовай банкаўскага абслугоўвання прадугледжана, што выдаванне індывідуальнага банкаўскага сейфа (ячэйкі сейфа) у часовае карыстанне - без адказнасці банка за захаванасць змесціва.

Беларусбанк гатовы даць кліенту за ўзнагароджанне ў часовае карыстанне дэпазітны сейф без адказнасці банка за яго змесціва для захоўвання прадметаў банкаўскага захоўвання (грашовыя сродкі, каштоўныя паперы, каштоўныя металы, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні, дакументы і іншыя каштоўнасці) і забяспечыць ахову дэпазітнага сейфа.

Белаграпрамбанк нясе адказнасць перад кліентам толькі за несанкцыянаваны доступ да індывідуальнага сейфа (ячэйку) іншых асоб. «У выпадку ўзнікнення ў кліента з віны банка маёмаснай шкоды, выкліканай несанкцыянаваным доступам да індывідуальнага сейфа (ячэйкі), банк выплачвае шкоду ў беларускіх рублях у прычыненай суме паводле афіцыйнага курса беларускага рубля, устаноўленага Нацыянальным банкам на дзень ажыццяўлення плацяжу, - гаворыцца ва ўмовах выдачы ў часовае карыстанне індывідуальнага сейфа (ячэйкі). - Сума шкоды вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, пры гэтым максімальная сума шкоды, што пакрываецца банкам, не можа перавышаць суму, эквівалентную адной тысячы даляраў ЗША».

У БПС-Ашчадбанку ўдакладняюць, што не нясуць адказнасці за страту або пашкоджанне ўкладанняў, які знаходзяцца ў сейфе, у наступных выпадках:

з прычыны дзеяння абставін непераадольнай сілы - стыхійных бедстваў, аварый, катастроф, пажараў, вайсковых канфліктаў і ўзброеных беспарадкаў, і іншых абставін, узнікненне якіх немагчыма было ні прадбачыць, ні прадухіліць;

у выпадку канфіскацыі, арышту змесціва ў сілу заканадаўства, судовай пастановы, рашэння, пастановы альбо iншага акта ўпаўнаважанага дзяржоргана альбо службовай асобы.

Пры гэтым банк нясе адказнасць за захаванасць укладання пасля прымусовага адкрыцця сейфа ў адсутнасць кліента (але ёсць выключэнні).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках